Камітэт ААН стаў на бок актывісткі з Гомелю

Марыся Тульжанкова

Грамадзкая актывістка з Гомелю Марыся Тульжанкова атрымала адказ з Камітэту ААН па правах чалавека. Камітэт устанавіў, што правы Тульжанковай, прадугледжаныя артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, былі парушаныя дзяржавай.


«Для мяне гэта вельмі нечакана. Мне здавалася, што мая драбнаватая справа ў шэрагу іншых спраў у Беларусі ня вартая такой увагі з боку ўплывовай міжнароднай структуры. Мы як бы ўжо прызвычаіліся да пастаяннага парушэньня сваіх правоў. Але гэты ліст ад Камітэту ААН мяне ўсьцешыў, дадаў настрою. Усё ж такі нас не пакідаюць сам на сам з нашымі праблемамі — мы й на міжнародным узроўні можам адстойваць свае правы».

У сакавіку 2008 году пасьля канцэрту гурта N.R.M. у Гомельскім грамадзка-культурным цэнтры Марыся раздала мінакам віншавальныя паштоўкі з Днём Волі і запрашэньнем узяць удзел 25 сакавіка ў сьвяткаваньні гэтай памятнай даты ў Менску.

Тульжанкову схапілі невядомыя ў цывільным, адвезьлі ў міліцыю, абшукалі, а пасьля даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Марыся да суду правяла двое сутак у ізалятары, а пасьля суд Цэнтральнага раёну прызнаў яе вінаватай у парушэньні закону пра масавыя мерапрыемствы і пакараў штрафам у 350 тысяч рублёў (на той момант — 162 даляры). Скаргі Марысі ў абласны і Вярхоўны суды ня мелі плёну.

Гомельскі «Цэнтар стратэгічнай цяжбы» дапамог Тульжанковай падрыхтаваць зварот у Камітэт ААН па правах чалавека. Прайшло амаль тры гады перш як зварот быў разгледжаны.
Нацыянальны закон пра масавыя мерапрыемствы ня толькі не адпавядае міжнародным абавязкам нашай краіны, але й груба топча правы й свабоды...

Леанід Судаленка, кіраўнік «Цэнтру стратэгічнай цяжбы»: «Рашэньне Камітэту ААН ў дачыненьні да Тульжанковай пацьвярджае той факт, што нацыянальны закон пра масавыя мерапрыемствы ня толькі не адпавядае міжнародным абавязкам нашай краіны, але й груба топча правы й свабоды кожнага грамадзяніна Беларусі на мірныя сходы, на атрыманьне й вольны распаўсюд інфармацыі».

Паводле Камітэту ААН па правах чалавека, беларускія ўлады павінны апублікаваць рашэньне, прывесьці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасьць з падпісаным Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і забясьпечыць Тульжанковай кампэнсацыю нанесенай матэрыяльнай шкоды.

У прыватным меркаваньні адзін з чальцоў Камітэту ААН выказаўся й за вызначэньне канкрэтнага памеру кампэнсацыі маральнай шкоды, якую ўрад мусіў бы сплаціць Марысі Тульжанковай. Справа маладой дзяўчыны — сёмая па ліку з Гомелю, на якую станоўча адрэагаваў Камітэт ААН па правах чалавека. Усяго ў гэтую міжнародную структуру з рэгіёну пададзена звыш паўсотні скаргаў грамадзянаў. На 32 зь іх атрыманы адказ, што яны прыняты да разгляду.