Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айца Лазара перавялі пад падпіску аб нявыезьдзе


Будынак КДБ у Менску
Будынак КДБ у Менску

У КДБ Беларусі пацьвердзілі вызваленьне ксяндза Уладзіслава Лазара са сьледчага ізалятара.

«Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі па ўзгадненьні з Генэральнай пракуратурай 3 сьнжня абвінавачанаму Лазару на падставе артыкула 119 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса зьмененая мера стрыманьня з заключэньня пад варту на падпіску аб нявыезьдзе і належных паводзінах»,— паведаміў Свабодзе начальнік прэсавай службы КДБ Артур Стрэх.

Расьсьледаваньне крымінальнай справы Лазара, паводле ягоных слоў, працягваецца.

Аб затрыманьні ксяндза Лазара стала вядома праз некалькі дзён пасьля таго, як Аляксандр Лукашэнка 26 ліпеня паведаміў журналістам, што супрацоўнік беларускіх спэцслужбаў затрыманы за працу на замежнымі дзяржавамі:

«Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які ў спэцслужбах служыў і які быў праз прадстаўнікоў каталіцкай царквы зьвязаны з замежнымі дзяржавамі, і не толькі здаваў інфармацыю, але з-за яго дзейнасьці пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжой»,— сказаў Лукашэнка. 29 ліпеня інфармацыю аб затрыманьні ксяндза Лазара пацьвердзіў прадстаўнік Рымска-каталіцкага касьцёла Беларусі.

Аб вызваленьні Лазара з СІЗА КДБ паведаміў вечарам 3 сьнежня сайт Рымска-каталіцкага касьцёла:

«Было прынятае рашэньне, што падчас сьледзтва, якое яшчэ працягваецца, сьвятар павінен знаходзіцца ў пастаянным месцы, маючы свабоду перамяшчэньня і дзеяньня, паводле вызначаных нормаў, з абавязкам штодзённай рэгістрацыі ў аддзяленьні міліцыі. Апостальскага Нунцыя папрасілі забраць ксяндза Лазара са сьледчага ізалятара КДБ».

Ксёндз Уладзіслаў Лазар утрымліваўся ў СІЗА КДБ зь сярэдзіны ліпеня. Пра ягоную справу вядома няшмат: ксёндз абвінавачваецца паводле пункту 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Яму ставіцца ў віну перадача грошай і матэрыяльных каштоўнасьцяў чалавеку, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысьць іншай дзяржавы.

Сястра ксяндза Лазара Яніна пацьвердзіла ягонае вызваленьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG