У Беларусі ствараюць войскі кібэрабароны

Як паведамляе сайт «Ваенна-палітычнага агляду», падчас сумесных беларуска-расейскіх стратэгічных вучэньняў «Захад-2013» плянуецца прэзэнтаваць беларускія войскі кібэрабароны, а таксама новыя комплексы «Іскандэр- М».
Упершыню ў вучэньнях «Захад-2013» будуць браць удзел сілы і сродкі кібэрнэтычнай барацьбы Ўзброеных Сілаў. Міністэрства абароны Беларусі пакуль не раскрывае іх асабісты склад. Мяркуецца, што функцыі кібэрабароны можа выконваць галоўны інфармацыйна-вылічальны цэнтар і цэнтар забесьпячэньня бясьпекі інфармацыйных тэхналёгіяў Узброеных Сілаў РБ.

Спэцыялісты кібэрнэтычнай барацьбы будуць абараняць інфармацыйныя сеткі і рэсурсы Ўзброеных Сіл ад магчымых кібэратакаў. У якасьці крыніц кібэрпагрозаў разглядаюцца «асобныя тэхналягічна разьвітыя дзяржавы» і «арганізацыі ананімных хакераў-тэрарыстаў».

Акрамя гэтага, на закрытым паказе плянуецца прадэманстраваць апэратыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр-М», экспартны ўзор якога будзе пастаўлены ў Беларусь ужо неўзабаве. Гэтыя ракетныя комплексы Расея плянуе разьмясьціць у Калінінградзкай вобласьці і ў Беларусі ў выпадку разгортваньня амэрыканскай сыстэмы ПРА ва Ўсходняй Эўропе.