Простыя словы. Для Паўла Севярынца

Хочацца пачаць 2014 год простым і пазытыўным тэкстам, напісаным некрытычна, бяз закідаў і мудрагелістых разважаньняў.
У суботу адбудзецца вясельле былога палітвязьня Паўла Севярынца і Вольгі Шылак. І я шчыра радуюся за маладых.

Чытаючы словы Паўла з «Беларускай глыбіні» пра мову і пацалунак, адчуваеш, што ён кахае.

«Размаўляеш па-беларуску — быццам цалуеш. Павольна. Мэлядычна. З ціхай пяшчотай. З ненатольнай мяккасьцю. У плыні цеплыні, калі зацінае дыханьне... Вусны наліваюцца роднасьцю, пякуча спалучаюцца і балюча расстаюцца, насычаюцца смакам блізкасьці, растуляюцца, каб прыняць ласкавыя штуршкі языка, і час ад часу нецярплівае прыцмокваньне дзеканьня і цеканьня кроплямі падтаквае ў тахт: так, так, так крынічаць толькі сэрцы, якія б’юцца любоўю і каханьнем».

Я ведаю Паўла не адзін год. Памятаю, як 24 верасьня 2001 году Павал стаў перад бульдозэрам, які ехаў на Курапацкія крыжы, і сказаў: «Усё, сюды больш ніхто не паедзе», і з таго моманту паўстала кругласутачная вахта памяці, якая доўжылася больш за 8 месяцаў.



Я памятаю, як разам з паплечнікамі, як журналістка, сустракала яго на сядзібе Партыі БНФ пасьля хіміі-катаргі ў Малым Сітне. Памятаю дзясяткі вулічных акцый зь яго ўдзелам, ягоную заўважную фігуру ў нязьменнай куртцы ў клетку, арышты, зьбіцьці, тры турэмныя тэрміны...

Памятаю і разважлівага Паўла ў Празе на сьвяткаваньні ўгодкаў БНР. Ведаю Севярынца змагаром, філёзафам, пакутнікам, вязьням і вернікам. А цяпер буду ведаць і чалавекам, які мае сваю неверагодную гісторыю каханьня.

Можа я памыляюся, але мне падаецца, што ў палітвязьняў, былых і сёньняшніх, ёсьць асаблівае ўспрыняцьцё блізкасьці, сям’і, вернасьці і каханьня. Турма расстаўляе на пэўныя месцы каштоўнасьці і прыярытэты. Пасьля шлюбу з Настай Палажанкай Зьміцер Дашкевіч сказаў на «Свабодзе», што для яго цяпер на першым месцы Бог, потым сям’я, а далей Бацькаўшчына.
Думаю, што гадоў пяць таму парадак быў бы іншы. Ня ведаю, ці так расставіць цяпер свае прыярытэты Павал Севярынец. Сам раскажа...

Павал, Вольга, шчасьця вам!

Фота Эўрарадыё



І я перакананая, што за вас цяпер шчасьлівыя ўсе родныя палітвязьняў — Валянціна Аліневіч, Марына Адамовіч, Віктар Статкевіч, Натальля Пінчук, Лідзія і Алена Аўтуховіч, Марына Лобава, Валянціна Яроменак, родныя Яўгена Васьковіча, Мікалая Дзядка, Васіля Парфянкова, Арцёма Пракапенкі, усе тыя, хто чакае сваіх блізкіх з-за кратаў.