Лукашэнка даручыў стварыць музэй Васіля Быкава

Музэй будзе ўтвораны на базе лецішча Быкава ў Ждановічах.

Як паведамляе БелТА, па даручэньні Лукашэнкі пачатая праца па стварэньні музэю народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава. Музэй будзе адчынены на базе лецішча Быкава ў Ждановічах 6 Менскага раёну.

У гэтых мэтах 27 ліпеня прынятая пастанова ўраду, у адпаведнасьці зь якой лецішча бясплатна перададзена Ірынай Міхайлаўнай Быкавай ва ўласнасьць дзяржавы.

«Гэты дзень зьяўляецца адпраўной кропкай у справе ўвекавечаньня памяці пісьменьніка і захаваньня яго творчай спадчыны», — падкрэсьлілі ў Мінкультуры.

Музэй ствараецца як філіял Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры. На працягу 2012–2014 гадоў будзе праведзены капітальны рамонт лецішча Васіля Быкава зь яго прыстасаваньнем пад музэйную ўстанову, а таксама будзе добраўпарадкавана прылеглая тэрыторыя, створаны камфортныя ўмовы для наведнікаў.

Адначасова па даручэньні Лукашэнкі супрацоўнікі Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры вядуць навуковую апрацоўку архіву Васіля Быкава і асабістых рэчаў пісьменьніка, якія знаходзяцца ў яго кватэры і на лецішчы. Гэтыя прадметы і дакумэнты складуць аснову экспазыцыі музэю пісьменьніка, стварэньне якой плянуецца ажыцьцявіць у 2013–2014 гадах.

Васіль Васільевіч Быкаў:

"Лецішча будавалі мы самі год 30 таму, – расказаў "Свабодзе" сын Быкава Васіль. – Я думаю, Міністэрства культуры магло б само даць памяшканьне пад музэй, а не карыстацца ўжо гатовым. Апрацоўваюць рэчы бацькі зь менскай кватэры. Асабістыя рэчы з гарадзенскай кватэры я перадаў у музэй Быкава, створаны вэтэранамі Другой сусьветнай вайны, і ў музэй газэты "Гродзенская праўда". Нядаўна знойдзены архіў і сшыткі бацькі аддаў Сяргею Шапрану. Гэтыя матэрыялы леглі ў аснову кнігі "Васіль Быкаў. Гарадзенскі архіў".

Генадзь Бураўкін:

"Я рады такому рашэньню высокага кіраўніцтва. Лепш позна, чым ніколі. Мне б не хацелася, каб на гэтым рашэньні ўсё скончылася. Варта працягнуць увекавечваньне памяці Васіля Быкава. Ужо час мець плошчы і вуліцы імя Быкава і ў Віцебску, і ў Менску, і ў іншых мясьцінах. Нялішне было б, каб Полацкі ўнівэрсытэт атрымаў яго імя, бо Васіль – той, хто нашу родную Полаччыну праславіў на ўвесь сьвет. Даўно пара мець акадэмічны збор твораў Быкава. Гэта, хіба, найлепшы для пісьменьніка помнік. Я хацеў бы верыць, што рашэньне пра музэй – пачатак вялікай работы, якую мы абавязаныя зрабіць".

Удава пісьменьніка Ірына Міхайлаўна камэнтаваць інфармацыю "Белты" пра перадачу лецішча пад музэй адмовілася.