Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд адмовіў руху «За справядлівыя выбары»


Вярхоўны суд падтрымаў адмову Мін’юста ў рэгістрацыі аб’яднаньня «За справядлівыя выбары».

Скарга сяброў аргкамітэту праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня «За справядлівыя выбары» на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі не задаволеная Вярхоўным судом.

Такое рашэньне абвясьціў судзьдзя Валерый Самалюк.

Мін’юст адмовіў аб’яднаньню ў рэгістрацыі зь дзьвюх фармальных прычын. Першая — сьпіс заснавальнікаў аб’яднаньня быў напісаны ад рукі, другая — у статуце сярод формаў дзейнасьці значылася правядзеньне трэнінгаў і канцэртаў, а на гэта трэба мець адпаведную ліцэнзію.

Прадстаўнікі аргкамітэту «За справядлівыя выбары» лічаць гэтыя прычыны надуманымі. Яны даводзілі ў судзе, што падчас папярэдняй спробы рэгістрацыі аб’яднаньня прэтэнзіі наконт запаўненьня сьпісу заснавальнікаў ад рукі не вылучаліся. Ліцэнзію ж на правядзеньне канцэртаў і трэнінгаў аргкамітэт плянаваў атрымаць ужо пасьля рэгістрацыі аб’яднаньня.

Адмовы ў рэгістрацыі сузаснавальнік аб’яднаньня «За справядлівыя выбары» Сяргей Калякін разглядае як «спробу ня даць весьці выкрывальную дзейнасьць адносна чыноўнікаў, якія перашкаджаюць рэалізацыі права грамадзян на свабоду выбіраць і быць абраным»:

«Мін’юст абараняе тых прадстаўнікоў улады, якія робяць немагчымай рэалізацыю грамадзянамі сваіх палітычных правоў. Ні для кога не сакрэт, што ўжо на працягу дзесяцігодзьдзя выбары ў нашай краіне не прызнаюцца аўтарытэтнымі міжнароднымі арганізацыямі і значнай часткай грамадзян, што вынікі, якія заносяцца ў пратакол галасаваньня, не адпавядаюць волевыяўленьню грамадзян. Таму дзяржава вельмі зацікаўленая ў тым, каб не было грамадзкіх арганізацыяў, якія дзейнічаюць на законнай падставе і выкрываюць злачынную дзейнасьць тых людзей, якія ўтрымліваюцца ва ўладзе незаконным шляхам», — сказаў БелаПАН Калякін.

Гэта ўжо другая няўдалая спроба рэгістрацыі аб’яднаньня «За справядлівыя выбары». Першая была ў 2011 годзе пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG