Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летапіс Ларысы Геніюш


Спачатку – пра адну дату. Рыхтуючы “Лісты з Зэльвы” да выданьня ў сэрыі “Гарадзенская бібліятэка”, я зьвярнуў увагу, як Ларыса Геніюш у пісьмах да сваёй самай задушэўнай сяброўкі Зоські Верас радуецца зьяўленьню на сьвет юных зэльвенцаў. Нараджэньне дзяцей – заўсёды радасьць, але ў дадзеным выпадку меў значэньне запісаны ў мэтрыках дзень: “Нарадзіўся хлопчык Юрка – цудоўны! Расьце – як абразок у харошай сям’і. Зьявіўся на сьвет 25 САКАВІКА 1958 г. У гэты дзень яму спраўляюць урачыста дзень народзінаў. І ягонай маці я загадала спраўляць яго заўсёды!”. І далей – пра другі выпадак: “З якім страхам чакалі мы дзіцятка. Нарадзіўся Віктар – будучы гаспадар, радасьць і гонар сям’і. Было гэта ў 1959 годзе – 25 САКАВІКА!”.

Ведаючы, што яе лісты пэрлюструюцца ў абавязковым парадку, Ларыса Геніюш не магла пісаць наўпрост пра Акт 25 сакавіка, пра БНР і сваю да яе прыналежнасьць. І таму выкарыстоўвала дзеля гэтага такі незвычайны спосаб. Дзе вы сёньня падзеліся, народжаныя ў гістарычны для Беларусі дзень зэльвенскія Юркі і Віктары, чыё зьяўленьне на сьвет было зафіксаванае ня толькі ў местачковым ЗАГСе, але і ў эпісталярным летапісе Ларысы Геніюш?

Летапіс гэты пісаўся ў другой палове ХХ стагодзьдзя ў ціхамірнай Зэльве, дзе пра летапісаньне згадвалася хіба толькі на ўроках гісторыі ў мясцовай школе. Баркулабаўскі, Супрасьлеўскі, Іпацеўскі летапісы… Гаворачы пра іх, наўрад ці зэльвенскія настаўнікі і вучні ведалі, што зусім непадалёк, на вуліцы Савецкай, у той час пісаўся яшчэ адзін летапіс – Геніюшаўскі. Паэтка цягам дзесяцігодзьдзяў нястомна стварала сваю ўласную хроніку беларускага жыцьця. У сваіх лістах (а пісалася іх за дзень часам па два-тры) яна ня толькі занатоўвала жыцьцёвыя ўражаньні. Мабыць, няма ніводнай больш-менш значнай падзеі ў грамадзка-культурным жыцьці тагачаснай Беларусі, якую абмінула б яе пяро. І з гэтага гледзішча Геніюшаўскі летапіс – зьява ўнікальная, якая павінна асэнсоўвацца і з літаратурнага, і з гістарыяграфічнага гледзішча.

Лічыцца, што летапісы паведамлялі пра самае галоўнае і гераічнае – “і бысьць сеча зла”…. Колькі тых сечаў апісана летапісцамі! Але часам праўда гісторыі раскрываецца для нас і ў негістарычных, на першы погляд, запісах. Згадайма той жа Баркулабаўскі летапіс, які сярод іншага паведамляў і пра страшны голад, які спустошыў магілёўскую зямлю ў 1602 годзе. Паведамляў сухімі лічбамі, пералікам імёнаў памерлых і коштаў на меру жыта. Але нашчадкаў сёньня ўзрушваюць ня лічбы, а словы, моўленыя зьнядоленымі просьбітамі каля прачыненых варотаў “силне, слезне и горко: матухно, зезулюхно, утухно, панюшко, сподариня, солнце, месец, звездухно, дай крошку хлеба”...

Гэтак і ў летапісе Геніюшаўскім уражваюць найперш дэталі прыватнага жыцьця – і самой аўтаркі, і яе сяброўскага атачэньня. У тым летапісе мы можам прачытаць, як паэт і старшыня Вярхоўнага Савету БССР Максім Танк, прыехаўшы ў Зэльву, парушаў усе партыйныя рэглямэнты і найперш наведваў не райвыканкам, а хату Геніюшаў. Запрашаў апальную паэтку друкавацца ў часопісе “Полымя”, а пры патрэбе і дапамагаў Ларысе Антонаўне вырваць моркву ў агародзе. На старонках таго летапісу мы бачым калярытную постаць Уладзімера Караткевіча, які аднойчы загасьцяваўся ў Зэльве тыдні на два, спаіў валяр’янкай геніюшаўскага ката, але і адрэдагаваў на грамадзкіх пачатках рукапіс зборніка “Невадам зь Нёмана”. Паводле таго летапісу можна аднавіць падрабязную гісторыю слаўнага Гудзевіцкага музэю, чый заснавальнік Алесь Белакоз ішоў на самыя розныя хітрыкі, каб атрымаць ад паэткі ўнікальны экспанат – падвойны дыван, вытканы ў 1910 годзе… Усіх герояў Геніюшаўскага летапісу пералічыць проста немагчыма.

З асаблівай увагай Ларыса Геніюш у сваім эпісталярным летапісе фіксавала падзеі, якія адбываліся на яе роднай Гарадзеншчыне. Да яе лістоў будуць неаднойчы зьвяртацца дасьледчыкі творчасьці Васіля Быкава, з якім паэтка ліставалася гадоў дзесяць. У яе лістах знайшла сваё адлюстраваньне і дзейнасьць Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі, і функцыянаваньне праваслаўных сьвятыняў – зэльвенскай Сьвята-Троіцкай царквы і жыровіцкага Сьвята-Ўсьпенскага манастыра. З Геніюшаўскага летапісу мы можам даведацца пра апошнія хвіліны жыцьця нараджэнца Зэльвеншчыны старшыні Рады БНР Васіля Захаркі і пра тое, як рэагавалі гарадзенцы на палёт чалавека на Месяц, пра сьвяткаваньне Вялікадня ў Гулагу і пра тое, колькі каштавала ялавічына ў зэльвенскай краме 7 лістапада 1977 году. Героямі Геніюшаўскага летапісу сталі самыя розныя людзі – знакамітыя і малавядомыя; зрэшты, адносіны зь імі ўсімі паэтка выбудоўвала без аглядкі на іх рангі і пасады, зважаючы перадусім на сумленнасьць і беларускі патрыятызм.

Расшукаўшы і апублікаваўшы сотні лістоў Ларысы Геніюш, я і не спадзяваўся, што сам атрымаю ад яе незвычайнае пасланьне. Адбылося гэта ў памятны для мяне дзень 28 ліпеня 2011 году. Зь сёньняшняй гаспадыняй старой геніюшаўскай хаты Марыяй Дайкала мы праглядалі тэхнічны пашпарт будынку, вопіс гаспадарчых пабудоваў і саду. Усе дакумэнты былі складзеныя работнікамі Зэльвенскага камунгасу падчас куплі хаты ў спадкаемцаў паэткі ў 1987 годзе. Я праглядаў тыя паперы і ўсьцешана думаў, што яны дапамогуць калісьці майстрам-рэстаўратарам аднавіць першапачатковы выгляд хаты, якая, дарэчы, мае даволі паважны век – збудаваная яшчэ ў 1895 годзе. І будзе адчынены ў той хаце Музэй Ларысы Геніюш, на які вернецца мэмарыяльная шыльда, самаўпраўна сарваная са сьцяны зэльвенскімі ўладамі ў жніўні 2010-га – акурат перад сотымі ўгодкамі паэткі.

Раптам цётка Марыя ўспомніла, што дзесьці ў адным з падвалаў (пад хатай іх два) захаваліся некалькі старых крэслаў, якія засталіся ад былых гаспадароў. Па маёй настойлівай просьбе яна спусьцілася ўніз і неўзабаве вынесла адтуль два крэслы з загнутымі па даўняй модзе падлоктавікамі. Ужо дома я іх уважліва агледзеў. Крэслы добра захаваліся, праўда, былі запэцканыя ў белай фарбе. Было відно, што іх выкарыстоўвалі ў якасьці падмосткаў пры фарбаваньні столі. Пад седзівам аднаго з крэслаў я ўбачыў дзьве выразна выведзеныя літары: Ź.B. Памяць імгненна падказала: Ź.B. – гэта скарочаныя словы Źyvie Biełaruś! Так падпісвалі свае лягерныя лісты і ксівы беларусы – вязьні Гулагу. Мяне як токам пранізала, паколькі з таго самага Геніюшаўскага летапісу я ведаў, што фарбаваньнем хаты займалася сама паэтка, а значыць Ź.B. на крэсьле напісана ўласнаручна Ларысай Антонаўнай. Усяго дзьве літары, але які дарагі і знакавы ўбачыўся мне ў іх сэнс! Зразумела, што позна ці рана тыя крэслы вернуцца ў геніюшаўскую хату як каштоўныя мэморыі. Разам з пісьмовым сталом, друкаркай, старажытным абразам і другімі рэліквіямі, месцазнаходжаньне якіх мне вядомае. Іх сёньняшнія ўладальнікі проста чакаюць адпаведнага моманту.

З выданьнем кнігі “Лісты з Зэльвы” ў шматспадзеўнай сэрыі “Гарадзенская бібліятэка”, якую каардынуе энэргічны Павал Мажэйка, у Геніюшаўскім летапісе дадалося колькі сотняў старонак, але яны далёка не апошнія. Новыя знаходкі чакаюць нас у спарадкаваных архіўных фондах, у забытых на гарышчах спадчынных сямейных валізах, у спадзяваных і неспадзяваных месцах. Як тыя дзьве літары на аплеценым павуціньнем крэсьле – Ź.B.

Лісты з Зэльвы працягваюць ісьці.

Прэзэнтацыя “Лістоў з Зэльвы” Ларысы Геніюш ды іншых выданьняў “Гарадзенскай бібліятэкі” адбудзецца ў Горадні 24 сакавіка падчас Беларускай дыктоўкі (вул. Будзённага, 48-а, пачатак а 14.00).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG