Сойм Партыі БНФ асудзіў улады Украіны за палітычны канфлікт

«Віна за паглыбленьне палітычнага канфлікту ва Ўкраіне ляжыць на цяперашнім кіраўніцтве краіны, якое насуперак чаканьням нацыі адмовілася ад эўрапейскай інтэграцыі і стала на шлях сілавога падаўленьня мірных пратэстаў і прыняцьця рэпрэсіўных законаў», — гаворыцца ў заяве Партыі БНФ, прынятай 25 студзеня на паседжаньні Сойма арганізацыі.
«Інтарэсам беларускай нацыі адпавядае свабодная Ўкраіна, незалежная ад расейскага імпэрыялізму і свабодная ў рэалізацыі праэўрапейскіх памкненьняў украінскага народу», — падкрэсьліваецца ў заяве.

Паводле Партыі БНФ, вялікай небясьпекай для Беларусі «зьяўляецца пагроза зьнішчэньня грамадзянскіх правоў і свабод ва Ўкраіне, а таксама пагроза дэзарыентацыі Ўкраіны праз умяшальніцтва замежных сіл з Усходу».

«Паводле складзенага становішча, мы маем права сьцьвярджаць, што першапрычынай глыбокага палітычнага крызісу ва Ўкраіне стала супрацьдзеяньне праэўрапейскаму выбару ўкраінскага народу, інсьпіраванае і падтрыманае Масквой з мэтай рэалізацыі яе геапалітычных інтарэсаў», — гаворыцца ў дакумэнце.

Партыя БНФ выказвае шчырыя спачуваньні ўсім, хто пацярпеў падчас сутыкненьняў у Кіеве, Чаркасах і іншых украінскіх гарадах. «Мы глыбока смуткуем па тых, хто загінуў падчас сутыкненьняў, выказваем глыбокае спачуваньне сваякам загіблых у змаганьні за свабоду. Асаблівую жалобу мы перажываем у зьвязку з гібельлю ў Кіеве беларуса Міхаіла Жызьнеўскага, мужнага сына беларускага народу і сьмелага змагара за свабоду народу ўкраінскага», — падкрэсьліваецца ў заяве.

Партыя БНФ таксама выказвае спадзяваньне, што «палітычнай эліце Ўкраіны хопіць волі і мужнасьці для вырашэньня палітычнага канфлікту мірным шляхам, празь перамовы на падставе ясна прадэмантраванага імкненьня ўкраінскай нацыі да дэмакратычнай і свабоднай Украіны ў супольнасьці свабодных народаў Эўропы».