Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дамову пра Эўразійскі саюз падпісалі. Лукашэнка незадаволены


Уладзімір Пуцін, Нурсултан Назарбаеў і Аляксандар Лукашэнка ў Астане
Уладзімір Пуцін, Нурсултан Назарбаеў і Аляксандар Лукашэнка ў Астане

Новая міжнародная арганізацыя - Эўразійскі эканамічны саюз – абвешчана сёньня на саміце Расеі, Беларусі і Казахстана. Лідэры трох краінаў падпісалі трохбаковую дамову на сустрэчы ў Астане.

Дамова аб Эўразійскім эканамічным саюзе павінна ўступіць у сілу 1 студзеня 2015 году.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў у Астане сёньня:

«Мы сьвядома падышлі да падпісаньня дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе. Па максымуму адстойвалі свае інтарэсы, з павагай ставіліся да пазыцыі партнэраў, правялі пільны аналіз дакумэнта, адзначылі яго пазытыўныя бакі. Але не сказаць пра тое, што некаторыя незадаволенасьці маюцца, я не магу. У нас ёсьць яшчэ магчымасьць зрабіць нашыя дамоўленасьці лепей да ўзаемнай выгады ўсіх удзельнікаў дамовы».

На відэа цырымоніі таксама відаць, што Лукашэнка, у адрозьненьне ад Назарбаева і Пуціна, ня пляскаў у далоні пасьля падпісаньня.
Цырымонія падпісаньня дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:24 0:00


Пры гэтым Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што да Эўразійскага саюзу некалі далучыцца Ўкраіна: «Кагосьці мы гублялі на гэтым шляху, маю на ўвазе Ўкраіну часоў Кучмы, якая гэтак жа пачынала з намі гэтую цяжкую працу. Але, на жаль, ноша аказалася вельмі цяжкай для Ўкраіны. Я перакананы, што рана ці позна кіраўніцтва Ўкраіны зразумее, дзе ляжыць яе шчасьце».

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін сказаў: «Хацеў бы адзначыць, што гэта вынік нашай сумеснай працы, шчыльнага ўзаемадзеяньня ўрадаў Расеі, Беларусі і Казахстану. Сёньня мы разам ствараем моцны, прыцягальны цэнтар эканамічнага разьвіцьця, буйны рэгіянальны рынак, які аб’ядноўвае каля 170 мільёнаў чалавек».

Пуцін таксама заявіў: «Важна, што перадача асобных паўнамоцтваў нацыянальным органам саюзу не наносіць абсалютна ніякага ўрону сувэрэнітэту нашых краінаў. Узаемная выгада інтэграцыйных працэсаў пацьвярджаецца на практыцы. Пашыраюцца эканамічныя сувязі Расеі Беларусі і Казахстану, удасканальваецца структура гандлю, павышаецца доля высокатэхналягічных тавараў, мацуецца канкурэнтная здольнасьць нашых краінаў ў сусьветнай эканоміцы».

Паводле кіраўніка Казахстану Нурсултана Назарбаева, «падпісаньне дамовы азнаменуе якасна новы этап разьвіцьця інтэграцыі на эўразійскай прасторы. Дамова атрымалася, я лічу, узважанай, пісьменнай, улічваючы інтарэсы ўсіх нашых дзяржаваў».

Назарбаеў таксама заявіў: «Найперш саюз зьяўляецца эканамічным і не закранае пытаньні незалежнасьці, палітычнага сувэрэнітэту дзяржаваў — удзельнікаў інтэграцыйнага працэсу».

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч рэзка нэгатыўна ацаніў удзел Беларусі ў падпісаньні 29 траўня 2014 году дамовы пра стварэньне Эўразійскага эканамічнага саюза.

«Удзел Рэспублікі Беларусь у гэтым чарговым інтэграцыйным утварэньні не адпавядае беларускім нацыянальным інтарэсам. Эўразійскі саюз можа нанесьці шкоду народнай гаспадарцы Беларусі і балюча ўдарыць па дабрабыту ўсіх нашых суайчыньнікаў. Ад яго выйграе толькі расейская эканоміка, якая атрымае бесьперашкодны доступ да беларускіх працоўных і гаспадарчых рэсурсаў. Агрэсіўны расейскі алігархічны капітал, які ёсьць зброяй у руках сучаснага расейскага імпэрыялізму, можа разбурыць беларускі нацыянальны бізнэс».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG