Разьвітаньне з хакейнымі ілюзіямі

Беларускія хакеісты працягваюць расчароўваць заўзятараў. Менскае «Дынама», прайграўшы трэці запар паўфінальны паядынак рыскім аднаклюбнікам, выбыла з Кубку надзеі Кантынэнтальнай хакейнай лігі, які ў прастамоўі яшчэ называюць «кубкам лузэраў». Хоць адпачатку мэта перад камандай ставілася зусім іншая — адолець як мінімум аднаго суперніка на стадыі плэй-оф, што за пяць папярэдніх сэзонаў менчукам яшчэ не ўдавалася. Калі ж «Дынама» ня трапіла ў запаветную васьмёрку, была акрэсьленая іншая задача — заваяваць Кубак надзеі і паўмільёна даляраў, у барацьбу за якія ўступілі 10 няўдачнікаў КХЛ. Спартовая грамадзкасьць абмяркоўвае чарговы правал беларускага хакею.

Перад сустрэчай з рыскімі дынамаўцамі (як выявілася — апошняй у сэзоне) кіраўнік назіральнай рады «Дынама» (Менск) Юры Бародзіч параіў гульцам не зважаць на вал крытыкі і справай паказаць нядобразычліўцам, што каманда заслугоўвае іншай долі. Па яго словах, станоўчы вынік у Кубку надзеі павінен толькі падкрэсьліць выпадковасьць нявыхаду ў плэй-оф КХЛ. Але пасьля чарговага фіяска падначаленых кадравы супрацоўнік органаў дзяржбясьпекі, былы кіраўнік службы аховы прэзыдэнта Бародзіч рызыкуе першым трапіць пад скарачэньне. Іншая найбольш верагодная кандыдатура на звальненьне — старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі Яўген Ворсін.

Дарадца прэзыдэнта ў пытаньнях спорту Максім Рыжанкоў яшчэ на мінулым тыдні паабяцаў, што кадравых ракіровак трэба чакаць найбліжэйшым часам — далей адцягваць у спадзяваньні, што нешта зьменіцца, нельга:

«Тое стаўленьне заўзятараў, якое выяўляецца на форумах, выяўляецца ў прэсе, якое выяўляецца ў прыватных гутарках — у цэлым да стану беларускага хакею, да стану юнацкага хакею, да таго, якія вынікі ў нас атрыманыя на ўзроўні зборнай, на ўзроўні выступаў нашых камандаў у расейскіх турнірах — яно паказвае агульнае нашае з вамі незадавальненьне працай фэдэрацыі. Таму размова прынцыпова ішла і з прэзыдэнтам, які таксама падтрымлівае пункт гледжаньня адносна таго, што трэба зрабіць, каб зьмяніць працу фэдэрацыі, зьмяніць працу тых нашых топавых клюбаў, якія гуляюць у міжнародных турнірах».

Ігар Рачкоўскі

Яшчэ больш радыкальны ў высновах першы віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Ігар Рачкоўскі. Па яго словах, менскае «Дынама» ў цяперашнім выглядзе разбазарвае народныя грошы на заробкі хакейным «гастарбайтэрам», перастаўшы пры гэтым быць кузьняй кадраў для галоўнай зборнай краіны:

«У мяне пытаньне: а за кошт чаго фінансуецца „Дынама“? У асноўным за кошт дзяржаўных рэсурсаў, спонсарскіх уліваньняў — перш за ўсё, дзяржпрадпрыемстваў. То бок мы, падаткаплатнікі, трацім нашы сродкі не на разьвіцьцё, а на падтрымку хакеістаў дальніх краінаў, якія, не адбыўшыся, прыяжджаюць да нас, па сутнасьці, як гастарбайтэры. Гэта калі паглядзець на аклады, якія ёсьць у камандзе. Безумоўна, гэта трэба ліквідаваць. Калісьці ставілася задача, што менскае „Дынама“ павінна стаць базавым клюбам нацыянальнай зборнай, дзе павінна ісьці абкатка. Таму, вядома, тэма для ўсіх балючая, бо вельмі шмат было ўкладзена ў хакей. І тое раздражненьне, якое выклікае сытуацыя ў хакеі ў нашых людзей, яно абсалютна адэкватнае. Надышоў час, калі мы павінны кардынальна гэтую сытуацыю зьмяніць».

