Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бульбаш-хол» перамог


Дзеля забаўляльнага комплексу ўдвая зьменшаная ахоўная зона Курапатаў.

Навукова-мэтадычная рада пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь зьменшыла ахоўную зону Курапатаў да 50 мэтраў. Такім чынам, цяпер чатыры пабудовы, якія належаць «Бульбаш-холу», фактычна знаходзяцца ў зоне рэгуляванай забудовы і іх разьмяшчэньне каля Курапатаў не парушае заканадаўства.

На паседжаньні ў якасьці назіральнікаў прысутнічалі навуковы кіраўнік Курапатаў Мая Кляшторная, старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, кіраўнік міжнароднага таварыства «Мэмарыял» Уладзімер Раманоўскі, журналіст «Новага часу» Марат Гаравы, каардынатарка грамадзкай ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Ганна Шапуцька, старшыня «Хрысьціянскай злучнасьці «Курапаты» Вацлаў Нямковіч.

«Навуковая рада зацьвердзіла прапановы, якія зрабілі архітэктары „Менскграда“ Сяргей Дзьякаў, Рыгор Акенцьеў і Ўладзімер Віньнікаў. Зараз ужо канчаткова вырашана, што „Бульбаш-хол“ застанецца і больш за тое, ён не парушае заканадаўства з-за таго, што зьменшаная ахоўная зона са 100 да 50 мэтраў.

Таксама Сяргей Дзьякаў заявіў, што з боку „Экспабелу“ каля Курапатаў плянуецца пабудова вялізнага выставачна-забаўляльнага цэнтру, таму межы ахоўных зонаў з гэтага боку пакуль не абмяркоўваліся. Але ў любым разе гэтая пабудова будзе ўяўляць пагрозу зьнішчэньня дарогі сьмерці, па якой везьлі людзей на расстрэл», — кажа Ганна Шапуцька.

Мая Кляшторная выступіла з заклікам пакінуць межы ахоўных зонаў хаця б у ранейшых межах, для таго, каб была магчымасьць пры мэмарыялізацыі Курапатаў зрабіць вакол урочышча інфармацыйнае напаўненьне ў выглядзе стэндаў, плякатаў, схемаў і мапаў.

Антон Астаповіч зьвярнуў увагу прадстаўніка пракуратуры на парушэньне парадку разгляду праекта — спачатку ён мусіў быць узгоднены з Маяй Кляшторнай, а толькі быць пасьля вынесены на разгляд, і заклікаў адкласьці галасаваньне па праекце.

Ганна Шапуцька заклікала Раду не прымаць злачыннага рашэньня і не дапусьціць суседзтва забаўляльнага комплексу побач з месцамі расстрэлаў тысячаў людзей.

«Усе нашыя выступы не былі пачутыя. Сябры Рады сказалі, што гэта проста эмоцыі. У выніку Рада прагаласавала за новы праект межаў ахоўных зонаў з боку «Бульбаш-холу» адзінагалосна",— паведаміла Ганна Шапуцька.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG