Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сварка вакол піўной бутэлькі


Меркаваньні беларускіх і расейскіх уладаў наконт статусу піва разышліся. Беларусь настойвае, што піва не павінна лічыцца алькагольным напоем і абарот яго павінен рэгулявацца асобным тэхнічным рэглямэнтам.

У Расеі ж з траўня 2011 году піва лічыцца алькагольным напоем — згодна з новай вэрсіяй фэдэральнага закону «Аб дзяржрэгуляваньні алькагольнага рынку». Праект тэхнічнага рэглямэнту «Аб бясьпецы алькагольнай прадукцыі» Мытнага саюзу павінен прайсьці працэдуру публічнага абмеркаваньня, а потым яго маюць падпісаць кіраўнікі ўрадаў трох краінаў, што ўваходзяць у Мытны саюз. Але на стадыі абмеркаваньня Беларусь заняла жорсткую пазыцыю.

На перамовах па ўзгадненьні адзінага тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу «Аб бясьпецы алькагольнай прадукцыі» беларусы сваю пазыцыю абгрунтавалі тым, што прызнаньне піва алькагольным напоем пацягне за сабой фактычна зьнішчэньне ўсёй піваварнай галіны краіны. Галоўная праблема для беларускіх вытворцаў — тара. Амаль 80% піва ў Беларусі разьліваюць у ПЭТ-бутэлькі. А згодна з праектам тэхрэглямэнту, для піва дапускаецца толькі шкляная тара.

Начальнік аддзелу маркетынгу замежнага прадпрыемства «Бровары Хайнэкен» Дар’я Лыскавец распавяла:

«Піва ў ПЭТ-тары складае ў нас 76% ад усёй прадукцыі, гэта вельмі вялікая частка. Натуральна, гэтая забарона для нас будзе зьвязаная зь вельмі вялікімі праблемамі. Лініі з выкарыстаньнем шклатары ў нас ёсьць, але яны ўсё адно ня змогуць перакрыць увесь гэты аб’ём. Акрамя таго, шкляныя бутэлькі выпускаюцца ў краіне ў недастатковай колькасьці, давядзецца іх імпартаваць».

Начальнік сэктару піваварнай галіны канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Яўген Мар’юшыч кажа, што наступствы для бровараў будуць вельмі сур’ёзныя:

«Палова заводаў стане. Прынамсі, магутнасьцяў для забесьпячэньня ўнутранага рынку ня хопіць абсалютна. І гэта ўсё будзе закрывацца за кошт імпарту. А сальда плацёжнага балянсу ў нас і так вельмі «красамоўнае».

Каб пераабсталяваць усе бровары, як гэтага патрабуе тэхрэглямэнт, і разьліваць піва ў шкляную тару, спатрэбяцца інвэстыцыі на ўзроўні 450 мільёнаў даляраў. Яўген Мар’юшыч кажа:
Увесь сьвет працуе з ПЭТ-упакоўкай, а чаму і адкуль зьвілася забарона на ПЭТ, я ня ведаю.

«Увесь сьвет працуе з ПЭТ-упакоўкай, а чаму і адкуль зьвілася забарона на ПЭТ, я ня ведаю. Увесь сьвет працуе на зваротнай пляшцы, усе стараюцца зьбіраць тару, каб экалёгію падтрымліваць. У той жа час у Мытным зьвязе гэтага ня хочуць, мяркуючы па ўсім».

Прадстаўніца замежнага прадпрыемства «Бровары Хайнэкен» Дар’я Лыскавец таксама падкрэсьлівае, што Мытны саюз чамусьці ідзе насуперак агульным тэндэнцыям у сьвеце:

«Мы ідзём па нейкім іншым шляху, насуперак эўрапейскай практыцы, дзе ня толькі выкарыстоўваюць ПЭТ-тару, але, больш за тое, разглядаюць магчымасьць яе паўторнага выкарыстаньня, каб мінімізаваць уплыў на навакольнае асяродзьдзе. У нас чамусьці хочуць забараніць ПЭТ-тару, забараніць зваротную бутэльку — вельмі нелягічна і незразумела».

За 9 месяцаў 2011 году беларускімі броварамі зварана 36,5 мільёна дэкалітраў піва, на экспарт пайшло 4,8 мільёна, зь іх 3,8 мільёна экспартавана ў Расею. На пытаньне, ці змогуць беларускія бровары хоць на ўнутраны рынак разьліваць піва ў ПЭТ-тары, начальнік сэктару піваварнай галіны канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Яўген Мар’юшыч адказаў так:

«Можна вырабляць, але прадукцыя ня будзе адпавядаць тэхнічнаму рэглямэнту. Паўстае пытаньне: ці можна выпускаць прадукцыю, якая не адпавядае тэхнічнаму рэглямэнту? Напэўна, не».

Беларускія півавары, чыноўнікі Белдзяржхарчу, Дзяржстандарту, прадстаўнікі Беларускай гільдыі півавараў выступаюць за тое, каб абарот піва рэгуляваўся асобным тэхнічным рэглямэнтам. Але тады давядзецца Расеі пераглядаць папраўкі ў свой закон. Таму Расейская Фэдэрацыя настойвае, каб пытаньне наагул не абмяркоўвалася. Супраць піва ў ПЭТ-тары выступае і трэці ўдзельнік Мытнага саюзу — Казахстан. Пазыцыю беларускага боку начальнік сэктару піваварнай галіны канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Яўген Мар’юшыч сфармуляваў такім чынам:

«Стаяць да апошняга. Прынамсі, што я і пляную рабіць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG