Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі году: Кніга-2012


Беларускія кнігі на сёлетнім кніжным кірмашы ў нямецкім Франкфурце
Беларускія кнігі на сёлетнім кніжным кірмашы ў нямецкім Франкфурце

«Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» па вэрсіі часопіса «Sexus» стаў найлепшай беларускай кнігай з выдадзеных у 2012 годзе. А ў рэйтынгу, складзеным кнігарняй «Логвінаў», першы радок займае «Вялікае Княства Літоўскае» Ўладзімера Арлова і Зьмітра Герасімовіча.

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч кажа, што адну кнігу назваць ніяк ня можа, бо год быў багаты на добрыя выданьні.

«Што найперш згадваецца? Гэта праца, якую зрабіў Уладзімер Арлоў. Я маю на ўвазе і яго паэтычную кнігу „Сьвецяцца вокны ды нікога за імі“, і канечне, гістарычную, прысьвечаную Вялікаму Княству Літоўскаму. Таксама згадваецца кніга Валянціна Акудовіча, „Кніга пра Нішто“. Гэта выбранае. Шмат кніжак выйшла ў бібліятэчцы Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Гэта кнігі Анатоля Вярцінскага, Леаніда Галубовіча, Ірыны Багдановіч. Папоўнілася, дарэчы, і нашая так званая турэмная літаратура новымі кнігамі. Гэта кнігі Ўладзімера Някляева „Лісты да Волі“ і Аляксандра Фядуты „Американские стихи“. І яшчэ хацелася б адзначыць тое, што Саюз пісьменьнікаў змог нарэшце распачаць сваю сэрыю дэбютных кніжак для маладых літаратараў „Пункт адліку“. У ёй сёлета выйшла пяць кніжак — Анкі Ўпалы, Кацярыны Зыкавай, Кірылы Дубоўскага, Андрэя Пакроўскага, Насты Манцэвіч. І кожная з гэтых кніжак па-свойму адметная, па-свойму цікавая, і мне хацелася б, каб на іх таксама зьвярнулі ўвагу чытачы».

Кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч лічыць найлепшымі перакладныя кнігі.

«Мне здаецца, вельмі харошая паэтычная перакладная кніга зьявілася — гэта кніга лірыкі польскага паэта Тадэвуша Ружэвіча „Без“. Вельмі харошая кніжка прозы зьявілася, кніга басьнійскага пісьменьніка Міленкі Ергавіча „Іншала, Мадона, іншала“. Але гэта — як бы прызёры. А абсалютны тут пераможца, мне здаецца, — вялікі дзіцячы польскі пісьменьнік Януш Корчак і ягоны трохтомнік. У яго ўвайшлі кнігі „Кароль Мацюсь Першы“, „Кароль Мацюсь на бязьлюдным востраве“, а таксама „Кайтусь-чарадзей“. Вось гэты трохтомнік мне падаецца найцікавейшым кніжным выданьнем».

Незалежны кнігараспаўсюднік Алесь Яўдаха бяз доўгага роздуму назваў адну кнігу, якая, паводле ягонага меркаваньня, мела найбольшы пакупніцкі попыт.

«Вялікае Княства Літоўскае» Ўладзімера Арлова і Зьмітра Герасімовіча. Сёлета пастаўлю яе на першае месца».

А вось меркаваньне дырэктара інтэрнэтнай кнігарні «Prastora.by» Алеся Квіткевіча:

«У мяне няма абсалютна ніякіх сумневаў — гэта кніга, якая два дні таму пабачыла сьвет. Гэта новы раман Уладзімера Някляева „Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без“. Гэтая кніга выйшла ў маладым, якое толькі пакуль што гэтаю кнігай пра сябе і заявіла, выдавецкім праекце „Паперус“. Не хацеў бы ўсіх падрабязнасьцяў раскрываць вось цяпер — няхай гэта будзе таямніцаю і прыемным адкрыцьцём для чытачоў кнігі, але гэтая кніга, сапраўды, на маю думку, найлепшая кніга 2012 году».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG