Лукашэнка вызваліў 9 асуджаных за Плошчу

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад адбыцьця пакараньня 9 удзельнікаў падзеяў на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 года, паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы.

Рашэньне аб памілаваньні прынята на падставе просьбаў асобаў, з улікам таго, што яны асэнсавалі проціпраўны характар сваіх дзеяньняў, прызналі віну і шчыра раскаяліся, гаворыцца ў паведамленьні.

Прозьвішчы памілаваных не паведамляюцца.

19 сьнежня ў Менску на плошчы Незалежнасьці прайшла акцыя пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, якую ўлады пазьней кваліфікавалі як масавыя непарадкі.

Усяго па справе "19 сьнежня" быў асуджаны 41 чалавек, у тым ліку пяць былых кандыдатаў у прэзыдэнты, трое зь якіх - Мікола Статкевіч, Дзьмітрый Вус і Андрэй Саньнікаў - знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі. Ніхто з асуджаных былых кандыдатаў у прэзыдэнты не прызнаў сваю віну, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі асуджаных па гэтай справе палітвязьнямі.

СУДЫ ЗА ПЛОШЧУ

Адвакат Саньнікава: "Вядомы выпадкі памілаваньня і без прашэньня з боку вязьня"

Андрэй Саньнікаў

"У мяне няма ніякай інфармацыі пра тое, каго менавіта вызваляць ў выніку гэтага памілаваньня. Але Андрэю Алегавічу Саньнікаву па стане на мінулую пятніцу ніякіх прапаноў адносна прашэньня аб памілаваньні не паступала. "

Маці Мікіты Ліхавіда: "У любым выпадку – гэта першая ластаўка"


"Ня ведаю імёнаў тых, каго вызваляць, але перакананая, што гэта будуць першыя вызваленыя, але не апошнія. Гэта першая ластаўка. Сытуацыя сасьпела да таго, каб вызваліць ўсіх палітвязьняў, а ня толькі тых, хто папрасіў пра гэта асабіста Лукашэнку.


Былы судзьдзя Гары Паганяйла: "Вызваленьне можа адбыцца заўтра ці нават сёньня"

Як адбываецца працэдура вызваленьня памілаванага вязьня? З гэтым пытаньнем "Свабода" зьвярнулася да былога судзьдзі, вядомага праваабаронцы Гары Паганяйлы.

"Адразу, як прыняты ўказ, яго мусяць накіраваць у месца зьняволеньня. Улічваючы, што гаворка пра ўказ першай асобы ў дзяржаве, яго могуць і, відаць, мусяць адправіць фэльд'егерскай поштай. Як толькі ўказ дайшоў у калёнію, памілаванага чалавека мусяць вызваліць. Таму вызваленьні мусяць пачацца заўтра, 12 жніўня, ці нават сёньня. Вядома, трэба ўлічыць ноч, ці можа чалавек увечары дабрацца дадому, але ўсё роўна — як мага хутчэй".


Маці Дзьмітрыя Новіка: "Мне вядома пра двух вязьняў, якія падпісалі прашэньні..."

Натальля Новік, маці асуджанага на 3,5 года Дзьмітрыя Новіка, гэтак пракамэнтавала навіну пра тое, што Аляксандар Лукашэнка падпісаў памілаваньне 9 чалавек, асуджаных за Плошчу.

Дзьмітрый Новік
"Паведамляецца, што памілаваныя тыя, хто напісаў прашэньне і прызнаў сваю віну. Калі гэта так, то майго Дзімы там дакладна няма, бо ён пісаць прашэньне адмовіўся адназначна. Яго і ўгаворвалі, і пагражалі, але адмовіўся ён прасіць Лукашэнку. Мне вядомыя ад супрацоўнікаў Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС прозьвішчы двух асуджаных за Плошчу, якія напісалі прашэньні на ягонае імя. І то — яны папрасілі аб памілаваньні, але не прызналі сябе вінаватымі. Магчыма, яны ёсьць у сьпісе тых, каго хутка вызваляць. Усё роўна віншую іх і іх сваякоў, бо воля лепш, чым няволя".

Пакуль няма пацьверджаньня зьвестак, якімі валодае Натальля Новік. Жанчына прасіла не называць прозьвішчы тых двух, хто напісаў прашэньні.