Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Курэйчык: «Скарына — беларускі Стыў Джобс»

абноўлена

Госьцем «Свабоды бяз гальштукаў» быў драматург, рэжысэр і сцэнарыст Андрэй Курэйчык, які

ня ходзіць на выбары
заяўляе, што ў Беларусі зьніклі палітыкі
перакананы, што творцы павінны глядзець на палітыку зьверху
грэбуе журналістыкай дзяржаўных газэт
не пагаджаецца з цэнзурай ААН
лічыць, што Беларусь у сьвеце варта прадстаўляць спэктаклем «Дзяды».




Ганна Соўсь: Давайце для пачатку вельмі каротка адкажыце на некалькі пытаньняў. Чым для вас падобная газэта «Советская Белоруссия» 1948 году і 2013 гадоў?

Андрэй Курэйчык: Тым, што там няма ніякіх альтэрнатыўных меркаваньняў, няма незалежных пазыцый, няма крытычнага погляду на сацыяльную і палітычную рэчаіснасьць. Гэта мяне неверагодна зьдзівіла, калі я ўзяў падшыўку старых газэтаў і знайшоў там роўна тыя ж артыкулы, якія цяпер можна купіць у кожным шапіку.

Соўсь: Ці пойдзеце галасаваць на наступных прэзыдэнцкіх выбарах?
Курэйчык: Калі будуць выбары — пайду, калі будзе іх імітацыя — не.

Соўсь: Якія справы вам прывялі ў Маскву сёньня?

Курэйчык: Я бяру ўдзел у вялікім сумесным расейска-баўгарскім праекце.

Соўсь: Андрэй, у гэтыя дні ў Менску адбываецца кінафэстываль Лістапад, які шырока рэклямуецца ўладамі. Мой калега Вячаслаў Ракіцкі напісаў днямі ў ФБ «Менск — сталіца краіны, у якой няма ўжо свайго КІНО, а адзіная кінастудыя зьяўляецца перадусім базай для здымак прымітыўных і пошлых расейскіх сэрыялаў. І «Лістапад» гэты ніякі не фэстываль міжнароднага маштабу, а невялікая мясцовая радасьць, дзе можна крыху патусавацца з расейскімі «зоркамі». Андрэй, як творца, які спрабаваў зрабіць беларускае кіно, а дакладней беларускі сэрыял «Вышэй за неба», ці запярэчылі б вы Вячаславу Ракіцкаму? Ці ёсьць сучаснае беларускае кіно?

Нам няма чаго прапанаваць на кінафэстываль
Курэйчык: Яно нараджаецца толькі. Мы проста вельмі адстаём у гэтым працэсе ад Расеі, Польшчы, Літвы. Мы толькі пачынаем разумець, якое кіно нам трэба. Я не пагаджуся, што «Лістапад» — фэстываль месьцячковы, паколькі прывозіцца вельмі добрае кіно. Іншая справа, што нам няма чаго прапанаваць. Гэта зусім іншая праблема. Мы ня можам быць на роўных з тымі фільмамі з Усходняй Эўропы, з Расеі, якія паказваюцца ў рамках «Лістапада». Сапраўды, ёсьць праблема манапалізацыі, ёсьць праблема таго, што дзяржава так і не зразумела, якіх аўтараў падтрымліваць, не вырасьціла іх. І ў выніку ўсё скацілася ў гэтую сэрыяльную, мыльную фабрыку.

Соўсь: Наконт сэрыялаў. Напрыклад расейцы, якія часта здымаюць іх у Беларусі, праз іх міталягізуюць сваю гісторыю і культуру, у іх ёсьць сэрыялы пра Чапаева, Сталіна, Фурцаву, Раманавых, Калчака, Брэжнева, Ясеніна, Чэхава пералічваць можна бясконца. Беларусь амаль нічога не зрабіла ў гэтым кірунку, у тым жа сэрыяле пра забойства Кубэ, у якім Беларусьфільм браў мінімальны ўдзел, беларускамоўныя пэрсанажы — альбо прастытукі, альбо паліцаі. А ці ёсьць увогуле сэнс пры цяперашняй ідэалёгіі імкнуцца ўвасобіць у сэрыялы беларускае мінулае і сучаснае? Бо атрымаецца, як з Вышэй за неба, адкуль выразалі арыштаваных беларускамоўных студэнтаў, Ляпісаў, палітвязьня Бяляцкага і г.д.

Курэйчык: Праблема цэнзуры агульная для Беларусі. Гэта тычыцца ня толькі кіно, але і тэлебачаньня, газэт, і проста інфармацыі. Адзіны спосаб — гэта спрабаваць рабіць незалежнае кіно, спрабаваць шукаць незалежныя крыніцы фінансаваньня і калі трэба, змагацца.

