«Уралхім» будзе спрыяць вызваленьню Баўмгертнэра

Уладзіслаў Баўмгетнэр у турме

Расейскі хімічны холдынг «Уралхім» пасьля ўваходжаньня ва «Ўралкалій» будзе спрыяць вызваленьню Ўладзіслава Баўмгертнэра.
Пра гэта заявіў журналістам гендырэктар «Уралхіма» Дзьмітры Каняеў.

«Думаю, што пасьля ўваходжаньня ў раду дырэктараў будзем прымаць актыўны ўдзел у гэтым пытаньні, каб Баўмгертнэр знаходзіўся на сваім законным месцы, а не ў СІЗА. Не абмяркоўвалі пытаньне аб яго адстаўцы, гэта пакуль не зьяўляецца прадметам абмеркаваньня ўнутры «Ўралхіма», — цытуе РІА «Новости» Каняева.

«Уралхім» пакуль не закрыў угоду па куплі 20% акцый ва «Ўралкалія».

29 лістапада была зацьверджаная рада дырэктараў «Уралкалія», у якую таксама ўвайшоў генэральны дырэктар кампаніі Ўладзіслаў Баўмгертнэр, які цяпер знаходзіцца пад арыштам у Маскве. З гэтага паведамленьня вынікае, што Баўмгертнэр застаўся гендырэктарам «Уралкалія».

Уладзіслава Баўмгертнэра затрымалі 26 жніўня ў Менску. Яму прад’яўлена абвінавачваньне ў злоўжываньні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Сьледчыя органы Беларусі лічаць, што супрацьпраўныя дзеяньні Баўмгертнэра і шэрагу іншых топ-мэнэджэраў Беларускай калійнай кампаніі нанесьлі «Беларуськалію» і БКК шкоду ў памеры 100 млн даляраў.

Ад 26 верасьня Баўмгертнэра перавялі зь СІЗА КДБ пад хатні арышт. Яго трымалі ў Менску на здымнай кватэры. 21 лістапада стала вядома, што генпракуратура Беларусі задаволіла просьбу генпракуратуры Расеі аб выдачы Баўмгертнэра кампэтэнтным органам Расеі для прыцягненьня яго да крымінальнай адказнасьці.