Беларусы, што ваявалі за Напалеона, стануць ворагамі народу?

23 - 24 лістапада 2012 году ў Менску па гэтым пытаньні пройдзе "міжнародная канфэрэнцыя" з удзелам усіх адпаведных міністэрстваў Беларусі.
Удзельнікі канфэрэнцыі "Айчынныя войны Сьвятой Русі" выступілі з прапановай вярнуць у беларускія падручнікі і навуковую літаратуру тэрмін "Айчынная вайна 1812 году". Пра гэта гаворыцца ў лісьце, накіраваным 6 ліпеня ў Міністэрства адукацыі і ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, паведамляе агенцтва "Рэгнум".

Канфэрэнцыя прайшла ў Бярэсьці ў рамках выставы "Брэст праваслаўны", арганізаванай удзельнікамі праекту "Западная Русь".

Аўтары звароту падкрэсьлілі, што названая карэкцыя выкладаньня гісторыі ў навучальных установах Беларусі неабходная, як супрацьдзеяньне "пераацэньвальшыкам" і "фальсыфікатарам", якія імкнуцца падаць падзеі 1812 году, як расейска-францускую вайну, а не як абарону беларускай зямлі ад францускай заваёвы.

"Аднаўленьне гістарычнай праўды аб Айчыннай вайне 1812 года важна для разуменьня сапраўднай гісторыі нашай краіны, агульнасьці гістарычных лёсаў беларусаў і расейцаў і захаваньня іх адзінства як галоўнай умовы развіцьця Беларусі і Расеі ў сучасным сьвеце", – гаворыцца ў заяве.

23 - 24 лістапада 2012 году ў Менску па гэтым пытаньні пройдзе "міжнародная канфэрэнцыя" з удзелам усіх датычных міністэрстваў і дзяржаўных ведамстваў Беларусі.