Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат: «Стан Баўмгертнэра, як у чалавека ў СІЗА»


Уладзіслаў Баўмгертнэр
Уладзіслаў Баўмгертнэр

«Наколькі чалавек можа пры гэтым быць у нармальным стане, настолькі і ён у нармальным стане», — так характарызуе стан Уладзіслава Баўмгертэра адвакат Юлій Тай, які прадстаўляе ў Расеі інтарэсы генэральнага дырэктара «Ўралкалія».

— Юлій Валер’евіч, апавядзіце, калі ласка, на якім этапе знаходзіцца справа вашага падабароннага ў Расеі?

— Сам Уладзіслаў Артуравіч знаходзіцца ў маскоўскім сьледчым ізалятары. Расейскія праваахоўныя органы выставілі яму абвінавачаньне. У дадзены момант аніякіх сьледчых дзеяньняў не праводзіцца. Калі яны будуць праводзіцца, мы будзем яму садзейнічаць і аказваць прававую дапамогу ў рамках Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. А што будзе рабіць сьледзтва, нам не вядома. Натуральна, яны будуць праводзіць расьсьледаваньне і розныя дзеяньні, зьвязаныя з Уладзіславам Артуравічам ці не зьвязаныя.

— Раней вы абскарджвалі рашэньне пра заключэньне Ўладзіслава Баўмгертнэра пад варту...

— Так, Маскоўскі гарадзкі суд нам адмовіў у задавальненьні скаргі. Мы будзем абскарджваць гэтае рашэньне ў вышэйшых інстанцыях. Я ўпэўнены, што мой падабаронны абсалютна ні ў чым не вінаваты. Знаходжаньне яго ў сьледчых ізалятарах Расеі ці Беларусі зьяўляецца памылкай. Але пакуль праваахоўныя органы ня згодныя, і ўсё адбываецца так, як адбываецца.

— Ці Вы азнаёмленыя з матэрыяламі справы? Можаце расказаць, у чым канкрэтна абвінавачваецца Ўладзіслаў Баўмгертнэр?

— Мы ня можам азнаёміцца з матэрыяламі справы, бо гэта зьяўляецца сьледчай тайнай. Азнаёміцца зь імі мы можам толькі тады, калі будзе зацьверджана абвінаваўчае заключэньне, і на гэтай стадыі справа будзе перадавацца ў суд. Мы знаёмыя толькі з фабулай абвінавачаньня — у агульных рысах ведаем, у чым абвінавачваецца Ўладзіслаў Артуравіч. Фабулу злачынства я камэнтаваць не магу. Магу назваць склад злачынства — «злоўжываньне паўнамоцтвамі». Гэта 201-шы артыкул Крымінальнага кодэксу РФ. Гэта ўсё, што я магу апавесьці па справе на дадзены момант.

— У якім стане знаходзіцца Ўладзіслаў Артуравіч?
Я ўпэўнены, што мой падабаронны абсалютна ні ў чым не вінаваты. Знаходжаньне яго ў сьледчых ізалятарах Расеі ці Беларусі зьяўляецца памылкай

— Я асабіста не сустракаўся зь ім. Зь ім сустракаўся мой калега Аляксей Басістаў. Паводле ягоных слоў, фізіялягічны і псыхалягічны стан яго нармальны. Настолькі нармальны, якім можа быць стан чалавека, якога экстрадзіравалі, хай сабе і ў ягоную родную краіну, што яму да пэўнай ступені прыемна. Але пры гэтым ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары, і яму сёньня прад’яўленае абвінавачаньне. Наколькі чалавек можа пры гэтым быць у нармальным стане, настолькі і ён у нармальным стане.

— У якім умовах ён зараз знаходзіцца?

— Ва ўмовах сьледчага ізалятара. На жаль, падрабязнасьцяў я ня ведаю. Сам я ў ізалятары ня быў.

— Ці расказваў ён нешта пра сваё перабываньне ў Беларусі?

— Зараз не да таго. Зараз мы на тэрыторыі Расеі, ідзе расьсьледаваньне. Зараз ня час для фэльетонаў і мэмуараў. Ня тая сытуацыя.

— Як будзе далей адбывацца расьсьледаваньне? Якіх наступных падзеяў чакаць?

— Крымінальна-працэсуальны кодэкс Расеі і Беларусі прынцыпова не адрозьніваюцца. Ідзе расьсьледаваньне, па меры сканчэньня тэрмінаў яго будуць працягваць ці не працягваць. Віды сьледчых дзеяньняў усе вельмі падобныя. Усё будзе ў адпаведнасьці з стандартнай працэдурай. А ў далейшым альбо перакваліфікуюць абвінавачаньне, альбо спыняць перасьлед з прычыны адсутнасьці складу злачынства, альбо, наадварот, перададуць у суд, калі палічаць, што справа скончаная. Усё гэтаксама, як у вас.

Сьледчы камітэт РФ 22 лістапада паведаміў, што генэральнаму дырэктару «Ўралкалія» Ўладзіславу Баўмгертнэру выстаўленае абвінавачаньне ў злоўжываньні паўнамоцтвамі, ён дапытаны ў якасьці абвінавачанага. Па вэрсіі сьледзтва, Баўмгертнэр, «выконваючы кіраўнічыя функцыі ў камэрцыйных арганізацыях, злоўжываў сваімі паўнамоцтвамі, выкарыстоўваючы іх насуперак законным інтарэсам гэтых арганізацый і ў мэтах атрыманьня выгодаў і перавагаў для іншых асобаў». «Гэта пацягнула нанясеньне істотнай шкоды і цяжкія наступствы для сумеснага расейска-беларускага прадпрыемства „Беларускай калійнай кампаніі“ і „Беларуськалія“», — паведаміў прэс-сакратар СК РФ Уладзімер Маркін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG