З АГП выйшаў актывіст, якога «не пусьцілі на зьезд»

Рыгор Грык

Баранавіцкі актывіст АГП Рыгор Грык напісаў заяву на выхад з Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ён выказвае пратэст кіраўніцтву партыі на чале з Анатолем Лябедзькам.
Рыгор Грык паведаміў «Свабодзе», што адной з прычын ягонага рашэньня было тое, што ён ня быў дапушчаны на зьезд АГП 31 сакавіка:

«Я хацеў паўдзельнічаць і выказацца на зьезьдзе, каб прынялі рашэньне, што кіраўніком партыі можна быць адзін ці два тэрміны. І расказаць, што рэальная праца ў баранавіцкай арганізацыі АГП не праводзіцца. Кіраўнік па Баранавічах Камбалава Анжэла Набіеўна пры сустрэчы сказала, што я нявыхаваны і таму не магу быць на зьезьдзе. Я ёй сказаў, што я хачу прагаласаваць супраць Лябедзькі, таму што нельга быць заўсёды кіраўніком. Ёсьць моладзь, павінна нешта мяняцца».

З слоў спадара Грыка, яго абурыла , што «на прэзыдэнцкіх выбарах сябры АГП працавалі ў штабах іншых кандыдатаў» і што «кіраўніцтва партыі не дапамагае рэгіянальным актывістам»:

«Анатоль Лябедзька, дарэчы, абяцаў дапамагчы на мясцовых выбарах, але, напэўна, забыў. Падчас удзелу ў парлямэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата па Баранавіцкім і Ляхавіцкім раёне неаднойчы зьвяртаўся да Камбалавай Анжэлы за дапамогай. У яе былі заўсёды адгаворкі».

З гэтых прычынаў, кажа Рыгор Грык, ён напісаў заяву аб выхадзе з партыі.

Уладзімер Вуек

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімер Вуек да пачатку сёньняшняга зьезду так пракамэнтаваў «Свабодзе» ўчынак баранавіцкага актывіста:

«Была вызначана норма прадстаўніцтва дэлегатаў на зьезд. Праходзілі раённыя, гарадзкія, абласная канфэрэнцыі, дзе вылучаліся дэлегаты. У гэтым ня бачым нічога страшнага, гэта нармальна, калі людзі прыходзяць і выходзяць. Бо на працягу году ў нас выйшлі з партыі 2 чалавекі, а прыйшло, уступіла ў партыю больш за 70 чалавек за апошні год. А тое, што тычыцца Грыка, мы, канечне, хацелі б, каб ён да нас прыйшоў і мы зь ім маглі б пагаварыць. На жаль, гэтага ён ня робіць.»

Тым ня меней, кажа Ўладзімер Вуек, яму шкада пра такое рашэньне баранавіцкага актывіста.