Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтазакі як сымбаль цяперашняй Беларусі


Пішчалаўскі замак, сьледчы ізалятар на Валадарскага
Пішчалаўскі замак, сьледчы ізалятар на Валадарскага
Наша перадача адрасаваная тым, хто апынуўся ў няволі, а таксама сваякам і блізкім гэтых людзей. Згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, наўпрост ці ўскосна з турмой зьвязаны кожны сёмы жыхар краіны — пакараньне адбываў або сам чалавек, або яго сваякі.

Сярод тэмаў нашай сёньняшняй праграмы:

Аўтазакі як сымбаль цяперашняй Беларусі

Лісты з–за кратаў: "Шчасьлівым мяне робіць барацьба са злом..."

З гісторыі беларускіх турмаў. Валадарка і сядзельцы

Лявон Вольскі заклікаў заняцца складанкай “Песьняў за калючкай”

Палітвязень Аляксандар Васільеў пра катаваньне ў турэмнай "шклянцы"

Зваротная сувязь


Сёньняшнюю праграму пачнём з кароткага тэлефанаваньня. Яго зрабіў на Свабоду наш невядомы слухач з Бабруйску. У сераду 6 ліпеня яго затрымалі на тамтэйшай цэнтральнай плошчы Леніна ў Бабруйску, кінулі ў аўтазак і на шляху ў мясцовы РАУС хлопец набраў нумар нашага аўтаадказьніка (+375 17 2 663952.) Вось гэты запіс:

(Чутны моцны кашаль)

Голас1: Сядай.

Голас2: Разумееце, мне душна. У мяне астма. Я задыхаюся.

Голас3: Колькі нас тут у аўтазаку? Падлічым? Чалавек 20? Нас усіх узялі падчас акцыі на плошчы. Вось яшчэ падсаджваюць людзей. Нас вязуць у РАУС.

Голас4: Здаецца, ня ўсіх загрэблі.

(Тэлефонныя гудкі)


Такі званок з аўтазаку мы атрымалі ад невядомага затрыманага ў сераду слухача Свабоды з Бабруйску.

Аўтазакі як сымбаль цяперашняй Беларусі


Апошнім часам турэмныя аўтазакі на вуліцах беларускіх гарадоў можна ўбачыць вельмі часта. Калі раней іх падганялі хіба толькі да стадыёнаў на час матчаў, дык сёньня аўтазакі — візытоўка любога афіцыйнага сьвята, а тым больш падзеі, зьвязанай з "Рэвалюцыяй праз сацыяльную сетку".

Якія пачуцьці выклікае выгляд гэтай турэмнай машыны ў беларускіх жыхароў? Наш карэспандэнт правёў апытаньне на вуліцах Горадні.

Малады спадар: Калі я бачу аўтазак, то мне, з аднаго боку, нават прыемна, бо я прыпамінаю, што наш "МАЗ", наш аўтамабільны завод добра працуе, што людзі там атрымліваюць заробак. З другога — зразумела, што гэтыя аўтазакі сьведчаць пра тое, што ўлада спрабуе прадэманстраваць сілу. І калі гэтую сілу паказваюць, гэта сьведчыць, што ўлада рэагуе на тое, што адбываецца ў краіне. Прычым ня толькі ў Менску, а менавіта па ўсёй краіне. Усюды людзі маюць пытаньні да ўлады адносна крызісу, і яны чакаюць адказу.

Спадар: Я думаю, што гэта таму, што мы жывем у краіне недэмакратычнай, мы сядзім на парахавой бочцы, можа ўзарвацца: могуць нас забраць, пасадзіць і ніякіх канцоў, ніякай справядлівасьці ня знойдзем, таму што недэмакратычная краіна ў нас. Так што тут усё мажліва.

Сталы спадар: Я добра памятаю: у 1950-х гадах гаварылі — маўчы, нічога кепскага не гавары пра Сталіна, бо прыедзе "зак" — "чорны воран" — і забярэ. І так і было: рана ўстаюць — вось таго і таго забралі, стаяў варанок каля хаты яго, зьнік, зьвезьлі невядома куды. А чаму? Данесьлі: ён сказаў, што кепска жыць у калгасах. За гэта яго ноччу прыехалі і зьвезьлі. Так палохалі: маўчы, бо прыедуць і забяруць. А цяпер паўтараецца тое ж: маўчы, нічога не гавары, калі скажаш, то могуць прыехаць і забраць. Людзі запалоханыя, баяцца. Іх цяпер зрабілі злачынцамі… Раней так: за забойства давалі 25 гадоў і за "палітыку" — таксама 25, у 50-х гадох, я тое добра помню. А цяпер за забойства — 8 гадоў і за палітыку — 8.

Сталы спадар: Вы ведаеце, я знаю тое, што раней яны былі чорныя, "хлеб" было напісана, а цяпер увайшлі ў моду, іншы маюць колер. Яны трымаюць народ у напружаньні.

Сталая спадарыня: Гэта ня можа быць так, таму што — што, ужо ўсе людзі злачынцы ў Гродне?!.

Малады спадар: Аўтазак асацыюецца ў мяне даўно з сымбалем сучаснай Беларусі. Гэта такая рэч, якую празь некалькі дзясяткаў гадоў, магчыма, можна будзе ставіць на пастамэнтах. (Цяпер стаяць паравозы, самалёты, танкі). Ставіць як сымбаль страшнай эпохі. Мне даводзілася ня раз сядзець у гэтых аўтазаках — у Менску, у Гародні, і я бачу, што цяпер яны паўсюль, на кожным кроку ў гарадах. Нават у Зэльве бачыў, маленькім гарадку, аўтазак праяжджаў міма па горадзе, ня ведаю, навошта. Яны стаяць цяпер на памежных пераходах, яны стаяць на плошчах. Магчыма, проста Менскаму аўтазаводу няма дзе знаходзіць ужытак сваім машынам, і гэта як адзін са спосабаў, ня ведаю, апраўданьня тых сродкаў, якія ўкладаюцца ў аўтазавод, і яны проста знайшлі ўжытак у міліцыі.

Зваротная сувязь


Нам можна напісаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952. Дзякуем усім, хто напісаў або патэлефанаваў нам.

Павал Вінаградаў: "Шчасьлівым мяне робіць барацьба са злом..."


Сёньня мы пазнаёмім вас зь лістом палітвязьня Паўла Вінаградава, асуджанага на чатыры гады ўзмоцненага рэжыму. Адбывае тэрмін ён у Івацэвіцкай калёніі. Ліст перадала ў нашу праграму маці другога асуджанага палітвязьня, Фёдара Мірзаянава. Гэта адзін са шматлікіх допісаў, якія Людміла Мірзаянава, псыхоляг паводле адукацыі, вось ужо больш за паўгода атрымлівае з-за кратаў ад сына і ад шмат каго зь ягоных паплечнікаў.

Людміла Мірзаянава
"Гэтая моладзь мяне вельмі добра ведае, — кажа Людміла Мірзаянава. — Па-першае, як маці Фёдара, я наведвала многія судовыя паседжаньні. А па-другое, мяне ведаюць з прафэсійнага боку, як выкладчыка і дасьледчыка-псыхоляга, таксама зь некаторага часу я пачала пісаць артыкулы ў розныя незалежныя СМІ. А хлопцы, якія цяпер або ў СІЗА, або ў калёніях атрымліваюць "Народную волю", "Нашу ніву" і, вядома, чытаюць мае артыкулы... Ня так даўно я як дасьледчыца зьвярнулася да іх з пытаньнямі пра крызіс, які перажывае чалавек, асабліва ў такіх складаных умовах, як турма. Як чалавек адаптуецца да гэтых умоў? Што адбываецца зь яго станам? Ці здольны чалавек, знаходзячыся доўгі час за кратамі, ды яшчэ і паводле несправядлівага прысуду, перажываць шчасьце? Што прыносіць яму моцныя пазытыўныя перажываньні ў турме? Якая яго формула шчасьця?".

У сваім лісьце з-за кратаў Павал Вінаградаў адказвае на пытаньні Людмілы Мірзаянавай так:

"Нават знаходзячыся ў зьняволеньні, я быў шчасьлівы, за выключэньнем, мабыць, самых першых двух тыдняў. Я радаваўся і працягваю радавацца да гэтага часу практычна кожны дзень. А радавала мяне, як ні дзіўна, многае.

Цешыла людзкая падтрымка, як на волі, так і за кратамі. Радавалі ўчынкі многіх людзей, прычым станоўчыя эмоцыі выклікалі ня толькі іх добрыя дзеяньні. Гэта складана патлумачыць, але станоўчыя перажываньні ў мяне былі зьвязаныя нават з "прыкамандзіраваным" да мяне ў СІЗА чалавекам. Радасьць выклікалі новыя пацешныя словы, да прыкладу, "барбасятнiк". Радавалі лісты. Радавала і радуе, што тут (у калёніі) я стаў у тысячу разоў мацнейшым. Радуе думка, што я абавязкова выйду і працягну займацца "масавымі беспарадкамі", толькі ў тысячу разоў больш эфэктыўна. Увогуле, шмат тут у калёніі падстаў для радасьці, калі сядзець, ведаючы, што праўда твая, калі сядзець, не адчуваючы сябе вінаватым.

Гм... складана сказаць, якая мая формула шчасьця, гэта значыць, што мяне робіць шчасьлівым у жыцьці. Напэўна, барацьба са злом. Вызначаеш, што ёсьць зло, і пачынаеш весьці барацьбу зь ім. У прамежках паміж бітвамі знаходзіш шчасьце ў лянівым марнаваньнi часу. Як сказаў зусім не дурны чалавек: "Жыцьцё — гэта барацьба. Да абеду — з голадам, а пасьля абеду — са сном".


Камэнтар псыхоляга Людмілы Мірзаянавай:

Мірзаянава: "Перад намі фрагмэнт ліста маладога чалавека, які пазытыўна ўспрымае сьвет, што, варта заўважыць, характэрна для юнацтва. Павал — экстравэрт, сангвінік паводле тыпу тэмпэрамэнту. Пра такіх людзей, як Павал, кажуць: "Чалавек, які ідзе па сонечным баку жыцьця". У сваім сьветаўспрыманьні ён шчасны чалавек, аптыміст па натуры. Апошняе, безумоўна, спрыяла яго пасьпяховай адаптацыі да цяжкіх умоў турэмнага жыцьця. Павал — чалавек са сфармаваным сьветапоглядам і грамадзянскай пазыцыяй. Усьведамленьне слушнасьці сваёй справы ўмацоўвае яго веру ў сябе, узмацняючы задаволенасьць жыцьцём. Павал валодае разьвітым пачуцьцём гумару. Ён здольны заўважыць сьмешнае ў жыцьці, здольны расьсьмяшыць навакольных. А гумар — гэта і крыніца, і наступства яго пазытыўнага душэўнага настрою. Больш за тое, гумар — гэта якраз той канструктыўны сродак, які дапамагае Паўлу захаваць сябе, выстаяць у крытычнай жыцьцёвай сытуацыі, у якой ён апынуўся. Раскрываючы сваю формулу шчасьця, Павал не называе ў лісьце яшчэ адзін важны фактар, які абумоўлівае яго перажываньні радасьці. Гэта любоў і зьвязаныя з гэтым пачуцьцём пазытыўныя чаканьнi шлюбу, які адбудзецца бліжэйшым часам. Пра яго ўзаемаадносіны зь нявестай Сьвятланай пісалі шмат якія газэты і сайты. Напярэдадні іх шлюбу я хачу пажадаць Паўлу і Сьвятлане пасьпяховага будаўніцтва сваёй сям'і. Хай іх дом будзе крэпасьцю з арсэналам даверу, бастыёнамі любові, у якой не вычэрпваюцца запасы пяшчоты!"

Лявон Вольскі: “Хай бы хто заняўся “турэмнай складанкай” для сьвядомых беларускіх зэкаў!”


У чацьвер,7 ліпеня, на нашым сайце адбылася анлайн-канфэрэнцыя зь беларускім музыкам, літаратарам, мастаком Лявонам Вольскім. Крыху раней выйшаў у сьвет выйшаў мультымэдыйны дыск «Саўка ды Грышка», на якім сабрана 50 ягоных песьняў, што гучалі цягам году ў эфіры і на сайце Радыё Свабода.

Сярод іншага Лявон Вольскі адказаў і на наступныя пытаньні:

Inhvar напісаў: Пытаньне ня ў тэму: Лявон, адкажыце цi ёсьць турэмны шансон (не палiтычны) на беларускай мове (я ня ведаю), вось хiп-хоп ёсьць, рок, папса... а для "сьвядомых блатных" анiчога няма! (не правакую).

Вольскі: Цікавая тэма… Я думаю, калі пашукаць, дык можна знайсьці досыць багата матэрыялаў. У нас вельмі шмат бардаў, напрыклад. Узяць таго ж Бартосіка. У “Саўкі ды Грышкі” ёсьць пасьляплошчавы турэмны пэрыяд… Зрэшты, Вы навялі мяне на думку: хай бы хто заняўся “турэмнай складанкай” для сьвядомых зэкаў!

Сяргей. Зона: Лявон, адразу некалькі пытанняў.
1. Ці прыходзілася вам выступаць у калёніях?
2. Ці ёсьць у вас блізкія, якія сядзяць ці сядзелі?
3. Ці былі ў вашым жыцьці выпадкі, што вы ледзь ня трапілі за краты?
4. Што вы думаеце не аб палітзэках, а проста аб зэках? Ці маеце жаданьне выступіць перад намі?
3. Вельмі хацелася б пачуць вас?

Вольскі: Дзякуй, Сяргей!
1) Мне даводзілася выступаць у калёніях. Тройчы. Гатовы выступаць яшчэ. Гэта вельмі трэба людзям, якім давялося патрапіць за краты.
2) Я маю блізкіх, якія сядзелі. Усе ў нашай краіне маюць, здаецца.
3) Каб па-сур’ёзнаму, дык пакуль не было.
4) Я добра ведаю сытуацыю з “эканамічнымі” зэкамі. Гэта выбіваньні прызнаньняў, цынічныя працэсы… Брыдка нават прыгадваць. Дый наогул наш ЗАКОН – самі ведаеце… Можна апынуцца на лаве падсудных за што хочаш… У тым ліку і ні за што. Наконт выступу – калі атрымаецца, высылайце прапановы на hannavolskaya@gmail.com.

Zona: У нашай калёніі ёсьць свой гурт. Не хапае беларускага рэпэртуару. Напішыце что-небудзь пра нас і для нас.

Вольскі: Аднак, сымптаматычна. Ужо трэці допіс на гэтую тэму. Паўтаруся, трэба папрасіць кагосьці, каб заініцыяваў стварэньне складанкі “Для нашых хлопцаў за калючкай” і “Для нашых дзяўчат за калючкай”. Альбо нешта тыпу таго. З ужо гатовых беларускіх песень. З акордамі, табамі, тэкстамі. Займіцеся хто-небудзь!

Шаноўнае спадарства! Вельмі было прыемна з вамі сустрэцца анлайн на “Свабодзе”. Асобна дзякую тым, хто напісаў (ці то папрасіў напісаць) зь вязьніцы. Я заўжды памятаю пра вас і паспрабую нешта арганізаваць у справе канцэртаў. Спадзяюся, тыя дзьве гітары, што я перадаў для ансамбля шклоўскае калёніі, напоўніцу задзейнічаныя ў рэпэтыцыйным і канцэртовым працэсе. Мацуйцеся!”

"Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць"


Пішчалаўскі замак, "Валадарка" і Беларуская Бастылія

Самая вядомая беларуская турма, што ўзьведзеная ў 1825 годзе ў Менску, мае тры назвы: Пішчалаўскі замак, "Валадарка" і Беларуская Бастылія. У розны час сярод арыштантаў гэтай вязьніцы былі: беларускія літаратары і грамадзкія дзеячы Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Якуб Колас, Карусь Каганец, Алесь Гарун. Ва ўнутраным дворыку на браме замка ў 1906 годзе павесілі эсэра Івана Пуліхава, імем якога названая адна з вуліц сталіцы. Пра знакамітых сядзельцаў Пішчалаўскага замку распавядае Іна Студзінская.

Ва ўсе часы ў гэтым астрогу трымалі палітзьняволеных, сьцьвярджае доктар гістарычных навук, прафэсар Захар Шыбека:

"Неўзабаве пасьля будаўніцтва, пасьля паўстаньня 1830—31 гадоў, і асабліва пасьля паўстаньня 1863 году там апынуліся паплечнікі Кастуся Каліноўскага. Пішчалаўскі замак быў перапоўнены палітычнымі арыштантамі. Паўстанцаў часам каралі сьмерцю проста ў гэтай турме".

Мэтай паўстаньня 1830—1831 гадоў, якое называюць яшчэ Лістападаўскім паўстаньнем, было аднаўленьне дзяржаўнасьці Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Адбываў пакараньне ў менскім астрогу і бацька беларускай драматургіі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Сьледчыя ня змогуць давесьці ўдзел Дуніна-Марцінкевіча ў паўстаньні 1863 году, але яму прыпішуць аўтарства антыўрадавых адозваў. У Пішчалаўскі замак яго зьмясьцілі ў 1864-м годзе на 13 месяцаў. Літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч распавёў:

"Яго пасадзілі за тое, што лічылася, быццам бы ўсе антыўрадавыя гутаркі на беларускай мове выйшлі з-пад пяра Дуніна-Марцінкевіча, які валодае, як адзначаў палкоўнік жандармэрыі, бойкім пяром і езуіцкім настроем — гэта значыць, умее ўплываць на просты люд так пераканаўча, што той яму і верыць".

Потым на доўгія гады Дунін-Марцінкевіч апынецца ў Люцынцы пад паліцэйскім наглядам.

Але больш цікавая легенда зьвязаная не з самім Дуніным-Марцінкевічам, а зь ягонай дачкой Камілай, якую арыштавалі ў 1861 годзе "за нядобранадзейнасьць" і таксама зьмясьцілі ў менскі астрог. Літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч працягвае:

"Вясной 1863 году вялі на пакараньне Івана (Яна) Жмачынскага, і яна з турэмнай сваёй кельлі (як цяпер кажуць — з камэры) праз закратаванае вакенца кінула яму пад ногі кветкі. І ў той жа час, наадварот, яна ўмудрылася на галаву графу Келеру выліць вядро памыяў. Граф быў чалавек мудры, ня стаў гэты інцыдэнт раздзьмухваць і сказаў: "Што возьмеш з хворых, маўляў, на галаву".

Ваенны суд асудзіў Яна Жмачынскага на 6 гадоў катаргі, але Мураўёў канфірмаваў прысуд з заменай на расстрэл. 6 жніўня Жмачынскага расстралялі ў Менску. А дачку Дуніна-Марцінкевіча Камілу за ўдзел у патрыятычных маніфэстацыях выслалі ў Салікамск.

Двойчы сядзеў у менскім астрогу Казімер-Рафал Кастравіцкі, больш вядомы пад псэўданімам Карусь Каганец, паэт, перакладчык, мастак, палітык. Адзін з заснавальнікаў першай палітычнай партыі — Грамады. Сваяк вядомага францускага паэта Гіёма Апалінэра. У вязьніцы Карусь Каганец шмат пісаў і маляваў ілюстрацыі да твораў свайго турэмнага суседа — Якуба Коласа.

Амаль тры гады сядзеў у Пішчалаўскім замку клясык беларускай літаратуры Якуб Колас — за ўдзел у нелегальным зьезьдзе настаўнікаў. У гэтым зьезьдзе таксама бралі ўдзел сябры Якуба Коласа Янка Маўр і Аляксандар Сянкевіч, расстраляны ў 1937-м. Супрацоўніца Дзяржаўнага літаратурнага музэю Якуба Коласа Натальля Адамовіч распавяла:

"Называлася гэта "нелегальны настаўніцкі зьезд". Яны сабраліся на беразе Нёмана, мястэчка называлася Прыстань. Паліцыя "накрыла", і ўсе паперы, што яны там склалі, трапілі ў іхныя рукі. Колас узяў усю адказнасьць на сябе. Але не адразу яго пасадзілі. Быў суд (ня так, як зараз), чакаў ён яго. Ішло расьсьледаваньне справы. У гэты час ён працаваў, а не сядзеў".

Ёсьць карціна "Якуб Колас у судзе". Тут трэба адзначыць, што сам нелегальны зьезд адбыўся 10 ліпеня 1906 году, а асудзілі Якуба Коласа толькі 15 верасьня 1908 году на тры гады. У астрозе дарма часу не губляў — напісаў шмат вершаў, распавядае Натальля Адамовіч:

"Калі Колас там сядзеў, ён пісаў вершы. І яны так і друкаваліся — калі глядзець "Нашу ніву", там яны і падпісаныя: "З турмы". Потым частка зь іх трапіла ў яго першую кніжку "Песьні жальбы". Сябры дапамаглі выдаць яе".

Турма — не заўсёды самае горшае месца для творчасьці, сьцьвярджае прафэсар Захар Шыбека:

"Умовы іх утрыманьня былі, відаць, ня вельмі такія ўжо жорсткія, таму што нараджаліся творчыя іх пляны. Дунін-Марцінкевіч задумаў там "Пінскую шляхту". Якуб Колас — "Новую зямлю". Відаць, турма нейкім чынам спрыяе творчасьці. Вядома, што і наш Севярынец піша раманы ва ўмовах турэмных".

Менавіта ў астрогу Якуб Колас пачаў працу над паэмамі "Новая зямля" і "Сымон-музыка", кажа супрацоўніца коласаўскага музэю Натальля Адамовіч.

"Мы і на экскурсіях распавядаем, што там ён чытаў Біблію. Гэта дакладна. А чым там яшчэ займацца? І што назва паэмы прыйшла з "Апакаліпсісу" — убачыў новае неба і новую зямлю".

Турэмнае начальства ў царскі пэрыяд рэдка калі ўжывала жорсткія пакараньні, катаваньні, сьцьвярджае прафэсар Захар Шыбека:

"Вялікая ўвага аддавалася рэлігійнаму выхаваньню. Былі абавязковыя малітвы раніцай і вечарам, сустрэчы са сьвятарамі, заахвочвалася чытаньне Бібліі. Урэшце, менская турма была адной з найлепшых у Беларусі па забесьпячэньні, па рэжыме ўтрыманьня".

Аднак у Пішчалаўскім замку часам і каралі сьмерцю. 30 кастрычніка 1905 году менскі губэрнатар Курлоў загадаў расстраляць мірную шматтысячную дэманстрацыю, у выніку чаго загінула блізу ста чалавек. Менскія эсэры вынесьлі Курлову сьмяротны прысуд. Выканаць яго ўзяліся Іван Пуліхаў і дачка генэрал-лейтэнанта артылерыі Аляксандра Ізмайловіч. Спроба забойства губэрнатара 27 студзеня 1906 году на плошчы перад Петрапаўлаўскім саборам не ўдалася, і ў ноч на 25 лютага 1906 году Івана Пуліхава павесілі. Увесь астрог быў тады ў смутку, з вокнаў замка зьвісалі чорныя сьцягі, кажа прафэсар Захар Шыбека:

"На браме турмы быў павешаны эсэр Іван Пуліхаў, які зрабіў замах на менскага губэрнатара Курлова. Адразу ж пасьля рэвалюцыі 1917 году ў турме была часткова зьнятая ахова, і частка арыштантаў разьбеглася. Ахову прыйшлося аднавіць".

Турма і здароўе


Паддосьледныя трусікі "беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы"

Гэтую тэму ў мінулай праграме распачаў былы палітзьняволены Аляксандар Васільеў. Яму было 58 гадоў, калі ён разам са сваім земляком, прадпрымальнікам Валерам Леванеўскім трапіў за краты па абвінавачаньні ў абразе прэзыдэнта Лукашэнкі. Няпоўны год, праведзены ў турме і на зоне, прынёс гарадзенскаму прадпрымальніку, у цэлым здароваму чалавеку, сапраўдны букет хваробаў. Былы палітвязень лічыць, што са зьняволенымі ў Беларусі абыходзяцца як з паддосьледнымі трусікамі і нават яшчэ горш. Пасьля вызваленьня, дарэчы, Аляксандар Васільеў пачаў разводзіць трусоў. З былым палітзьняволеным гутарыў Сяргей Астраўцоў.

Катаваньне ў турэмнай "шклянцы"

Сёньня гарадзенцу Аляксандру Васільеву — 65 гадоў. У размове ён узгадваў свой турэмны досьвед. За кратамі ў яго пачаўся гастрыт. У калёніі № 8 у Воршы дрэнна кармілі, асабліва рэагаваў страўнік на хлеб, кажа былы палітвязень. Узьніклі праблемы зь ціскам, з сэрцам, два месяцы праляжаў у турэмнай бальніцы.

Адна з галоўных праблемаў для чалавека, які трапіў за краты, — тое, што турмы ў Беларусі перапоўненыя, кажа мой суразмоўца. "Гэта натуральна, бо за краты ў Беларусі саджаюць, нават калі можна абысьціся лягчэйшым пакараньнем", лічыць Васільеў і ўзгадвае:

"Я сустракаў асабіста: доктар, яму за сорак даляраў шэсьць з паловай гадоў далі. Лекар-акушэр, кесарава сячэньне рабіў. Прыйшла жанчына: як я вам аддзячу? Ён кажа: як вам сумленьне дазваляе. Яна яму паклала канвэрт —сорак даляраў. Шэсьць з паловай гадоў. Ён кажа: я не гаварыў ёй ні пра якія даляры. Сыстэма так працуе — ім патрэбны паказчыкі выяўленьня злачыннасьці. За сорак даляраў пасадзілі доктара. А вышэй ёсьць чыноўнікі, яны бяруць тысячы, дзясяткі, сотні тысяч даляраў. У турме мне давялося сустракацца з былымі вялікімі начальнікамі, якія там сядзяць".

Умовы ў турмах дрэнныя, а калі вязень захварэў, гэта небясьпечна пагаршае яго становішча, кажа Аляксандар Васільеў.

Аляксандар Васільеў
Васільеў: Я праседзеў дзесяць месяцаў — у папраўчай калёніі № 1, хоць сядзеў у гарадзенскай турме, у аршанскай калёніі, а потым у турэмны шпіталь трапіў па стане здароўя. Пад амністыю трапіў, а было ў мяне два гады: два гады паводле артыкула за абразу і паўтара года — 342 артыкул — гэта "арганізацыя масавых беспарадкаў". У суме ўвогуле выходзіла… Але пасядзеў дзесяць месяцаў. У тым ліку два месяцы ў гарадзенскай турме, тут умовы вельмі нядобрыя. Там і сухотнікі. Дарэчы, асобнае пытаньне: турмы Беларусі — рассаднік сухотаў. Калі я быў у аршанскай калёніі, з аповедаў вязьняў стала вядома, што недзе ў 2002 годзе там была ўвогуле эпідэмія. Калі адкрытая форма і зьмяшчаць іх у замкнёны аб’ём, то ўсё — людзі заражаюцца на ўсё жыцьцё.

Аляксандар Васільеў параўноўвае зьняволеных у беларускіх турмах з трусамі ў клетках, а ў асобных сытуацыях нават зь селядцамі:

"Ці ведаеце — што такое ў турмах "шклянка"? Два на два мэтры. Яны называюць "адстойнік". Туды набіваюць чалавек дваццаць, стаіш вось гадзіны дзьве-тры, пакуль прытомнасьць нехта ня траціць. "Этап" рыхтуюць, набілі, і вось стой там, чакай. Гэта таксама катаваньне. Уявіце: там дыхаць няма чым, галава кружыцца. Адна справа, калі малады, а калі пад шэсьцьдзесят? Гэта — катаваньне. Я лічу, у турмах Беларусі катаваньні яны не называюць катаваньнямі, але насамрэч гэта катаваньні".

У польскую турму мае доступ прадстаўнік Хэльсынскага камітэту, а ў беларускай можна за некалькі месяцаў сапсаваць зрок, і ніхто за гэта ня будзе адказваць, кажа былы палітвязень Аляксандар Васільеў:

"Я яшчэ раз кажу: пасьля вызваленьня ў польскай турме пабываў. Там у іх на сталай аснове прадстаўнік Хэльсынскага камітэту глядзіць, каб законы выконваліся, каб правы асуджаных не парушаліся. Я ж кажу, можна ўсё давесьці да абсурду, але хай гэта асуджаны, але ёсьць закон. Як ён павінен несьці пакараньне — усё расьпісана.

Мне 65 гадоў, да турмы ў мяне зрок быў "адзінка". У турме лямпачка-саракоўка адна гарыць, калі хочаш — чытай. Я выйшаў пасьля турмы, у мяне зрок 0,3—0,4, за дзесяць месяцаў. Дагэтуль я машынай кіраваў без акуляраў, а цяпер я без акуляраў за руль не сядаю".

Слухаць перадачу можна тут:

Свабода ў турмах, 10 ліпеня 2011 году, частка 1
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:14 0:00
Наўпроставы лінк


Свабода ў турмах, 10 ліпеня 2011 году, частка 2
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:11:44 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG