Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ствараецца беларускі фонд у замежным музэі Васіля Быкава



Саюз беларускіх пісьменьнікаў заявіў, што распачынае акцыю па стварэньні фонду беларускай мовы і культуры ў першым замежным музэі народнага пісьменьніка Васіля Быкава.


Музэй месьціцца ў сярэдняй школе мястэчка Вялікая Севярынка Кіраваградзкай вобласьці Ўкраіны. У гэтай мясцовасьці Быкаў некалі ваяваў і ледзь не загінуў. Падзеі таго часу леглі ў аснову рамана "Мёртвым не баліць".

"Пішыце нам, расказвайце нам больш пра Васіля Быкава. Яшчэ мы марым стварыць у нашым музэі куток беларускай культуры. Калі можна, прышліце нам сьцяг, герб і гімн Беларусі… А яшчэ мы хочам вывучыць беларускую мову. Калі можна, дашліце нам беларуска-расейскі слоўнік. Тады мы зможам чытаць творы беларускіх пісьменьнікаў на іх роднай мове. Дзякуй вам за лісты, за фотаздымкі, за падтрымку", — пішуць школьнікі і настаўнікі зь Вялікай Севярынкі.

Саюз беларускіх пісьменьнікаў заклікае адгукнуцца на гэтую просьбу і сабраць вартую бібліятэку кніг па беларускай мове, літаратуры і гісторыі.

Вітаюцца як беларусазнаўчыя мастацкія і гістарычныя выданьні, так і кнігі мовазнаўчага характару: слоўнікі, навучальныя дапаможнікі і іншыя.

Збор кніжнага фонду для школы ў Вялікай Севярынцы будзе праходзіць з 1 па 31 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG