Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што паказалі суды над палітвязьнямі?


Завяршыліся суды па справе 19 сьнежня. Ці можна заўважыць нейкую заканамернасьць у прысудах? Чаму такі розны лёс у былых кандыдатаў у прэзыдэнты? Ці хутка будуць вызваленыя палітвязьні?

Удзельнікі: старшыня праўленьня Цэнтру прававой трансфармацыі Алена Танкачова і экспэрт праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч.

Якая лёгіка ў гэтых прысудах?


Валер Карбалевіч: «У чацьвер адбыўся апошні суд над фігурантамі справы 19 сьнежня. Ці можна прасачыць нейкую лёгіку ў прысудах? Першыя суды заканчваліся прысудамі на чатыры гады зьняволеньня. Потым сталі даваць па тры гады. Затым шэрагу падсьледных перакваліфікавалі абвінавачаньні на мякчэйшы артыкул. Некаторыя атрымалі пакараньне з адтэрміноўкай. І вось у фінале — самыя жорсткія прысуды: 6, 5 гадоў зьняволеньня. Якія тэндэнцыі тут можна заўважыць?».

Уладзімер Лабковіч: «Гэтыя працэсы і прысуды ня маюць нічога агульнага з правасудзьдзем. Суды выконвалі выключна палітычную ролю. Самыя вялікія прысуды атрымалі сябры камандаў Саньнікава і Статкевіча, сам Статкевіч у першую чаргу. Бо ўлады падчас прэзыдэнцкіх выбараў асабліва нэрвова рэагавалі на кампанію гэтых кандыдатаў. Магчыма, гэта пэрсанальная расправа».

Алена Танкачова: «Сапраўды, да права як такога гэтыя суды ня маюць ніякага дачыненьня. Ад самага пачатку ўлады зрабілі стратэгічную памылку, калі пачалі судзіць фігурантаў справы 19 сьнежня па артыкуле „арганізацыя масавых беспарадкаў“. А ўсе беларускія і замежныя незалежныя юрысты адзначаюць, што масавых беспарадкаў у Менску 19 сьнежня не было. Таму ўсе прысуды па гэтым артыкуле павінны быць перагледжаныя. Рана ці позна гэта адбудзецца».

Розны лёс кандыдатаў у прэзыдэнты


Карбалевіч: «Чаму такі розны лёс былых кандыдатаў у прэзыдэнты? Усе заклікалі ісьці на плошчу, прысутнічалі на плошчы. Але адных увогуле не судзілі, а Саньнікаў, Вус, Статкевіч атрымалі адпаведна 5, 5 з паловай і 6 гадоў зьняволеньня. Чаму?».

Лабковіч: «Тут дзейнічаюць розныя чыньнікі. Але найперш Лукашэнка рэагуе на пэрсанальныя выпады. Менавіта з вуснаў Саньнікава і Статкевіча гучалі такія выпады. Таму адносна іх дзейнічае пэрсанальная крыўда і помста. І падчас акцыі 19 сьнежня Саньнікаў і Статкевіч дзейнічалі найбольш актыўна».

Танкачова: «Пытаньне складанае найперш з маральнага гледзішча. У старой традыцыі дысыдэнцтва савецкіх часоў была ўстаноўка: не паддавацца на гэбэшныя правакацыі. Улады выкарыстоўваюць розьніцу ў судовых прысудах для сваёй гульні з апазыцыяй. Чым больш мы спрабуем разгадаць гэтую гульню, тым больш выйграюць яе арганізатары. Гэта чужая гульня, і я ў яе не гуляю».

Суды і крызіс


Карбалевіч: «Калі пачаліся судовыя працэсы, то крызіс быў яшчэ толькі на падыходзе. Цяпер ён цалкам ахапіў краіну. Як гэта ўплывае на суды над палітзьняволенымі? Або адно з другім аніяк не зьвязана?».

Танкачова: «Эканамічныя праблемы адцягнулі ўвагу грамадзтва ад судовых працэсаў. Пытаньне правоў і свабод, палітвязьняў адышло на другі плян у абмеркаваньнях грамадзян.
Улады з дапамогай прысудаў прыбіраюць з палітычнага поля вядомых палітыкаў, каб тыя не маглі каналізаваць незадаволеньне народа эканамічнымі праблемамі ў палітычныя задачы.

Зь іншага боку, улады з дапамогай прысудаў прыбіраюць з палітычнага поля вядомых палітыкаў, каб тыя не маглі каналізаваць незадаволеньне народа эканамічнымі праблемамі ў палітычныя задачы».

Лабковіч: «Так, сувязь ёсьць. Сапраўды, улада выключыла актыўных і радыкальных палітыкаў з рэальнай палітыкі. А цяпер улады будуць выкарыстоўваць палітвязьняў дзеля торгу, каб атрымаць крэдыты як з Захаду, так і з Усходу».

Ці хутка будуць вызваленыя палітвязьні?


Карбалевіч: «Сапраўды, днямі Лукашэнка казаў пра магчымасьць вызваленьня палітвязьняў. Які іх лёс, ці хутка яны вызваляцца?».

Танкачова: «Папярэдні досьвед торгу палітзьняволенымі сьведчыць, што ўсё можа паўтарыцца. І такія сыгналы ёсьць. Думаю, працэс вызваленьня будзе расьцягнуты на паўгода.

Палітыка прагматычнага торгу палітвязьнямі прывяла да таго, што ў выніку прэзыдэнцкіх выбараў мы атрымалі каля 50 палітвязьняў. Калі так пойдзе далей, то на наступных выбарах мы можам атрымаць і 100 палітзьняволеных. Таму ЭЗ цяпер вытрымлівае дакладную дыпляматычную і палітычную лінію: спачатку вызваленьне ўсіх палітзьняволеных, а потым размова пра ўсё астатняе. Мы лічым усіх асуджаных пра справе 19 сьнежня вязьнямі сумленьня».

Лабковіч: «Я б не вызначаў тэрміны вырашэньня гэтай праблемы. Галоўнае, каб усе людзі былі вызваленыя. Не павінна быць рознага стаўленьня да вызваленьня, напрыклад, Саньнікава ці Статкевіча і Федарэвіча ці Лобава».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG