Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе беларусы, там і Купальле


У ноч з 6 на 7 ліпеня ў Беларусі сьвяткуюць Купальле — сьпяваюць купальскія песьні, скачуць праз вогнішча, пускаюць па рацэ вянкі, сплеценыя з лугавых зёлак. Асобныя знаўцы й шанавальнікі купальскай традыцыі, як, да прыкладу, актывісты гомельскай моладзевай краязнаўчай суполкі "Талака", ладзяць Купальле 22—24 чэрвеня, падчас астранамічнага летняга сонцастаяньня і найвышэйшага росквіту прыродных сілаў. Акурат у гэты час вадзілі купальскія карагоды продкі цяперашніх беларусаў.

Гомельскія талакоўцы для сьвяткаваньня Купальля сёлета абралі ўзьбярэжжа ракі Сож блізу вёскі Хальч Веткаўскага раёну. На ладнай сьвежавыкашанай палянцы яшчэ да заходу сонца шчыравалі хлапцы й дзяўчаты з Гомеля, Веткі, Менску. Адны зьбіралі гальлё для вогнішча, высякалі шост, майстравалі кола-сонца, арэлі, аздаблялі іх зёлкамі, іншыя — плялі вянкі, каб раніцай пусьціць на рачную плынь, гатавалі вячэру й адмысловы купальскі крупнік.



Намесьніца старшыні гомельскай "Талакі" Марыся Тульжанкова апавяла, чаму сёлета месца для сьвяткаваньня Купальля абрана менавіта ля вёскі Хальч і чым сьвята вабіць маладых людзей:

Марыся Тульжанкова
"Месца тут чароўнае — і гістарычна, і духоўна. Тут непадалёк ёсьць капішча язычніцкае, дзе маліліся нашы продкі дахрысьціянскім багам. Плюс яшчэ тут Сож — вельмі спрыяльныя ўмовы, спрыяльны ляндшафт для правядзеньня Купальля. Вада, зеляніна, зямля, атмасфэра духоўнасьці, узьнёсласьці. І кожны з нас, прысутных, адчувае магію гэтых сьвятаў аграрнага календара, якія ўшаноўвалі нашы продкі. Купальле — яно найбольш такое яркае, містычнае, магічнае".

Продкі беларусаў шчыра верылі, што купальская ноч самая чароўная: дрэвы зь вечара да раніцы могуць хадзіць, зьвяры размаўляюць, а людзі — разумеюць іх мову. Зёлкі ў гэты час набываюць цудадзейную моц, агонь і вада ачышчаюць чалавека, надаюць яму небывалую сілу.

Маладая выпускніца Гомельскага ўнівэрсытэту спадарыня Ніна тлумачыць свой удзел у купальскім сьвяце:

Ніна

"Хоць я скончыла факультэт замежных моваў, але да беларускага, да свайго цягне — гэты абрад, гэтая самая яскравая ноч у годзе. Вельмі прывабна й добра бачыць маладых людзей, якія ведаюць нашы карані, усе гэтыя абрады. Удзельнічаць мне надзвычай прыемна".

Сяброўкі суразмоўцы зь песьнямі ўпрыгожваюць змайстраваныя арэлі, каб узьлятаць на іх ці не да самых нябёсаў.


Калі падрыхтоўка да йгрышча ўжо амаль скончылася, нечакана лінуў дождж. Моладзь зьбеглася пад самаробны шацёр, дзе іх чакала першая вячэра. Хлапцы й дзяўчаты за стравай гаварылі крышачку пра сябе дзеля большага знаёмства, зычылі добрага настрою, вясёлага сьвята й плёну ў пошуках папараці-кветкі — для сябе, для сяброў, для краіны.


Зьміцер Новікаў, сябра "Талакі" й аматар беларускай гісторыі, лічыць, што без Купальля, без традыцыйных нацыянальных абрадаў і сьвятаў беларусы ня будуць беларусамі:

"Было б дзіўна, каб мяне нешта не цягнула на такія сьвяты. Я — беларус, сын гэтай зямлі, я тут нарадзіўся. Гэтак рабілі мае продкі. Хто я такі, каб гэтага не рабіць?".

Пасьля падмацунку багата моладзі выправілася да старажытнага паганскага капішча. Узьбіраліся на высокі ўзгорак, парослы лесам. Відаць, колішні правы бераг Сажа. Пад магутнымі клёнамі й было некалі сьвяцілішча. Сюды, аднак, няма турыстычнага маршруту, а мясцовыя жыхары аблюбавалі ўзгорак для… выпальваньня каляровага дроту з прамысловых кабэляў.