Соўсь: Незалежнае кіно ў Беларусі рабіць альбо за яе межамі?

ня магу назваць нават аднаго маладога, таленавітага беларускага рэжысэра, самастойнага, з незалежнай пазыцыяй
Курэйчык: У Беларусі, толькі ў Беларусі. Я як раз ня веру, што замежнікам цікавыя нашыя праблемы. Я вельмі шмат паезьдзіў па сьвету, па многіх фэстывалях. Ніхто нам не дапаможа, калі мы самі сабе не дапаможам. Цяпер гэта ня так дорага, як раней. Можна фільм зьняць за капейкі, па вялікім рахунку. Была б ідэя, і былі б людзі, здольныя на гэта, але мне падаецца, што праблема Беларусі — гэта праблема кадраў. Я магу назваць дзясятак расейскіх маладых таленавітых рэжысэраў, а ў Беларусі ня магу назваць ня тое што дзясятак, я аднаго не магу назваць маладога, таленавітага беларускага рэжысэра, самастойнага, з незалежнай пазыцыяй, здольнага зрабіць такое кіно. Пакаленьне Андрэя Кудзіненкі — гэта ўжо пакаленьне людзей, якім за сорак, а якім 25-30 гадоў, то я не бачу гэтых людзей. Таму не праблема нават фінансаваньне, а праблема чалавечага патэнцыялу, праблема яснага погляду на нацыянальнае пытаньне, на гісторыю Беларусі, на тое, чым мы павінны ганарыцца, ў які бок ісьці, таму практычна немагчыма зрабіць праблемнае кіно на гэтую тэму. Нават якой асобай беларускай гісторыі мы можам ганарыцца настолькі, каб выдаткаваць грошы і зьняць пра яе сэрыял.

Соўсь: Пра каго бы вы зьнялі сэрыял, каб была такая магчымасьць?

Курэйчык: Я падаў сцэнар у міністэрства культуры пры Паўлу Латушку( я яго паважаў і лічыў, што ён ідзе ў слушным кірунку) пра Францыска Скарыну, пра чалавека, які быў вымушаны з-за таго, што яго не зразумелі на радзіме, зьехаць у палітычную эміграцыю, у Прагу як раз, і рэшту жыцьця там пражыў. Гэта чалавек эпохі Адраджэньня, гэта чалавек, які прынёс эўрапейскія каштоўнасьці, новыя тэхналёгіі ў нашую прастору. Гэта наш Стыў Джобс, калі заўгодна. Гэта чалавек, які друкаваў кнігі па-беларуску.

Соўсь: І які быў вынік?

Курэйчык: Ніякага. Заяўка засталася пад сукном міністэрства культуры.

Соўсь: Вы згадвалі ў ФБ начную размову з галоўным рэжысэрам Купалаўскага тэатру Мікалаем Пінігіным, якую падсумавалі такім чынам, што ня будзе ў рэпэртуарным тэатры савецкага тыпу шмат актуальнай і сьмелай драматургіі, і што вы чатыры гады ня пішаце пьесаў, паколькі іх нідзе не паставяць, а для замежжа ня хочаце. Як гэта спалучаецца з вашым заклікам рабіць беларускае кіно ў Беларусі?

Курэйчык: Тэатар павінен быць актуальным, тэатар павінен гаварыць аб актуальных праблемах грамадзтва, а для нас гэта праблема ідэнтыфікацыі, гэта праблема гісторыі, праблема выбару — эўрапейскага альбо расейскага. І гэта праблема мовы. Усе гэтыя праблемы замоўчваюцца альбо палітызуюцца на ўзроўні СМІ і ніяк не раскрываюцца на ўзроўні мастацтва, у тэатры прынамсі. Сапраўды, вельмі складана «прабіць» праблемную гісторыю на сучасную сцэну. Таму што рэжысэры баяцца, Пінігін баіцца. Я разумею, што яго проста могуць зьняць, калі ён пракажа залішне актуальную драму.

Соўсь: Вы гаворыце пра праблему беларускай мовы. Я не магу вас не папрасіць выказацца наконт гарачай дыскусіі ў байнэце з нагоды заявы намесьніка старшыні КХП БНФ Юрася Беленькага, які сказаў на Дзядах, што «калі гаворыш па расейску, то ты ў акупацыйным войску і страляеш у свой народ». Вы расейскамоўны драматург, які гаворыць пра тое, што беларуская мова ёсьць вельмі важным складнікам нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Якая тут ваша пазыцыя?

