У Беларусі зьбіраюцца лячыць залежнасьць ад сацсетак

У Беларусі плянуюць адчыніць ананімныя кабінэты для лекаваньня ад віртуальнай залежнасьці, у тым ліку залежнасьці ад сацыяльных сетак.
Адпаведны праект дакумэнта ўжо распрацаваны.

Пра гэта паведаміў Інтэрфаксу вядучы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя Міхаіл Важэнін.

Ён адзначыў, што ў Беларусі расьце колькасьць тых, хто цярпіць ад залежнасьці сацсетак.

«Калі дарослы чалавек праводзіць у суткі ў сацсетках больш за 2 гадзіны, гэта можна расцэньваць, як пачатак залежнасьці», — сказаў Важэнін. Таксама адной з прыкметаў віртуальнай залежнасьці ён называе «сындром адмены».

«Калі чалавеку, залежнаму ад сацсетак, віртуальных гульняў,забаранілі доступ да інтэрнэту — пачынаюцца скандалы, паводзіны мяняюцца, дайсьці можа ажно да псыхозу, як пры алькагольнай залежнасьці бывае «белая гарачка», — патлумачыў Важэнін.

Ён паведаміў, што ў моладзевым асяродку ў Беларусі віртуальную залежнасьць маюць да 15% апытаных.