Расея бароніць Асада ў ААН

Пікет з партрэтамі Ўладзімера Пуціна й Башара Асада ля ААН, архіўнае фота

Расея заблякавала ў Радзе бясьпекі ААН праект заявы з крытыкай рэжыму прэзыдэнта Сырыі Башара Асада.
Перад тым Вялікабрытанія распаўсюдзіла тэкст, у якім выказана абурэньне авіяўдарамі сырыйскіх урадавых сіл у паўночным горадзе Алепа. Паводле зьвестак, якія прыводзяць брытанскія дыпляматы, з 15 сьнежня ў гэтым горадзе больш за 700 чалавек забітыя і тры тысячы параненыя.

Паводле ААН Расея дадала да заявы папраўкі, якія, як кажа адзін з цытаваных агенцтвам Reuters дыпляматаў, «відавочна закліканыя прыбраць з заявы любыя спасылкі на тое, што адбылося ў Алепа».

19 сьнежня Расея, якая зьяўляецца даўнім саюзьнікам Асада, выступіла супраць аналягічнай заявы, якая ўтрымлівала ў сабе асуджэньне нападаў сырыйскіх урадавых войскаў на мірных жыхароў. Расея, разам зь якой выступае Кітай, таксама наклала вета на тры рэзалюцыі Савету бясьпекі ААН па сырыйскім пытаньні.