Адміністрацыя калёніі: Не пішыце столькі лістоў палітвязьням!

Алесь Атрошчанкаў

Алесю Атрошчанкаву дасылаюць лісты падтрымкі з усяго сьвету. Насьце Палажанцы чарговым разам адмовілі ў спатканьні са Зьмітром Дашкевічам. Паўла Вінаградава зноў пазбавілі турэмнага ложка. Андрэй Пратасеня пераведзены ў Бабруйскую калёнію. Мікола Дземідзенка выйдзе на волю 29 траўня.

Дар’я Корсак, жонка прэсавага сакратара Саньнікава, вязьня віцебскай калёніі Алеся Атрошчанкава, паведаміла «Свабодзе», што яе муж атрымлівае шмат лістоў і паштовак. Людзі з усяго сьвету пішуць яму словы салідарнасьці і падтрымкі. Пасланьняў столькі, што ўзьніклі праблемы ў турэмнай цэнзуры, кажа жонка палітвязьня:

«Ён напісаў, што лісты, якія яму шлюць, амаль што блякуюць працу турэмнай цэнзуры, і адміністрацыя папрасіла, каб яму дасылалі лісты толькі на беларускай, расейскай і ангельскай мовах. Я гэтак разумею, што яму пішуць з усяго сьвету і на розных мовах. Я вельмі ўдзячная за такую салідарнасьць».

Дар’я Корсак таксама паведаміла, што яе мужа перавялі з 7-га ў 10-ты атрад.
Лісты, якія яму шлюць, амаль што блякуюць працу турэмнай цэнзуры.

Ужо два тыдні знаходзіцца ў Бабруйскай калёніі Андрэй Пратасеня, які быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня. Брат вязьня Аляксандар паведаміў, што Андрэй пакуль знаходзіцца ў карантыне і зьвестак ад яго няшмат. Аляксандар ведае, што ягоны брат падаў касацыйную скаргу на прысуд:

«Ён напісаў яе, адправіў, але пакуль адвакат ня ведае пра вынік. Пакуль дзень разгляду скаргі не прызначаны».

Паводле брата, Андрэй Пратасеня на здароўе ня скардзіцца.

У нядзелю ці ў панядзелак, 30 траўня, будзе этапіраваны з «Валадаркі» ў калёнію пад Івацэвічамі «Ваўчыныя норы» актывіст «Гавары праўду» Павал Вінаградаў. Бацька палітвязьня Юры Вінаградаў бачыўся з сынам дзень таму. Даведаўся, што ўмовы ў камэры, дзе трымаюць сына, зноў пагоршыліся:

«Тры дні таму зь ім сустракалася ягоная дзяўчына Сьвета, казала, што ў яго ўжо свой ложак у камэры. А ўчора я зь ім сустракаюся, пытаюся пра ложак, кажа: не, усё. Напярэдадні пасялілі новых людзей, зноў 23 чалавекі ў камэры, зноў перанаселенасьць, сьпякотна, жахліва».

Паўла Вінаградава асудзілі на 4 гады зьняволеньня. Падчас сьледзтва ён зусім не даваў паказаньняў і гэтаксама паводзіў сябе ў судзе. Сваёй віны актывіст не прызнаў цалкам і пасьля суду абскардзіў прысуд.

Актывістка «Маладога фронту» Наста Палажанка зноў не атрымала спатканьня са Зьмітром Дашкевічам, якога па-ранейшаму трымаюць на «Валадарцы». Вядома, што Зьміцер азнаёміўся з пратаколам судовага працэсу, але, каб адбыўся разгляд касацыйнай скаргі на прысуд, яшчэ трэба, каб з пратаколам таксама азнаёміўся Эдуард Лобаў, якога судзілі разам з Дашкевічам. Маладафронтаўцаў асудзілі за хуліганства, Дашкевіча — на 2 гады, Лобава — на 4 гады калёніі. Эдуарда месяц таму перавялі ў калёнію пад Івацэвічамі.

Маці палітвязьня Марына Лобава: «Як я была ў яго ў калёніі два тыдні таму, яму пратакол яшчэ не прывезьлі. А з таго часу ад яго няма лістоў».

Праваабаронца зь «Вясны» Наста Лойка распавяла пра цяперашніх арыштантаў менскай турмы на Акрэсьціна:

«Мікалай Дземідзенка яшчэ адбывае свой адміністрацыйны арышт, заўтра яго павінны вызваліць з Акрэсьціна, а 14:45. Таксама на Акрэсьціна знаходзіцца актывіст „Эўрапейскай Беларусі“ Максім Вінярскі. Астатнія актывісты „Эўрапейскай Беларусі“, якія былі арыштаваныя, ужо вызваліліся».