Заіка пра Эўразійскі саюз: «Два плюсы і пяць мінусаў для Беларусі»

Астана, 29 трашня 2014

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Стратэгія Леанід Заіка так пракамэнтаваў Свабодзе сёньняшняе падпісаньне ў Астане Дамовы аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу.
Заіка: «Любая краіна, любая, якая ўступае ў інтэграцыю, атрымлівае выйгрыш за кошт павелічэньня эканамічнай прасторы. Што тычыцца гэтага канкрэтнага саюзу, то Беларусь будзе карыстацца энэргетычнымі рэсурсамі Расеі. Але не на поўную катушку, а праз фільтар. Аднак і гэта вельмі для нас важна, бо знайсьці нейкага іншага партнэра з падобнымі энэргарэсурсамі мы ня можам. Гэта — плюсы.

А мінусы ведаюць спэцыялісты. Пункт першы — павялічваецца канкурэнцыя на рынку трох краін. Пункт другі — у выніку канкурэнцыі пэўная колькасьць беларускіх прадпрыемстваў збанкрутуе. Я лічу, што гэта можа быць да 15% ад агульнай колькасьці. Пункт трэці — цэны на энэргарэсурсы і тавары зь іх застаюцца рэгуляванымі. Сапраўднага энэргарынку ня будзе. І гэта таксама мінус. Пункт чацьверты — Беларусь сутыкнецца зь неабходнасьцю структурнай перабудовы. То бок давядзецца зьмяняць пэўныя парамэтры падзелу працы.

І, нарэшце, пункт пяты — Беларусі давядзецца сустрэцца з наступам магутнага расейскага бізнэсу. У нас няма буйных прыватных структураў. А свабоднае перасоўваньне капіталу зь любой з трох краін, якое прапісанае ў Дамове, азначае, што расейскі капітал можа свабодна прыходзіць да нас, купляць, набываць, захопліваць беларускія прадпрыемствы. І гэта, бадай, самы сур’ёзны пункт».