Стартавала Прэмія Гедройца

Альгерд Бахарэвіч, Павал Касьцюкевіч, Артур Клінаў. цырымонія прысуджэньня літаратурнай прэміі Ежы Гедройца сёлета.

Аргкамітэт другой прэміі Ежы Гедройца аб’явіў склад журы. Аўтары найлепшых беларускіх кніжак, выдадзеных у 2012 годзе, будуць аб’яўленыя ў сакавіку 2013 году.
У склад журы літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца зь беларускага боку увойдуць філёзаф, эсэіст Валянцін Акудовіч, паэт і празаік Уладзімер Арлоў, празаік і перакладчык, ляўрэат прэміі Гедройца за 2011 год Павал Касьцюкевіч, літаратурны крытык Ганна Кісьліцына, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч, паэт, перакладчык, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтру Андрэй Хадановіч.

Валянцін Акудовіч і Ўладзімер Арлоў адмовіліся намінавацца на прэмію, каб мець магчымасьць працаваць у журы. У Валянціна Акудовіча сёлета выйшла «Кніга пра Нішто», а ва Ўладзімера Арлова ― «Пакуль ляціць страла».

У склад журы ўвойдуць таксама чатыры чалавекі з польскага боку. Іх імёны будуць вядомыя пазьней.

Як пракамэнтаваў Радыё Свабода сакратар прэміі Ежы Гедройца Павал Анціпаў:

«Задача прэміі – падтрымаць беларускую прозу, папулярызаваць яе. Ці гэта мастацкая проза ці эсэістыка. Ужо сёлета прыкладна на 50% больш кніжак заяўлена, чым у мінулым годзе. То бок актывізаваліся людзі, пісьменьнікі, і зараз ужо каля 30 працаў. Гэта ня сьведчыць, што ўсе будуць прынятыя ў якасьці канкурсантаў. Спачатку фармуецца папярэдні сьпіс прэтэндэнтаў, зь якога потым будуць абраныя 12-прэтэндэнтаў у лонг-ліст, а потым шэсьць – у шорт-ліст».

Летась ляўрэатамі прэміі Гедройца сталі Павал Касьцюкевіч, Альгерд Бахарэвіч і Андрэй Федарэнка.