Лябедзька: наступная серада будзе вырашальнай

Анатоль Лябедзька

Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў вынікі маўклівай акцыі пратэсту:

«Наступная серада будзе шмат у чым вырашальная. За гэты час пройдуць суды і будзе бачна, як адрэагуюць на іх людзі. Калі праз тыдзень на вуліцы беларускіх гарадоў выйдзе яшчэ больш насельніцтва, то гэта будзе азначаць, што беларусы выціскаюць зь сябе страх. І тады ўладам і праваахоўным сілам у летні пэрыяд будзе не да адпачынкаў».

Лябедзька таксама заявіў: «Мы далі рэкамэндацыі ўсім нашым рэгіянальным актывістам. Мы не заклікаем іх удзельнічаць у акцыі. Але мы настойліва рэкамэндуем ім далучацца да здаровага ладу жыцьця. Таму мы рэкамэндуем нашым актывістам, прыхільнікам партыі, кожную сераду а 19-й гадзіне гуляць на сьвежым паветры. Мы лічым, што калі яны выходзяць на вуліцу ўсёй сям'ёю, то гэта ўмацоўвае такі інстытут, як сям'я. Калі з суседзямі, то гэта спрыяе стварэньню пазытыўнага акружэньня вакол дома.

І яны гуляюць. Учора нашы партыйцы выйшлі на вуліцы прыблізна 30 рэгіёнаў. А ў Менску, Салігорску, Барысаве, Вілейцы, Берасьці іх затрымалі.

Я думаю, такія акцыі ствараюць неразуменьне і некаторую разгубленасьць ва ўладаў. Раней яны ведалі, чаго чакаць, каго затрымаць. Цяпер кожную сераду можна чакаць нечаканасьцей ад любога сярэднестатыстычнага грамадзяніна Беларусі».

22 чэрвеня ў Менску ды іншых гарадах Беларусі прайшла чарговая акцыя «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Па ўсёй краіне было затрымана каля 450 чалавек.