У Менску адкрываецца кніжны кірмаш

На кніжным кірмашы ў Менску, 2011 год

6 лютага ў Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» адкрываецца ХХ Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, у якой бяруць удзел прадстаўнікі 25 краін сьвету. Яе дэвіз — «Чытаючы кнігу, знаходзіш сябе».
У экспазыцыі кірмашу будзе прадстаўлены стэнд незалежнага беларускага выдавецтва «Галіяфы», на якім пройдзе шэраг прэзэнтацый. Сярод іх — кнігі Ўладзімера Гніламёдава «На рубеже времён», альбома жывапісу мастака Алеся Родзіна і іншых. Таксама тут будуць наладжаныя аўтограф-сэсіі Анатоля Вярцінскага, Валянціна Акудовіча, Андрэя Федарэнкі, Арцёма Кавалеўскага і Пятра Васючэнкі. Таксама на стэндзе будзе экспанавацца новая карціна Алеся Родзіна «Вока».

Таксама на стэндзе амбасады Польшчы плянуюцца прэзэнтацыі кніг аўтараў, якія ўвайшлі ў лонг-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца. Сёньня Ўладзімер Някляеў прэзэнтуе кнігу “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”. Пасьля прэзэнтацый адбудуцца аўтограф-сэсіі на стэндзе выдавецтва “Логвінаў”.

Падчас выставы нямецкая амбасада перадасьць частку прадстаўленых у экспазыцыі на сваім стэндзе кніг у падарунак тром беларускім школам — у Бабруйску, Гомелі і Віцебску. Нямецкі пісьменьнік Нікол Любіч 9 лютага сустрэнецца на стэндзе зь беларускімі школьнікамі. Таксама ў менскім інстытуце імя Гётэ пісьменьнікі Нікол Любіч і Ўладзімер Арлоў прачытаюць свае творы.

На стэндзе амбасады Францыі «Падарожжа» прадстаўнікі парыскай кнігарні «Ля Бушры» пазнаёмяць наведнікаў з сучаснымі кірункамі францускай літаратуры. Гасьцямі стэнда будуць прэзыдэнт «Цэнтру пісьменьнікаў Поўдня Францыі» , ляўрэат Ганкураўскай прэміі Поль Канстан, пісьменьнікі Крысьціян Гарсэн і Луі Сандэрс.

Амбасада ЗША запрашае наведаць свой стэнд «Кнігі, якія вызначылі Амэрыку». Тут будуць прадстаўленыя выданьні, якія зрабілі рашучы ўплыў на сьветапогляд амэрыканцаў і адлюстроўваюць непаўторную літаратурную спадчыну ЗША. Наведнікі змогуць узяць удзел у кампутарнай віктарыне, прысьвечанай амэрыканскай літаратуры.

На выстаўцы пакажуць факсыміле Полацкага Эвангельля 12-га стагодзьдзя, падрыхтаванага выдавецтвам Беларускага экзархату.

У 2017-м годзе спаўняецца 500 год ад выданьня Францыскам Скарынам першай кнігі на беларускай мове. Беларускі бок спадзяецца, што гэта дае магчымасьць Менску прэтэндаваць на статус Усясьветнай сталіцы кнігі 2017 году.