13 пісьменьнікаў трапілі ў каляндар «Першапачатак»

Вечарына з нагоды 80-годзьдзя Саюзу беларускіх пісьменьнікаў

27 лістапада ў менскім Музэі гісторыі Беларусі адбылася вечарына з нагоды 80-годзьдзя Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Падчас яе быў прэзэнтаваны каляндар, выпушчаны да гэтага юбілею.
У імпрэзе ўзялі ўдзел Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Міхась Скобла, Алесь Пашкевіч і іншыя літаратары.

Пачынаючы імпрэзу, старшыня СБП Барыс Пятровіч адзначыў, што ў чэрвені 1933 году адбыўся першы ўстаноўчы зьезд СПБ.

«За 80-гадовую гісторыю самая старэйшая творчая арганізацыя перажывала самыя розныя пэрыяды — трагічныя, драматычныя, пэрыяды росквіту. За гэты час былі створаны клясычныя творы сучаснай беларускай літаратуры. У гісторыю ня толькі літаратуры, культуры Беларусі, але і самой дзяржавы, увайшлі такія імёны, як Васіль Быкаў, Янка Брыль, Максім Танк, Ніл Гілевіч і многія іншыя. Напісанае імі застанецца на многія пакаленьні».

Мастак, аўтар ідэі выданьня каляндара «Першапачатак» Валеры Дубоўскі адзначыў, што першапачаткам было беларускае слова, культура, такія асобы, як Скарына, Будны і Багушэвіч. У календары — 13 беларускіх пісьменьнікаў, якія пададзены ў вобразах беларускай міталёгіі.

Your browser doesn’t support HTML5

Пісьменьнікі ў міталёгіі


Генадзь Бураўкін адзначыў, што беларускія пісьменьнікі якраз і стваралі гісторыю Беларусі і паўплывалі на многія падзеі ў краіне. Ён адзначыў, што да сьвяткаваньня юбілею спрычынілася Міністэрства культуры, хаця ніхто зь яго прадстаўнікоў удзелу ў афіцыйнай частцы ня браў.

Намесьнік старшыні саюзу Алесь Пашкевіч адзначыў, што сёньня толькі пачатак юбілейных сьвяткаваньняў, заплянаваны яшчэ шэраг імпрэзаў. Да юбілею таксама прымеркавана мастацкая выстава ў Музэі гісторыі Беларусі.