Лячэньне ў ЛПП: краты і лыжка рамонкавай настойкі

Васіль Парфянкоў

У якіх умовах трымаюць і як лечаць тых, каго суды накіравалі лячыцца ад алькагалізму ў так званыя «лячэбна-працоўныя прафілякторыі (ЛПП)?
Наш карэспандэнт высьвятляў гэта на досьведзе былога палітвязьня Васіля Парфянкова.

З канца верасьня былы палітвязень Васіль Парфянкоў знаходзіцца ў лячэбна-працоўным прафілякторыі, які разьмешчаны ў Сьветлагорску. Там Васілю Парфянкову давядзецца прабыць год, і толькі потым яшчэ на паўгода яго зьмесьцяць у арыштны дом паводле прысуду за парушэньне адбыцьця прафіляктычнага нагляду. У ЛПП Васіля Парфянкова накіравалі прымусова. Гэтак вырашыў Першамайскі суд Менску на падставе некалькіх пратаколаў аб адміністрацыйных парушэньнях, якія на яго склала міліцыя.

У якіх умовах трымаюць Васіля Парфянкова? Як яго лечаць ад злоўжываньня алькаголю, ці працуе былы палітвязень? Кінарэжысэр Вольга Мікалайчык зь верасьня двойчы наведвала Парфянкова ў сьветлагорскім ЛПП і можа, з ягоных словаў, адказаць на некаторыя з гэтых пытаньняў.

Вольга Мікалайчык

Паводле Васіля Парфянкова, як кажа Вольга Мікалайчык, ЛПП — гэта тая ж калёнія, але крыху больш мяккага рэжыму, чым агульны. У астатнім — тое самае: краты на вокнах і агароджа, за якую нельга выходзіць, рэгулярныя праверкі, сон і прыём ежы па раскладзе, у тэлевізары — толькі тыя праграмы, якія дазволіў ахоўнік, газэты чамусьці не атрымлівае, карыстаньне мабільнікам толькі з дазволу. Яшчэ невялікая саступка — перадачы можна прывозіць і сустракацца цягам гадзіны хоць штодня, але таксама пад наглядам. «І да Парфянкова чамусьці асаблівая ўвага», — адзначае Вольга Мікалайчык.

«Мы калі заходзім у гэтую залю, дзе стаяць сталы для спатканьняў, дык ахоўнік пытаецца: „Хто да Парфянкова?“ Хаця там яшчэ 5 пар стаіць (там па двух да аднаго пускаюць). І нас садзяць перад ахоўнікам, і ён усё чуе, пра што мы размаўляем. Спакойна пагаварыць ні пра што немагчыма».

Усяго ў ЛПП Сьветлагорску ўтрымліваюць 1800 чалавек. Паводле зьвестак Васіля Парфянкова, частка зь іх працуе ў горадзе на прадпрыемствах і будоўлях, а астатнія занятыя на самазабесьпячэньні «прафілякторыя за кратамі». У тым ліку і Васіль Парфянкоў пакуль працуе толькі ўнутры ЛПП. Прыкладам, у дзень апошняга спатканьня з Вольгай Мікалайчык ён працаваў на кухні. Казаў, што, магчыма, пойдзе навучацца на курсы, верагодна, на зваршчыка, але гэта яшчэ ня вырашана. Грошай з заробку Васілю Парфянкову амаль ніякіх ня плацяць, паколькі вылічваюць за знаходжаньне ў ЛПП.

Як утрыманцаў ЛПП лечаць ад алькагалізму? — Вольга Мікалайчык падзялілася зьвесткамі, якія мае ад Васіля Парфянкова.

«Лячэньне палягае ў тым, што раз на дзень даюць лыжку рамонкавай
Лячэньне палягае ў тым, што раз на дзень даюць лыжку рамонкавай настойкі
настойкі, якая гатуецца проста: у кубак кіпеню дадаюць лыжку сухіх рамонкаў. А вось калі ён захварэў, дык яму не прапанавалі ніякага лячэньня, і пачалася моцная прастуда. Ён нават паскардзіўся пра гэта ў лісьце: „Тата перадаў мне, што яны прывезьлі таблеткі, але іх не прынялі“. І тут падабенства з зонай: бессэнсоўна дамагацца нейкага лекара. Ён там ёсьць, але ад усяго табе дадуць толькі асьпірын».

Ці можа даць такое лячэньне станоўчы вынік? — Вольга Мікалайчык кажа, што маральна Васіль Парфянкоў больш перажывае, чым калі трапляў у сапраўдную вязьніцу. Паварот у лёсе засьпеў Васіля Парфянкова ў вельмі важны пэрыяд ягонага жыцьця: ён сам зьбіраўся кінуць ужываць алькаголь, да таго ж стала вядома, што ягоная дзяўчына зацяжарыла, і ён думаў пра завядзеньне сям’і.

«Яны не пасьпелі расьпісацца, бо яго забралі на суткі і адтуль — адразу ў ЛПП. Напярэдадні ён яшчэ казаў мне, што назьбіраў на танны аўтамабіль грошай, што яму ўжо нецікава выпіваць, бо перарос гэты пэрыяд, што хоча набыць аўтамабіль, каб дзіця з жонкай на ім вазіць. Яшчэ казаў, што зьбіраецца вучыцца завочна. І вось раніцай яго зьмяшчаюць пад арышт на суткі, а адтуль, ня даўшы сабраць рэчы, адвозяць на ЛПП этапам».

Зараз, паводле Вольгі Мікалайчык, Васіль Парфянкоў дамагаецца пераводу са сьветлагорскага ЛПП у дзяржынскі, які бліжэй да Менска.

Усяго ў Беларусі 6 падобных устаноў, у якіх трымаюць каля 5 тысяч чалавек. Ці праўда, што колькасьць накіраваных у ЛПП можа хутка павялічыцца ў сувязі з будучым Чэмпіянатам сьвету па хакеі ў Менску, да якога нібыта міліцыі загадана адправіць на лячэньне максымум схільных да алькаголю людзей?

Прэсавы сакратар менскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі падобныя чуткі абверг, але паведаміў, што пэўная цыклічнасьць у гэтай працы магчымая, бо залежыць таксама ад рэгулярных прафіляктычных кампаніяў. Як схільныя да алькаголю людзі патрапляюць у ЛПП?

Аляксандар Ластоўскі

«Патрапленьне на Акрэсьціна тут ні пры чым, наколькі я разьбіраюся ў гэтым пытаньні. Некалькі пратаколаў запар — вось асноўны фактар, то бок калі ёсьць паўторнасьць. Калі склалі адзін пратакол аб парушэньні ў нецьвярозым стане, другі і далей. І бачна, што чалавек ніяк не рэагуе, што гэта не выпадковасьць, а сыстэматычныя парушэньні. Такія правілы ў законе, там усё прапісана».

Васіль Парфянкоў настойвае на тым, што яго нават не прывезьлі на суд, які зьмясьціў яго ў ЛПП. Беларусь — адзіная ва Усходняй Эўропе краіна, дзе захавалася сыстэма прымусовага накіраваньня ў ЛПП для лячэньня ад алькагалізму. Паводле старшыні БХК Алега Гулака, гэтая сыстэма насамрэч ня лечыць ад алькагалізму, пра што сьведчыць колькасьць «пацыентаў» ЛПП, якіх штогод не становіцца меней.