Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
У СУБОТУ...
...і нядзелю будзе ветрана і адліжна, магчымы дождж са сьнегам. Тэмпэратура каля 0.
НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:
У суботу ў эфіры Свабоды: а) «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» — эсе пра Міхася Лынькова; б) «Зона Свабоды» — аўдыёзапіс дыскусіі для Белсату, у якой расейскія прэзыдэнцкія выбары абмяркоўвалі Аляксандар Лукашук, Юры Дракахруст, Браян Уітмар і Кірыл Кобрын.
У нядзелю ў «Праскім акцэнце» Юры Дракахруст разважае на некалькі тэмаў: Чым ёсьць сьвята 8 сакавіка — сьвятам барацьбы за правы жанчын ці ўскоснай дэманстрацыяй іх няроўнасьці? Дыскрымінацыя жанчын — рэальнасьць ці выдумка фэміністак? Ці смачны боршч у Лідзіі Ярмошынай? Чым павінна ахвяраваць жанчына дзеля каханьня? Гэтыя тэмы разам з мадэратарам абмяркоўваюць заснавальніца мультымэдыя-часопісу «34» Ірына Віданава, сьпявачка Руся і культуроляг Юлія Чарняўская.
У ГЭТЫЯ ДНІ Ў БЕЛАРУСІ І Ў СЬВЕЦЕ:
10 сакавіка — дачнікі й жыхары Смалявіцкага раёну заплянавалі правесьці сход, каб абмеркаваць пляны ўладаў пабудаваць на тэрыторыі раёну кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Арганізатары сходу выступаюць з ініцыятывай правесьці мясцовы рэфэрэндум на гэты конт.
10 сакавіка — у Барысаве мае адбыцца суд над актывістам Партыі БНФ Анатолем Аскеркам, на якога склалі адміністрацыйны пратакол за ўдзел у акцыі, прымеркаванай да дня нараджэньня палітвязьня Андрэя Саньнікава.
10 сакавіка — Парлямэнтарныя выбары ў Абхазіі.
11 сакавіка — канцэрт Сьвятаслава Вакарчука, лідэра ўкраінскага гурту «Акіян Эльзы», у Палацы рэспублікі ў Менску. Пачатак а 19.00.
11 сакавіка — Эўрапейскі дзень памяці пра ахвяры тэрарызму.
11 сакавіка — Дзень аднаўленьня незалежнасьці ў Літве.
***
Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажыце больш поўна прадставіць беларускі дзень — дашліце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫЯ ДНІ:
10 сакавіка
1939 — у Менску адкрылі будынак Дзяpжаўнага тэатру, опэpы і балету Белаpyсi.
Нарадзіліся:
10 сакавіка
1926 — Васіль Супрун, ініцыятар заснаваньня і кіраўнік беларускага антысавецкага падпольля на тэрыторыі Заходняй Беларусі, паэт, краязнавец, археоляг.
1933 — Серафім Андраюк, літаратурны крытык.
1942 — Міхась Ткачоў, беларускі археоляг, гісторык архітэктуры, палітычны дзяяч.
11 сакавіка
1887 — Алесь Гарун, беларускі паэт.
1903 — Тодар Кляшторны, беларускі паэт
1911 — Леў Гарошка, беларускі рэлігійны дзяяч.
Памерлі:
10 сакавіка
2005 — Апанас Пятровіч Цыхун, беларускі пэдагог, краязнаўца, літаратар.
2011 — Янка Сіпакоў, беларускі пісьменьнік, перакладчык.
11 сакавіка
1941 — Аляксандар Уласаў, грамадзкі дзяяч, рэдактар першай беларускай газэты «Наша Ніва».
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
Хачу жыць,
Захлынацца і верыць.
Піць каханьня нязведаны боль...
Дай руку мне,
Дай вусны, дай сэрца,
Дай мне воч тваіх чад-алкаголь.
Сёньня п’яны вячэрнія далі,
Сёньня п’яна вячэрняя боль...
Прамінайце, юнацкія хвалі
Прамінайце жыцьцёвую мель.
Прамінайце, жыцьцёвыя стыні.
Хай заранкамі дні зіхацяць...
...Прамінайце!..
А ў гэтых прамінах
Ёсьць адвечная існасьць жыцьця:
Маладосьць —
Гэта дзіўная казка,
Непаўторная ў нашым жыцьці...
...Ападаюць
Чароўныя краскі,
Ападаюць,
Каб больш не цьвісьці...
Тодар Кляшторны
ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ «СВАБОДЫ»:
H2О Law: Мы хочам паставіць Лукашэнку перад судом
Наста Палажанка атрымала прэмію Дзярждэпартамэнту ЗША
Беларуска-расейскі гандаль рабамі