Апошнім часам няўдачы ў беларускім хакеі сыпаліся адна за адной. Нацыянальная зборная праваліла алімпійскі кваліфікацыйны турнір, па выніках якога страціла шанцы трапіць на зімовую Алімпіяду-2014 у Сочы. Менскае «Дынама» спачатку адразу ня трапіла ў лік васьмі наймацнейшых у сваёй канфэрэнцыі і засталося па-за бортам вырашальных матчаў КХЛ, а напярэдадні спыніла змаганьне за суцяшальны Кубак надзеі для аўтсайдэраў. Сталічнае «Юнацтва» фінішавала на апошнім радку ў расейскай Вышэйшай хакейнай лізе, пасьля чаго заявіў пра спыненьне трэнэрскай дзейнасьці шматгадовы настаўнік менчукоў Міхаіл Захараў.

Аляксандар Пуціла

Спартовы камэнтатар Аляксандар Пуціла перакананы: беларуская прапаганда зрабіла вялікія посьпехі ў навязваньні стэрэатыпу пра хакей як ледзьве не нацыянальны від спорту ў краіне, але насамрэч за фасадам ня створана нічога, што магло б падтрымаць такую перакананасьць:

«Добра хоць тое, што ўрэшце прыйшлі да высновы: трэба ў першую чаргу выхоўваць падрастаючае пакаленьне. Таму што, як паказвае практыка, фізычная наяўнасьць лядовых палацаў сама па сабе не прыводзіць да вынікаў на ўсясьветных хакейных форумах. Лядовыя палацы — гэта ўсё ж, як кажуць, надбудова. А базіс — гэта выхаваньне, пошук юных, маладых хакеістаў, мэтанакіраваны пошук талентаў. Пры гэтым трэба ня проста запаўняць імі групы, каб займацца, каб трэнэры атрымлівалі стаўкі і аклады, а сапраўды займацца грунтоўнай сэлекцыяй. З улікам апошніх вынікаў я толькі ўмацоўваюся ў перакананьні, што хакей — не беларускі від спорту. Таму вельмі цяжка знаходзіць тут таленты, якія маглі б дапамагчы зборнай ці таму ж „Дынама“ найбліжэйшым часам».
З улікам апошніх вынікаў я толькі ўмацоўваюся ў перакананьні, што хакей — не беларускі від спорту

Правальныя вынікі азмрочваюцца і іміджавымі скандаламі. Дысцыплінарны камітэт Міжнароднай фэдэрацыі хакею часова адхіліў ад гульняў за нацыянальную зборную і менскае «Дынама» Андрэя Міхалёва — станоўчай аказалася допінг-проба, узятая ў Міхалёва 8 лютага падчас кваліфікацыйнага турніру ў Даніі. Удакладняецца, што ў арганізьме спартоўца знойдзеныя сьляды забароненага прэпарату «мэтылгексанаміну». Да вынясеньня канчатковага рашэньня ён ня мае права гуляць у афіцыйных сустрэчах, пад пытаньнем ягоны ўдзел у травеньскім чэмпіянаце сьвету, які пройдзе ў Швэцыі і Фінляндыі.

Допінгавыя скандалы зь беларусамі здараюцца рэгулярна. Днямі Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі абвясьціла вынікі паўторнай праверкі пробаў атлетаў па выніках усясьветнага першынства 2005 году ў Хэльсынкі. З шасьці станоўчых пробаў чатыры належаць беларусам — малатабойцам Івану Ціхану і Вадзіму Дзевятоўскаму, штурхальнікам ядра Андрэю Міхневічу і Надзеі Астапчук. Усе злоўленыя паўторна і наўрад ці змогуць працягнуць спартовую кар’еру.

Гэтаксама станоўчыя пробы «А» выяўленыя ў пяці чальцоў каманды па пажарна-ратавальным спорце (Дзьмітрыя Сімака, Мікалая Васільчанкі, Дзьмітрыя Шчаўліка, Уладзімера Стральчэні, Максіма Шапарава), якую летась прывёў да званьня чэмпіёнаў сьвету цяперашні міністар спорту і турызму Аляксандар Шамко. На ранейшай пасадзе намесьніка міністра па надзвычайных сытуацыях генэрал Шамко курыраваў якраз гэтае напаўваенізаванае падразьдзяленьне.