Патупчыку аддалі энэргетыку

Уладзімер Патупчык

Міністрам энэргетыкі Беларусі прызначаны Ўладзімер Патупчык.
Таксама кіраўнік краіны даў згоду на прызначэньне Яўгена Воранава генэральным дырэктарам дзяржаўнага вытворчага аб’яднаньня электраэнэргетыкі «Белэнэрга».

Раней «за правалы ў кіраваньні энэргетычнай галіной» вызвалены ад займанай пасады міністар энэргетыкі Аляксандар Азярэц.

Акрамя таго, Лукашэнка звольніў першага намесьніка міністра энэргетыкі Эдуарда Таўпянца і генэральнага дырэктара «Белэнэрга» Аляксея Шырму.

16 красавіка на нарадзе па разьвіцьці энэргетыкі Лукашэнка заявіў, што энэргетыкі збудавалі сваю дзяржаву ў дзяржаве «з элемэнтамі мафіі і банды».

Уладзімер Патупчык нарадзіўся ў 1958 годзе ў Сьветлагорску. Вучыўся ў расейскай Акадэміі дзяржслужбы пры прэзыдэнце Расеі. Пасьля працы намесьнікам старшыні Гомельскага аблвыканкаму трапіў на пасаду памочніка прэзыдэнта. Потым быў міністрам працы і сацыяльнай абароны, намесьнікам прэм’ер-міністра Беларусі, намесьнікам старшыні Савету рэспублікі.

На пасадзе міністра працы і сацыяльнай абароны Ўладзімер Патупчык выступаў за скасаваньне ільготаў у Беларусі. У 2007 годзе Ўладзімер Патупчык, кіруючы прыватным аўтамабілем, зьбіў чалавека, які ад траўмаў памёр у шпіталі.