Скарына -- чалавек эпохі Адраджэньня, які прынёс эўрапейскія каштоўнасьці, новыя тэхналёгіі ў нашую прастору. Гэта наш Стыў Джобс, калі заўгодна
Курэйчык: Ёсьць краіны і такіх краінаў шмат, дзе людзі гавораць на розных мовах. І калі ёсьць Вялікабрытанія, то гэта ня значыць, што ўсе павінны гаварыць па-ангельску. Нехта гаворыць па-шатляндзку, нехта па-ўэльску. У Швайцарыі гавораць на 4 мовах. Справа ня ў гэтым. Справа ў тым, што ў нас сапраўды няма сыстэматворнай мовы, таму што не пасьпелі пабудаваць беларускамоўную дзяржаву на пачатку 1990-х, а потым былі накіраваныя вельмі вялікія намаганьні, каб не дапусьціць беларускую мову ў бытавыя і паўсядзённыя пытаньні. Што рабіць? Вось я жыву і вырас у расейскамоўнай сям’і, я думаю па-расейску. Але я гавару і па-беларуску. І сёньня пайду на курсы ў Маскве «Мова ці кава», якія арганізавала Кацярына Кібальчыч, і мы будзем гаварыць пра беларускі слэнг. Я проста думаю па-расейску. Што мне рабіць, як пісьменьніку? Я працую са словам, са сваімі думкамі, і на жаль, у мяне няма магчымасьці цяпер рэалізавацца ў Беларусі. Усе мае праекты цяпер у Расеі, Баўгарыі ці Літве. Я працую фактычна на замежжа, таму што ня маю магчымасьці здымаць кіно ў Беларусі. Таму і вымушаны пісаць на той мове, на якой у Маскве мяне зразумеюць.

Соўсь: Лічыце сябе расейскім ці беларускім драматургам?

Курэйчык: Я беларускі драматург. Колькі мяне не спрабавалі схіліць да эміграцыі, ад’езду з Беларусі, зьмене грамадзянства, я заўсёды адмаўляўся ад гэтага.

Соўсь: І яшчэ адну вашу больш сьвежую заяву працытую: ў гэтым сьвеце заўсёды будзе разьдзяленьне — з аднаго боку Бродзкі, Высоцкі, Эфрос, Някрошус, Таркоўскі, Ахматова, і іх супрацьлегласьці — Рэйган, Еўтушэнка, Бурляеў, Халезін, Міхалкоў, Некляеў, Давыдзька, так бы мовіць творцы пры пасадах ці зьвязаныя з палітыкай. А вы самі да якой катэгорыі б сябе аднесьлі?

Будуць крытыкаваць, бо такая краіна
Курэйчык: Ёсьць людзі, якія выкарыстоўваюць мастацтва як сродак прапаганды, няважна чаго прапаганды, а ёсьць людзі, якія выкарыстоўваюць мастацтва як мастацкую самарэалізацыю. Я далучаю сябе да такіх. Канечне, у мяне ёсьць грамадзянская пазыцыя і палітычная пазыцыя. і я не саромеюся яе выказваць, таму і трапіў у «чорныя сьпісы», але я лічу, што такая пазыцыя можа быць у любога — сьлесара, лекара, беспрацоўнага, але ты не павінен праз сваю прафэсію займацца прапагандай. Тыя людзі, якія прыходзяць да мяне ў глядацкую залю, яны ўсе аднолькавыя, я не пытаюся іх пра іх палітычную пазыцыю і не займаюся ў сваіх творах таннай палітычнай прапагандай.

Соўсь: Вы назвалі беларускую тэатральную супольнасьць (як і любую іншую) клубком зьмеяў. Ведаючы закулісныя жарсьці, як успрымуць у гэтым асяродзьдзі нашу з вамі гутарку ў Свабодзе бяз гальштукаў?

Курэйчык: Будуць крытыкаваць мяне. Нядаўна мне пазваніў рэжысэр Андрэй Кудзіненка і расказаў, як ў кнігарні Логвінава сабраліся беларускія інтэлігенты і вельмі мяне крытыкавалі: «Казалі, што ты — ня наш, расейскі. А я ўстаў і сказаў, што Курэйчык зрабіў для беларускага мастацтва больш чым многія з вас». Будуць крытыкаваць, бо такая краіна...

Андрэй Курэйчык — беларускі і расейскі сцэнарыст, актор. Скончыў Ліцэй БДУ, юрыдычны факультэт БДУ. Працаваў юрыстам у міжнароднай юрыдычнай фірме «Власова и Партнёры», памочнікам старшыні Беларускага Саюзу тэатральных дзеячоў. У 2002 рэжысэрскую стажыроўку праходзіў у Алега Табакова ва МХАТе. Аўтар шматлікіх сцэнараў для беларускіх тэатраў на беларускай і расейскай мовах. Друкаваў свае п’есы ў «Arche», «Полымя», «Неман», «Першацвет», выдаў 2 кнігі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG