700 тысяч штрафу за малітву?

Тацяну Севярынец, віцебскую каардынатарку аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, Кастрычніцкі раённы суд прызнаў вінаватай у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі. Судзьдзя Яўген Буруноў заявіў, што ўбачыў на апэратыўным відэа, як спадарыня Севярынец «арганізавала» малітву за палітвязьняў.

Прадметам судовага разгляду былі падзеі 3 ліпеня. Тады, пастаяўшы ад сёмай гадзіны да паловы на восьмую на плошчы Перамогі, некалькі дзясяткаў жыхароў Віцебску з воплескамі рушылі па вуліцы Леніна. У міліцэйскім пратаколе, складзеным на Тацяну Севярынец толькі 8 ліпеня, гаворыцца, што менавіта яна арганізавала несанкцыянаваную акцыю, падчас якой жыхары Віцебску «выражалі сваю грамадзка-палітычную пазыцыю».

Тацяна Севярынец была гатовая пайсьці «на суткі»

Судзьдзя Яўген Буруноў адхіліў хадайніцтва спадарыні Тацяны, каб яе прадстаўніком у судзе быў праваабаронца Павал Левінаў, але дазволіў быць прадстаўніком актывісткі яе сыну, Паўлу Севярынцу.

У судовай залі

У судовай залі быў паказаны відэазапіс, зроблены міліцэйскім апэратарам на самой плошчы Перамогі, а таксама падчас руху людзей уздоўж вуліцы Леніна і ўласна малітвы каля крыжа на Ўсьпенскай горцы.

Павал Севярынец
Павал Севярынец адкамэнтаваў гэты відэазапіс такім чынам:

«На гэтым відэа калі й відаць нейкае правапарушэньне, то гэта мацерная лаянка тых, хто здымаў. Як нам сказалі, відэа прадставілі супрацоўнікі міліцыі… Усё астатняе — проста відаць, як людзі ідуць, пляскаюць у ладкі, і як людзі моляцца».

Судзьдзя Яўген Буруноў прызнаў Тацяну Севярынец вінаватай паводле часткі 2 артыкула 23.34 аб адміністрацыйных правапарушэньнях. І прысудзіў актывістцы штраф памерам 700 тысяч рублёў за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі.

Спадарыня Севярынец засьведчыла, што яна не заклікала людзей ісьці за сабой. Але тое, што яны пайшлі і далучыліся да штодзённай супольнай малітвы за палітвязьняў, лічыць выключна станоўчай зьявай, хоць з прысудам яна катэгарычна нязгодная:

Тацяна Севярынец
«Рыхтавалася да горшага, спадзявалася на лепшае. Гэта, вядома, лепшае — бо я на волі. Але што тут скажаш! Гэта нейкае дзікунства! Мы жывем у такой краіне і ў такі час, на жаль — што ў нас воплескамі можна нешта „выражаць“. У нас быў добры настрой, я й ведаць ня ведала, хто там за мной ідзе! Ну , ідуць людзі па сваіх справах… А потым, калі ўбачыла, што шмат хто дайшоў да крыжа, дык узрадавалася: няхай людзі далучаюцца да нас у такі момант».

На відэазапісе не было выразна відаць, каб спадарыня Севярынец неяк каардынавала рух людзей. І судзьдзя Яўген Буруноў зазначыў, што грамадзка-палітычную пазыцыю прысутныя прадэманстравалі падчас малітвы, а кіравала гэтым менавіта Тацяна Севярынец. Калі так, то гэта першы ў Беларусі суд за малітву як такую.

Тацяна Севярынец упершыню была пад судом, і гэта пакуль адзіны ў Віцебску працэс паводле падзеяў 3 ліпеня. За падзеі наступнай серады, 6 ліпеня, штрафы памерам 35 ці 70 тысяч рублёў прысудзілі 15 людзям.

Актывісты сацыяльнай сеткі «ВКонтакте» прапанавалі сабраць ім грошы на штрафы, і першы такі грамадзкі збор сродкаў прызначаны на 19 гадзін 11 ліпеня. Ён будзе адбывацца таксама на плошчы Перамогі, дзе праходзяць акцыі маўклівага пратэсту.