Гомельшчына. З раённых пракуратур пасыпаліся папярэджаньні

Васіль Палякоў, старшыня гомельскай абласной арганізацыі АГП.

У Гомелі старшыні аргкамітэту правядзеньня Народнага сходу Васілю Палякову вынесена афіцыйнае папярэджаньне пракурора Савецкага раёну Міхаіла Пруса пра недапушчальнасьць парушэньня закону.

Пракурор піша ў папярэджаньні: «Матэрыялы і дакумэнты, якія маюцца, у тым ліку й агітацыйнага характару, сьведчаць пра арганізацыю Вамі масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, на якія дзеяньне Закону Рэспублікі Беларусь „Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах“ не распаўсюджваецца».

Палякоў: «Якія матэрыялы й дакумэнты мае на ўвазе пракурор, на жаль, невядома. Мы стварылі аргкамітэт, зьбіралі подпісы, распаўсюджвалі запрашэньні на сход — усё па законе пра рэспубліканскія і мясцовыя сходы. Ствараецца ўражаньне, што ўлады наўмысна цягнуць „за вушы“ Народны сход пад закон пра масавыя мерапрыемствы, паколькі ў адміністрацыйным кодэксе за парушэньне яго прадугледжана адказнасьць. А за сход — няма».

Палякоў паведаміў, што аргкамітэт запрасіў на сход і прадстаўнікоў гарвыканкаму. Намесьніца старшыні гарвыканкаму Алена Клічкоўская напісала ў адказ, што арганізатарамі ня «вызначана тэрыторыя, жыхары якой склікаюцца на сход», да запрашэньня «не дададзены пратакол паседжаньня ініцыятыўнай групы».

Палякоў: «Уражаньне такое, што вось яны сядзяць там у дамку — і сход іх ня тычыцца. Але з такой пазыцыяй дамок можа хутка ператварыцца ў дамавіну».

Пракурор Прус вынес аналягічнае папярэджаньне й сябру аргкамітэту правядзеньня Народнага сходу Уладзімеру Кацору — ён, як і Васіль Палякоў, таксама жыве ў Савецкім раёне.

Папярэжаньне пракуратуры Цэнтральнага раёну сябру аргкамітэту Кастусю Жукоўскаму кінулі ў двор праз плот намесьніца раённага пракурора Алена Канопліч з маёрам міліцыі Шукелем.

Жукоўскі: «Калі яны мне пазванілі ў дом, я адчыніў вакно й спытаў у намесьніцы пракурора: „Вы прыйшлі даведацца пра маю зламаную нагу?“ Дык маёр Шукель і складаў фальшаваныя пратаколы. Спэцназаўцы зламалі мне нагу, а ён напісаў, што я лаяўся й супраціўляўся міліцыі — і мяне на 15 сутак арыштавалі. Пасьля гэтага яны й кінулі паперу ў двор».

У Жлобіне раённая пракуратура папэрэдзіла наконт Народнага сходу кіраўніка мясцовай арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Валера Рыбчанку, а ў Мазыры раёны пракурор Вадзім Сушчынскі вынес папярэджаньне праваабаронцу Ўладзімеру Целепуну.

Да таго ж сёньня да спадара Целепуна прыехала дамому начальніца ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Таццяна Ганчарэнка са сваёй супрацоўніцай і мужчынам у цывільным. Начальніца прывезла ліст намесьніка старшыні выканкаму Фэлікса Галюка, у якім сказана, што пікет 8 кастрычніка на стадыёне «Спартак» забаронены. Яшчэ 30 верасьня той жа Галюк пісьмова паведамляў Уладзімеру Целепуну, што не пярэчыць правядзеньню масавага мерапрыемства на стадыёне.