Сапелка: Мера стрыманьня ксяндза Лазара, відавочна, называецца «хатні арышт»

Уладзіслаў Лазар

Сваякі ксяндза Ўладзіслава Лазара і прэсавая служба КДБ пацьвердзілі, што той быў вызвалены ўвечары 3 сьнежня зь СІЗА КДБ. Між тым, дзе будзе жыць Уладзіслаў Лазар, пакуль будзе працягвацца сьледзтва па ягонай справе, сваякі не паведамляюць.
Тое, што Ўладзіслаў Лазар выйшаў на волю, раніцай 4 сьнежня паведаміў прэсавы сакратар КДБ Артур Стрэх.

«КДБ па ўзгадненьні з Генэральнай пракуратурай абвінавачанаму Лазару на падставе артыкулу 119 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу РБ была зьмененая мера стрыманьня з утрыманьня пад вартай на падпіску пра нявыезд і належныя паводзіны. Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца», — сказаў Артур Стрэх.

Сястра Ўладзіслава Лазара Яніна сказала, што бачылася з братам увечары 3 сьнежня, калі той выходзіў зь СІЗА КДБ.

«Зь ім усё нармальна. Жывы-здаровы. Бачыліся зь ім хутка, павіталіся — і ўсё; там, у КДБ, гэта было, як выходзіў», — кажа Яніна Лазар.

Дзе будзе жыць Ўладзіслаў Лазар пасьля вызваленьня, Яніна Лазар ня ведае. Ксёндз можа вярнуцца ў Барысаў, дзе жыў да арышту, альбо ў Мар’іну Горку, дзе быў прапісаны, альбо да маці ў Маладэчанскі раён. Сам Уладзіслаў Лазар для журналістаў пакуль недасяжны. Яніна Лазар на просьбу даць кантакты яе брата сказала, што ня можа гэтага зрабіць, і не паведаміла, дзе ён зараз.

Што азначае «падпіска пра нявыезд» з умовай штодня адзначацца ў міліцыі? Былы адвакат, цяпер праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка лічыць, што да Ўладзіслава Лазара ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту з пэўнымі асаблівасьцямі.

Павал Сапелка

«Мера стрыманьня, якая ўжытая адносна ксяндза Лазара, відавочна называецца „хатні арышт“. Бо калі абраная проста падпіска пра нявыезд і належныя паводзіны, дык не прадугледжваецца абавязковая яўка ў органы ўнутраных спраў для адзначэньня, тым больш штодзённая. А вось хатні арышт можа суправаджацца ня толькі забаронай свабоднага перасоўваньня ці размоваў па тэлефоне, але і абавязкам асабіста зьяўляцца для адзначэньня ў орган, які ажыцьцяўляе нагляд за абвінавачаным ці падазроным. У такім выглядзе гэта нетыповая мера стрыманьня, хаця збольшага знаходзіцца ў межах працэсуальнага закону. Але і справа ксяндза Лазара сама па сабе нетыповая».

Каталік з Барысава Барыс Чупрынскі зьяўляецца вернікам парафіі Спасланьня Сьвятога Духу ў Барысаве, дзе да арышту служыў пробашчам Уладзіслаў Лазар. Барыс Чупрынскі зь вернікамі накіравалі некалькі лістоў да ксяндза Лазара ў вязьніцу КДБ. Хаця ніводнага адказу на свае лісты Барыс Чупрынскі не атрымаў, ён працягваў верыць у вызваленьне Ўладзіслава Лазара, якога лічыць ні ў чым не вінаватым:

«Вельмі за яго рады, вельмі прыемная навіна. Зараз вельмі хочацца зь ім сустрэцца, каб і падтрымаць яго, і пачуць ад яго слова да нас. Каб ён вярнуўся ў нашу парафію, дзе яго памятаюць і вераць яму. Прайшоўшы такое выпрабаваньне, мяркую, ён бы шчыра, з сапраўднай чысьцінёй прамаўляў Божае слова. У нас зараз пачаўся адвэнт, вялікае сьвята для каталікоў, і вызваленьне айца Ўладзіслава — для нас гэта як пэўны знак. Я вельмі ўсхваляваны гэтай навіной».

Пакуль Уладзіслаў Лазар знаходзіўся ў вязьніцы КДБ «амэрыканцы», каталіцкі касьцёл у Беларусі прызначыў пробашчам парафіі Спасланьня Сьвятога Духу ксяндза Аляксея.

Уладзіслаў Лазар абвінавачваецца ў аказаньні грашовай і матэрыяльнай дапамогі чалавеку, які падазраецца ў шпіянажы супроць Беларусі. Расьсьледаваньне крымінальнай справы, паводле КДБ, працягваецца. Пры гэтым КДБ нічога не паведамляе пра крымінальную справу супраць таго, каму нібыта дапамагаў Уладзіслаў Лазар насуперак закону.