Што зрабіла Міністэрства культуры з Курапатамі?

Ахоўную зону Курапатаў адсунулі ад «Бульбаш-холу»

Ахоўную зону Курапатаў з боку рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» паменшылі са 100 да 50 мэтраў. Але гэта было зроблена не дзеля рэстарацыі, а з-за таго, што па гэтай тэрыторыі ідзе вадавод, па якім ідзе пітная вада ў паўночныя раёны Менску.
Ахоўную зону Курапатаў з боку рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол» паменшылі са 100 да 50 мэтраў. Але гэта было зроблена не дзеля рэстарацыі, а з-за таго, што па гэтай тэрыторыі ідзе вадавод, па якім ідзе пітная вада ў паўночныя раёны Менску, паведаміў Свабодзе старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Інфармацыя пра тое, што «Бульбаш-хол» узаконіў свае пабудовы з дапамогай Навукова-мэтадычнай рады пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, хутка разьнеслася па СМІ. Грамадзкія актывісты прадстаўляюць рашэньне Рады як перамогу ўладальнікаў рэстарацыі.

«Каб зразумець, што гэта за рашэньне, трэба размаўляць са спэцыялістамі, а не кіравацца эмоцыямі», — заявіў Свабодзе начальнік упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі.

Ад далейшых камэнтароў Ігар Чарняўскі адмовіўся.

Больш сьвятла праліў на тое, што адбылося на Радзе, Антон Астаповіч:

Антон Астаповіч

«Тут ужо паніка! З боку «Бульбаш-хола» скарацілі ахоўныя межы на 50 мэтраў! Але па Курапатах было прынята нармальнае рашэньне з пункту гледжаньня ўсіх бакоў ахоўных зон.

Паміж «Бульбаш-холам» і Курапатамі праходзяць тры магістральныя вадаводы, якія забясьпечваюць з пункту водазабора ўсю паўночную частку Менску пітной вадой, як тлумачыць Астаповіч.

«Гэтыя вадаводы маюць больш „жалезныя“ ахоўныя межы, чым зона аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Навошта дубляваць зону аховы менавіта па мяжы зоны аховы вадаводаў, калі і так там любая гаспадарчая дзейнасьць забароненая, апрача прац па абслугоўваньні і рамонце гэтых камунікацый? Таму, канечне, зона аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці была скарэктаваная па ўсходняй мяжы зоны аховы вадаводаў. Ніхто на гэтыя тэрыторыі з боку „Бульбаш-хола“ больш не наступае і наступаць ня будзе», — кажа Антон Астаповіч.

Ігар Чарняўскі, які прызнаецца, што пасьля Рады «выціснуты як лімон», кажа:
Там сёньня транспартны каляпс — адну зь межаў проста падвесілі. Гэта рэаліі жыцьця, і гэта трэба вырашаць

«Вы зразумейце, што ёсьць пэўныя прававыя нормы. А як у рамках нарматываў не прынесьці шкоды гісторыка-культурнай каштоўнасьці — гэта пякельная праца. Там сёньня транспартны каляпс — адну зь межаў проста падвесілі. Гэта рэаліі жыцьця, і гэта трэба вырашаць.

Пытаньне было разгледжанае і далей будзе распрацоўвацца ва ўсталяваным законам парадку. Сёньняшняя рада дала штуршок, каб гэтая праца пачалася. Я асабіста на гэтую тэму гавару з 2003 году. І мы толькі зараз падышлі да таго, каб пачаць вырашаць гэтае пытаньне».

«Аб’ект так званага „Бульбаш-холу“ пабудаваны ў зоне рэгуляванай забудовы, — сьцьвярджае Антон Астаповіч.— Там два домікі ўклініліся ў ахоўную зону — і гэта парушэньне. Але яго можна зьняць. Прадпрыемства, якое выкупіла гэты комплекс і дабудоўвае яго, вельмі гнуткае. Зь імі можна дамаўляцца і зьняць гэтую канфліктную сытуацыю. Проста ніхто зь імі не дамаўляецца!»

Па словах Астаповіча, пытаньне маралі ў дачыненьні да «Бульбаш-холу» застаецца, калі ўладальнікі захочуць зрабіць там забаўляльны комплекс.

«Але калі там застанецца толькі пункт грамадзкага харчаваньня прыдарожнага сэрвісу, дык ў гэтым няма нічога страшнага», — сьцьвярджае Астаповіч.

Аднак, ён зьвяртае ўвагу на тое, што хвалявацца ў Курапатах усё ж ёсьць пра што:

«Да гэтага часу не была ўзгодненая ўсходняя мяжа. Яна будзе ўдакладняцца менавіта ў рамках распрацоўкі праекта дэталёвай пляніроўкі усёй тэрыторыі вакол Курапатаў і будучага выставачнага цэнтру, які плянуецца паміж Курапатамі і „Экспабелам“. Вось тут большая небясьпека, — папярэджвае гісторык. — У які бок будзе карэктавацца гэтая мяжа? А, на маю думку, яна будзе карэктавацца ў бок зьмяншэньня — і гэтай праблемы ніхто не агучыў».

Аніхто таксама не зьвярнуў увагі і на надзвычай пазытыўны факт, які меў месца на Радзе ў Мінкульце:

Астаповіч: «Адбылася вельмі вялікая перамога навукова абгрунтаванага падыходу да гістарычнага цэнтру Менску. Разглядаўся другім пытаньнем праект дэталёвай пляніроўкі гораду Менску. Ён яшчэ не зацьверджаны, яшчэ ў стадыі карэктыроўкі. На пачатку году было грамадзкае абмеркаваньне. На гэтай тэрыторыі Сяргеям Багласавым былі запраектаваныя быццам бы аднаўленьне і музэефікацыя менскага замчышча. І вось па выніках гэтага абмеркаваньня і пазыцыі Таварыства гэты праект выключаны. Зроблена гэта для таго, каб гэтую пляцоўку дэталёва дасьледаваць, скласьці гісторыка-архітэктурны апорны плян і на падставе гэтага ўжо прыняць рашэньне пра засваеньне гэтай тэрыторыі. І вось гэта — нашмат больш важна», — заключае старшыня Таварыства аховы помнікаў.

Навукова-мэтадычная рада пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь зьменшыла ахоўную зону Курапатаў да 50 мэтраў. Такім чынам, цяпер чатыры пабудовы, якія належаць «Бульбаш-холу», фактычна знаходзяцца ў зоне рэгуляванай забудовы, і іх разьмяшчэньне каля Курапатаў не парушае заканадаўства.

На паседжаньні ў якасьці назіральнікаў прысутнічалі навуковы кіраўнік Курапатаў Мая Кляшторная, старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, кіраўнік міжнароднага таварыства «Мэмарыял» Уладзімер Раманоўскі, журналіст «Новага часу» Марат Гаравы, каардынатарка грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Ганна Шапуцька, старшыня «Хрысьціянскай злучнасьці „Курапаты“» Вацлаў Нямковіч.