У Беларусі больш купляюць алькаголю і піва

Паводле Белстату, больш як на 10% павялічыўся ў 2011 годзе продаж алькагольных напояў і піва ў Беларусі.

Статыстыкі параўноўвалі аб’ёмы продажу летась у студзені-кастрычніку з аналягічным пэрыядам 2010 году. Выявілася, што гарэлкі прадалі ў Беларусі больш амаль на 19%, піва — больш амаль на 12%, а вось пладовых вінаў прадалі менш на 3,8%. На 26% павялічыўся таксама продаж пеністых і шампанскіх вінаў.

Паводле назіральнікаў, у Беларусі цяпер самая танная гарэлка ў параўнаньні з краінамі-суседзямі. Бутэльку беларускай гарэлкі можна набыць за 18–20 тысяч рублёў, альбо крыху больш як за 2 даляры.

Расьце ў Беларусі і колькасьць алькаголікаў, якія стаяць на ўліку. У 2007 годзе іх было 177 тысяч, у 2008-м —179 тысяч, у 2010-м — 182 тысячы. Паводле адмыслоўцаў, сярод алькаголікаў усё болей моладзі і жанчын.