Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў пераўтвараюць у горад гопнікаў — Портнікаў


«Гопнікі» на вуліцах — гэта ня толькі для Майдану. Гэта для Кіева, піша ВІталь Портнікаў, які сёньня пад пагрозай перасьледу з боку ўладаў пакінуў Украіну.

Не спрабуйце знайсьці палітычнай лёгікі ў вар’яцкім рашэньні вывесьці на вуліцы начнога горада атрады «гопнікаў» , гатовых за капейкі «дубасіць» першага сустрэчнага. Не вычэрчвайце складаныя схемы, паводле якіх атрады цітушак, як пераможная армія, павінны былі сустрэцца гэтай ноччу на вуліцах, якія вядуць да Майдану і ўзяць у кола лягер пратэсту. Не даказвайце у камэнтарах, што ўсё, што адбываецца — прэлюдыя да ўвядзеньня прэзыдэнтам Віктарам Януковічам надзвычайнага становішча ў краіне.

Віталь Портнікаў
Віталь Портнікаў
Ва ўсім гэтым так жа шмат палітыкі, як у сварцы зьняволеных з-за няправільнай «прад’явы». Калі ўлада сапраўды хоча разграміць лягер на Майдане, яна будзе дзейнічаць з дапамогай так званых «праваахоўнікаў» са зброяй — балазе, зараз у яе куды больш законных, выбачаюся за аксюмаран, падставаў, рушыць «Беркут» на плошчу ўкраінскай свабоды. Калі прэзыдэнт сапраўды хоча ўвесьці надзвычайнае становішча — то няўжо кругласутачнае супрацьстаяньне на Грушэўскага не магло б стаць для яго дастатковай падставай?

Не, «гопнікі» на вуліцах — гэта ня толькі для Майдану. Гэта для Кіева. Жыхары горада, якія падтрымліваюць мірны пратэст, павінны дакладна разумець, у якой атмасфэры яны будуць жыць, калі працягнуць праяўляць непакорлівасьць і непавагу да простых законаў сьвету, якія хочуць выбудаваць у нашай краіне з дапамогай крамлёўскіх дарадцаў, выведнікаў і падмятайлаў. Цярпець, маўчаць, баяцца! Сядзець дома, глядзець па тэлевізары забаўлялку, рыхтавацца да працоўнага дня, слухаць прэзыдэнцкія звароты і радавацца. Інтэрнэт — для гульняў. Галава — для супу. Кашалёк — для падатковай інспэкцыі. Кінатэатар — каб абрагатацца. Адпачынак — каб нажэрціся. Храм — для крывадушнасьці.

Так жыве вялікая частка любімага нашымі кіраўнікамі і іх крэдыторамі сьвету па той бок усходняй мяжы краіны — рай для «гопнікаў»! І тое, што Украіна ўпарта ня хоча стаць часткай гэтага сьвету, ды і яшчэ і падае непажаданы прыклад тым жыхарам Расеі або Беларусі, хто ўпарта хоча заставацца грамадзянінам і чалавекам — гэта ня можа не бясіць.

Менавіта таму і пачынаецца плянамернае пераўтварэньне Кіева ў горад, які жыве па законах «зоны». У горад, у якім міліцыя не абараняе грамадзян ад «гопнікаў» , а дапамагае «гопнікам» тэрарызаваць грамадзян і ратуе іх ад ахвяр, калі тыя праяўляюць свавольства. У горад, у якім ня толькі Майдан — кропка напружаньня, але зараз і кожная вуліца і плошча. Нельга выходзіць на вуліцу! Гэта горад, у якім усё — для бандытаў , тлумачаць нам. Міліцыянт затрымае цябе, а не яго. «Беркут» адлупіць цябе, а ён будзе стаяць за агароджай і чакаць, калі можна будзе забраць твае рэчы. А самі «цітушкі» будуць хадзіць групамі і глядзець, чым бы пажывіцца, каб адпрацаваць свае 200 грыўняў.

Пакуль што так уначы. Заўтра — калі мы не даможамся рэальных зьменаў у нашай краіне — будзе ўжо і сярод белага дня, не сумнявайцеся. Сёньня ў Кіеве, далей усюды. Дык што граху таіць, у многіх гарадах нашай краіны ўжо даўно так. А ў Расеі і пагатоў — змрочная гісторыя станіцы Кушчэўскай, у якой дзікая банда дзесяцігодзьдзямі кіравала горадам і пацясьнілася толькі пасьля масавага забойства — у кожнага на слыху, а Расея складаецца з такіх вось станіц.

Так што калі вам патэлефануе прыяцель з Данецка або Краснадара і пацікавіцца, чаго вы мерзьнеце сярод ночы на гэтым Майдане, растлумачце яму, што гэта не пра эўраінтэграцыю, не пра Януковіча, не пра Клічко і нават не пра Мытны зьвяз. Вы проста ня хочаце, каб атрады «гопнікаў » пад прыкрыцьцём міліцыі хадзілі па вашых вуліцах ні ноччу, ні днём. Не жадаеце ўзаконенага беззаконьня і заахвочваньня гвалту. І ня верыце, што ўсё гэта можа называцца стабільнасьцю.

Думаю, ён зразумее.

Віталь Портнікаў
newsru.ua


ЖЫВАЯ ТРАНСЬЛЯЦЫЯ З КІЕВА

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG