«Nazareth» больш няма

«Са смуткам паведамляем, што з-за хваробы лёгкіх Дэн Маккафэрці (нарадзіўся ў Шатляндыі ў 1946 годзе) вымушаны спыніць сваю працу,» — гаворыцца ў паведамленьні на афіцыйнай старонцы «Nazareth».
Ці істотная гэта падзея? Ці варта пісаць пра гэта? Канешне, «Назарэт» гэта не «Аэрасьміт» ці «Бон Джові», таму і ў мэдыях факт сыходу Дэна Маккафэрці на пэнсію ня надта асьвятляецца. Але я перакананы, што для мільёнаў аматараў творчасьці «Назарэт», у тым ліку і шматлікіх беларусаў, гэта важная інфармацыя. Для мяне асабіста — дакладна. Натуральна, можна пісаць пра роспач фанатаў ды пра тое, што «рок-музыка згубіла...», але лепей ня так... Лепей узгадаць, колькі радасьці і сапраўдных хардрокавых эмоцыяў прынесьлі нам гэтыя спадары зь невялікага шатляндзкага мястэчка Дамфэрмляйн...

Такім чынам, 1973 год, альбом «Loud’n’Proud» і першы гіт — This flight tonight. Песьня чужая, але выкананая так, што арыгінал (што, зрэшты, рэдка здараецца), як кажуць, адпачывае.



І ў гэтым жа годзе яшчэ адзін несьмяротны гіт, але ўжо аўтарскі — Broken Down Angel (альбом «Razamanaz»).



Праз два гады — сапраўдны выбух у выглядзе найбольш, бадай, пасьпяховай назарэтаўскай кружэлкі «Hair of the dog». У гэтым альбоме няма слабых кампазыцыяў. А гэты голас... Безь яго няма гурту «Назарэт». Паслухайце хаця б песьню «Miss Misery»



Цяжка паверыць, што запісвалася ўсё тады без аніякіх кампутарных «падцяжак».

1975 стаўся для «Назарэт» пераломным перадусім з-за вялікага камэрцыйнага посьпеху альбому «Hair of the dog». У гэтым жа годзе легендарны Рычы Блэкмар, які толькі разьвітаўся з Deep Purple, запрашае Маккафэрці далучыцца да свайго новага праекту «Рэйнбоў», але шатляндзец нечакана адмаўляецца. «Дзякуй, але я ўжо граю ў гурце і гэты гурт — „Назарэт“», — кажа ён Блэкмару.

Як гэта звычайна бывае, знайшоўшы адпаведны саўнд, які прыносіць посьпех (для Назарэт гэта быў несумненна «Hair of the dog»), гурты працягваюць у гэткім жа стылі запісваць чарговыя кружэлкі. Але не Маккафэрці і каманда. Два наступныя альбомы «Close enough for rock’n’roll» i «Play’n’the game» (абодва — 1976) ня толькі розьняцца паміж сабою, але і зусім не падобныя да пасьпяховага «Hair of the dog».



Чаму ж было не працягваць у стылі «Hair of the dog» ды зарабіць кучу грошай? У размове са Свабодай у 2005 годзе Дэн Маккафэрці так адказаў на гэтае пытаньне:

Карэспандэнт: «Найбольш пасьпяховы альбом «Hair of the dog» Nazareth запісалі ў 1975 годзе — моцныя кампазыцыі, вельмі добры, прагрэсіўны гук і непраўдападобна моцны вакал Дэна Маккафэрці зрабілі гэтую кружэлку «плятынавай». Мяне заўсёды цікавіла, чаму шатляндцы не запісалі, так бы мовіць, працяг гэтага альбому, з падобным гучаньнем, песьнямі, як гэта робіць шмат хто, каб дасягнуць яшчэ большага камэрцыйнага посьпеху. Тут увогуле варта адзначыць, што Nazareth увогуле ня маюць падобных адзін да другога альбомаў — гэта тычыцца нават тых, што былі запісаныя ў тым самым годзе.

Маккафэрці: «Ведаеце, мы ня хочам стаць сумнымі. Мы проста граем тое, што падабаецца нам, і гэта заўсёды быў галоўны крытэрый. Ці нам падабаецца гэта? Так, тады запішам. Я таксама люблю музыку, хаджу ў краму і купляю дыскі іншых выканаўцаў. І некаторыя гурты запісваюць, як напрыклад Eagles, частку адзін, Eagles частка два, і гэтак далей, дык мяне такая музыка не цікавіць — гэта ж сумна! Мы хацелі, каб нашыя прыхільнікі „расьлі“ разам з намі — дарэчы так у большасьці выпадкаў і было. На шчасьце».


Я таксама рос разам з «Назарэт» і, як мне падаецца, заўсёды іх разумеў.

Чарговыя кружэлкі гурту ўсё болей зьдзіўлялі фанатаў. Прыкладам, «The fool Circle» для большасьці зь іх стаўся зусім незразумелым. Аднак жа з пэрспэктывы часу цяжка спрачацца з тым, што гэта — выбітны альбом. І, што цікава, упершыню на ім зьявіліся тэксты на палітычныя тэмы (Dressed to kill), ну і, канешне, незабыўная баляда «Let me be your leader»...
http://www.youtube.com/watch?v=O5N-aLHaJRQ

Сярэдзіна 90-х гэта пэўны заняпад у творчасьці шатляндцаў, але ўжо ў 1989 годзе выходзіць кружэлка «Snakes’n’laders» з гітом «Animals», якая ізноў вяртае «Назарэт» у першыя шэрагі хард рокавай гвардыі.



Наступныя дзьве дэкады прынесьлі яшчэ тры студыйныя і два канцэртныя альбомы, у якіх кожны аматар творчасьці гурту несумненна знойдзе шмат цікавага.



Цікава і тое, што сам Дэн Маккафэрці, нягледзячы на парады лекараў, да апошняга не хацеў адмовіцца ад канцэртаў. Апошні раз Вялікі Голас Року выйшаў на сцэну ў Швэйцарыі тыдзень таму, але змог прасьпяваць толькі тры песьні...

Такім чынам канчаецца гісторыя гурту, які не пратрымаўся доўга ў першай абойме сусьветнай рок-музыкі. Але ў краінах былога СССР, у тым ліку і ў Беларусі, шатляндзкую чацьвёрку заўсёды ставілі ў адзін шэраг з Led Zeppelin, Deep Purple ці Black Sabbath, бо... Насамрэч ніхто ня ведае чаму так сталася. Можа яны нам былі ў нечым блізкія?

Ёсьць яшчэ маленькая надзея на тое, што атрымаецца выдаць новую, апошнюю кружэлку, якая, паводле неафіцыйнай інфармацыі, ужо музыкамі «Назарэт», прынамсі часткова, запісаная.

«So you wanna be a rock’n’roll star
Just listen now to what I say
Get yourself an electric guitar
and take some time and learn to play»

Nazareth, Telegram part II