Міліцыянты абшукалі машыну газэты «Витебский курьер»

Машынай кіравала журналістка выданьня Юлія Канаплёва. Яна кажа, што ДАІ спыняла яе за апошні час неаднаразова, але выключна тады, калі яна езьдзіла ў машыне рэдактара незалежнай газэты.
Юлія Канаплёва лічыць, што за гэтай машынай адмыслова сочаць, каб «перахапіць» наклад газэты.

6 лютага каля 17:30 машыну, у якой яна ехала, чарговы раз спынілі супрацоўнікі ДАІ. Неўзабаве пад’ехалі яшчэ некалькі машын, дзе былі людзі ў цывільным, якія перамаўляліся зь міліцыянтамі. Спадарыні Канаплёвай прапанавалі адчыніць багажнік для агляду, але яна адмовілася рабіць гэта без пратаколу і панятых.

Празь дзьве з паловай гадзіны, цягам якіх Юліі Канаплёвай забаранялі ехаць, зьявіліся супрацоўнікі міліцыі зь неабходнымі паперамі. Пачаўся агляд. Супрацоўнікі міліцыі запісвалі ўсё, што бачылі ў багажніку, а таксама ў салёне машыны.

Не знайшоўшы нічога «падазронага», затрыманай прынесьлі прабачэньні. У салёне быў усяго адзін асобнік газэты «Витебский курьер», які супрацоўнікі міліцыі запісалі ў пратакол агляду, але канфіскоўваць ня сталі.