Актывісты прапанавалі «БАТЭ», «Белшыне» і «Славіі» перайсьці на беларускую мову

Футбольны клюб "Менск" прыслаў адпіску

Напярэдадні чэмпіянату Беларусі па футболе, які пачнецца 30 сакавіка, грамадзянская ініцыятыва «Справаводзтва па-беларуску!» зьвярнулася да футбольных клюбаў з прапановай пашыраць ужываньне беларускай мовы.
Актывісты прапануюць кіраўніцтву клюбаў пісаць па-беларуску прозвішчы гульцоў на спартовай форме, праводзіць гукавое і візуальнае суправаджэньне матчаў, а таксама стварыць вэрсіі сайтаў клюбаў і выкарыстоўваць беларускую мову ў стасунках з прэсай.

«Гэтыя невялікія захады, што не панясуць выдаткаў, дазволяць ня толькі падвысіць патрыятызм сярод беларусаў, падвысіць выкарыстаньне беларускай мовы, але і падвысіць цікавасьць да чэмпіянату, а гэта ў сваю чаргу больш прададзеных квіткоў і рэклямы — прамая выгада для клюбу» — гаворыцца ў распаўсюджанай заяве.

Звароты былі дасланыя ў футбольныя клюбы БАТЭ, Белшына, Гомель, Дынама (Берасьце), Дынама (Менск), Дняпро, Мінск, Нафтан, Нёман, Славія, Тарпеда-БелАЗ, Шахтар.

Лідэр кампаніі Ігар Случак паведаміў Радыё Свабода:

«У сярэдзіне 22-га Чэмпіянату мы ўжо зьвярталіся з падобнай ініцыятывай да клюбаў і шмат дзе мы атрымалі станоўчыя водгукі. Але іх рэалізацыя была адкладзеная, яны матывавалі гэта тым, што сэзон ужо пачаўся, і ўносіць нейкія зьмены ў арганізацыю альбо складана, альбо немагчыма. Але нам было шмат дзе дадзена цьвёрдае абяцаньне, што ў новым сэзоне нашыя прапановы ў тым ці іншым выглядзе будуць падтрыманыя. Цяпер мы вырашылі нагадаць футбалістам аб іх слове, спадзяюся, яны яго стрымаюць».