Журналіст «Свабоды» вымушана эміграваў з Украіны

Віталь Портнікаў

Вядомы ўкраінскі журналіст і тэлевядучы Віталь Портнікаў пакінуў Украіну.
Паводле яго словаў, з расейскіх крыніцаў ён атрымаў інфармацыю пра тое, што яго плянуюць зрабіць «новым Георгіем Гангадзэ», піша «Українська правда».

«Давяраць гэтым крыніцам у мяне ёсьць усё падставы», — падкрэсьліў журналіст. Ён таксама зазначыў, што ў аўторак да яго дадому намагаліся патрапіць трое невядомых мужчын спартовай зьнешнасьці.

«Гэта ўсё частка цэлага пляну», — зазначыў ён. Паводле словаў Портнікава, пра небясьпеку яго папярэдзілі адразу пасьля сустрэчы з амбасадарамі краін Эўразьвязу, дзе ён распавядаў разам з прадстаўнікамі апазыцыі аб праблемах у краіне, у тым ліку, пра напады на журналістаў.

«Адразу пасьля гэтага пачалася кампанія па дыскрэдытацыі маёй асобы», — адзначыў ён. Зараз журналіст знаходзіцца за межамі Ўкраіны.

Найбліжэйшым часам ён зробіць афіцыйную заяву пра тое, што адбылося.