Зьміцер Новікаў (у цэнтры)

Спадар Новікаў згадвае пра вяртаньне капішча ў сучасную гісторыю:

"Гэта сакральнае для нашых продкаў месца — сьвяцілішча. Наколькі я ведаю, яно было раскапана й дасьледавана Алегам Макушнікавым, адным зь вядучых археолягаў нашай Гомельшчыны. Нашы продкі тут маліліся багам. Гэта была нейкая сувязь з космасам, з сусьветам. Месца, безумоўна, сьвятое".

На палянку, дзе хлапцы сіляцца запаліць мокрую клетку дроў з шастом у цэнтры й упрыгожаным колам на вяршку, пільгрымы вяртаюцца ўжо ў прыцемках.

З трэцяй ці чацьвёртай спробы дровы запалалі — здагадлівы аўтааматар ахвяраваў крышку паліва.

Да сьвята далучаецца дудар Ігнат Жардзецкі. Ён родам з Гомеля, але працуе зараз інжынэрам-будаўніком у Менску. Граў на духавых інструмэнтах, а пасьля набыў дуду й таксама навучыўся. На Купальле прыяжджае адмыслова:

Ігнат Жардзецкі

"Я шчыра падтрымліваю традыцыю беларускай культуры. Мне прыемна, што моладзь цікавіцца беларускімі абрадавымі традыцыямі, і Купальлем у тым ліку".

Ігнатава дуда заводзіць "Ойру", і моладзь парамі пачынае танцы вакол вогнішча.

Музыкі, песьняў, скокаў, жартаў было багата купальскай ноччу па-над Сажом.


Гомельскі студэнт Дзьмітры прапанаваў дадаць у купальскі абрад рэгіянальны аспэкт — баранаваньне зямлі самаробнай бараной. Кажа, што дазнаўся пра гэта ад карманскіх хлапцоў:

"Загадзя моладзь скрадала барану ў каго-кольвечы з гаспадароў. У гэтую барану, калі ішлі на Купальле, запрагалі хлапцоў, і яны цягнулі яе. Дзяўчаты ішлі ззаду і сьпявалі жартоўныя песьні. Лічу, што ў гэтым свая аграрная сымболіка. Барану пасьля спальвалі на вогнішчы. Відаць, давалі агню такую ахвяру, каб радзіла поле".


Культуроляг, фальклярыст, доктар філялёгіі Тацяна Валодзіна зь Менску кажа, што палявыя экспэдыцыі й паведамленьні ў СМІ даюць шырокую палітру сьвяткаваньня Купальля ў Беларусі:

"З аднаго боку, усё ж такі захоўваюцца асноўныя кампанэнты сьвята, прымеркаванага да летняга сонцастаяньня, уганараваньня сонца. Гэта — сьвята росквіту прыроды, чалавечай плоднасьці, патэнцыі, сілы. Ідэя гэтая й да сёньня разумеецца і падтрымліваецца паленьнем вогнішча, карагодамі і наагул такім празьмерна вясёлым характарам сьвяткаваньня".

Гэта, як кажа культуроляг, такі публічны складнік сьвята. Але ёсьць яшчэ, так бы мовіць, эзатэрычны складнік, зьвязаны з чарадзействам, калі зацьвітае папараць-кветка, выходзяць розныя ведзьмакі ды іншыя дэманічныя сілы.

Таму да Купалы трэба выпалаць гарод, на Купалу — нічога не пазычаць. На Купалу ўтыкаюць у хляве крапіву, каб ведзьма ня ўлезла.

Паводле доктара Валодзінай, найлепей купальская традыцыя захавалася ў Віцебскай вобласьці.

На поўдні Беларусі Купальле мае сваю адметнасьць: "Палеская традыцыя збольшага — яна на першае месца выносіла другі складнік: актывізацыю дэманічных сілаў. Ведзьмы на Купальле на Палесьсі скрозь ходзяць. Купальле й вылучаецца на Палесьсі тым, што тут ведзьму палілі. Рабілі пудзіла, такую ляльку (цэнтар — Маларыта, вось той куточак) і палілі. Лялька гэтая ўвасабляла ўсе грахі вясковыя, і іх палілі. А ўжо ўласна паленьне вогнішча й скокі вакол яго — гэта прынесьлі клубныя работнікі".

Што да купальскіх сьпеваў, то іх таксама мала дзе захоўваюць — хіба толькі ў адмысловых гуртах, дзе ёсьць носьбіты традыцый:

"На жаль, тыя абрадавыя сьпевы й карагоды нярэдка ператвараюцца ў "чарачку" і "цячэ вада ў ярок", у лепшым выпадку, а ў горшым — "Не слышны в саду даже шорохи". Але ідэя зьбірацца ў гэты дзень недзе за вёскай, паліць вогнішча, ладзіць супольныя дзеі — гэта застаецца. І гэта добра. Тым больш што ёсьць яшчэ й такія збольшага моладзевыя асяродкі, якія праводзяць Купальле па кананічных узорах — так, як было раней".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG