Міхаіл Лемяшэўскі: «Выбіраючы колер крыла, я ўзьняў кроў сваю і сваіх продкаў».

Міхаіл Лемяшэўскі зьдзейсніў палёт на мотапарапляне над Ганцавічамі. Фота Ганцавіцкі час

Беларус Міхаіл Лемяшэўскі, які ўжо 18 гадоў працуе ў будаўнічым бізнэсе ў Расеі, зьдзейсьніў 20-хвілінны палёт на мотапарапляне зь бел-чырвона-белым крылом над роднымі Ганцавічамі.
Свой палёт ён зьняў на відэакамэру. Відэа абыйшло многія беларускія сайты. Іна Студзінская зьвязалася зь Міхаілам Лемяшэўскім, які зараз працуе ў Санкт-Пецярбургу.

Карэспандэнтка: «Міхаіл, адкуль у вас такое нетыповае для Беларусі захапленьне — параплянэрызм?»

«Гэта самы просты від паветраплаваньня, самы просты, самы даступны. У жыцьці так атрымліваецца: каб лепш штосьці пабачыць — лепш адыйсьці ад аб’екта на адлегласьць. А яшчэ лепш — узьняцца на вяршыню. Дык вось каб паглядзець, якая прыгожая зямля, асабліва Бацькаўшчына, дзе вырас. Я не лічу сябе старым, але я даволі дарослы чалавек, для мяне лепш за ўсё — падняцца ў неба. Уражаньні проста непаўторныя!»

Карэспандэнтка: «І менавіта над роднымі мясьцінамі вы гэты незвычайны ваяж зьдзейсьнілі?»

«Так. Але першы мой палёт быў над роднай вёскай, дзе вырас я, дзе вырасьлі мае дзеці, дзе жылі мае дзяды, прадзеды — гэта Пінскі і Столінскі раён. Я паўсюль там праляцеў».

Карэспандэнтка: «А колеры такія невыпадкова былі абраныя?»

«Калі ўзяць чыстую паперу альбо белую матэрыю і пасярэдзіне — кроў, і ўзьняць гэта высока-высока, каб усе бачылі, і сказаць: гэта кроў мая і маіх продкаў. І будзе яна ў вечнасьці, у маіх дзецях, нашчадках».

Карэспандэнтка: «Міхаіл, а не баяліся вы так рызыкаваць? Вы ж ведаеце, што ў Беларусі за бел-чырвона-белы сьцяг могуць пасадзіць? Вось зараз за мядзьведзікаў маладыя хлопцы ў турме КДБ знаходзяцца».

«Не. На самой справе першае жаданьне было — палятаць. Але, выбіраючы колер крыла, я ўзьняў кроў сваю і сваіх продкаў».

Карэспандэнтка: «Міхаіл, некалькі слоў пра сябе. Мы ведаем, што вы — беларус, але працуеце па-за межамі краіны?»

«Так, я працую ў будаўнічай сфэры. Я па адукацыі — архітэктар, працую інжынэрам-будаўніком».

Карэспандэнтка: «А якія найбліжэйшыя мары, зьвязаныя з параплянэрызмам?»

«Проста лятаць, задавальненьне атрымліваць. І да вышэйшага пілятажу дайсьці».

Рэдактар газэты «Ганцавіцкі час» Пятро Гузаеўскі добра ведае Міхаіла Лемяшэўскага і назіраў па палётам земляка.

«Яшчэ адзін наш зямляк зь вёскі Люсіна, які таксама ў Расеі працуе, купіў дэльтаплян. А Міхаілу таксама захацелася лятаць. Зарабіў грошай, пайшоў вучыцца ў клюб мотаплянэрызму, бо там патрэбныя адмысловыя навыкі. Гэта сапраўды няпроста — у паветры, калі вецер гэтае крыло рве... Купіў бел-чырвона-белае палатно. Пэўна ж, купіў сьвядома, таму што некалі Міхаіл Лемяшэўскі быў старшынём раённай Рады БНФ».