Гомель нарадзіў яшчэ адну «Талаку»

Сход кааліцыі «За справядлівыя выбары для лепшага жыцьця „Талака“»

У Гомелі з падачы лідэраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна, Беларускай партыі працоўных Аляксандра Бухвостава, кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктара Карняенкі ўтворана яшчэ адна апазыцыйная кааліцыя.
І названа яна грамадзянскім альянсам «За справядлівыя выбары для лепшага жыцьця „Талака“». Ад рэгіёну абрана 7 дэлегатаў, якія 22 верасьня возьмуць удзел у рэспубліканскай канфэрэнцыі па стварэньні падобнай агульнанацыянальнай кааліцыі.

Прысутныя кіраўнікі партый прызналі, што ў краіне няма самадастатковай палітычнай структуры, здольнай у адзіночку зьмяніць аўтарытарны рэжым у Беларусі, па віне якога нарастае сацыяльна-эканамічны крызіс, карупцыя, фальшуюцца выбары, душыцца іншадумства, абмяжоўваецца свабода слова, а ў турмах пакутуюць палітнявольнікі.

Змяніць сытуацыю можна супольна, лічаць ініцыятары сходу. І толькі тады, калі вярнуць грамадзянам Беларусі адабранае ў іх законнае права свабоднага выбара ўлады й курсу краіны

Народнаму рэфэрэндуму, які ініцыяваны рухам «За свабоду», кампаніяй «Гавары праўду» і БНФ, прысутныя асаблівай веры не давалі, бо рэальна правесьці рэфэрэндум немагчыма. Цэнтравыбаркам нават не зарэгіструе ініцыятыўную групу. А ўдзел у выбарчых кампаніях дасьць магчымасьць рэальна дайсьці да людзей, пераканаць, што цяперашнія эканамічныя й сацыяльныя праблемы наўпрост зьвязаны з магчымасьцю выбіраць ня толькі дэпутатаў, але й кіраўнікоў абласьцей, гарадоў, раёнаў.

На сходзе прысутнічалі й прадстаўнікі раней створанай апазыцыйнай кааліцыі, у прыватнасьці БНФ і кампаніі «Гавары праўду». Яны таксама ня супраць працаваць у альянсе «За справядлівыя выбары для лепшага жыцьця „Талака“», калі на тое будзе воля сталічных кіраўнікоў гэтых структураў.