Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новыя прысуды — працяг гандлю людзьмі»


Сёньня судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Людміла Грачова абвясьціла прысуды чарговай групе ўдзельнікаў падзей на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня: кандыдатам на прэзыдэнта Міколу Статкевічу і Дзьмітрыю Вусу — 6 і 5 з паловай гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна, Аляксандру Класкоўскаму — 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Арцёму Грыбкову — 4 гады пазбаўленьня волі, Аляксандру Квяткевічу — 3 з паловай гады пазбаўленьня волі, Дзьмітрыю Буланаву — 3 гады пазбаўленьня волі, Андрэю Пазьняку — 2 гады абмежаваньня волі.

Новыя прысуды былі вынесеныя пасьля заявы Аляксандра Лукашэнкі пра магчымае вызваленьне ўсіх палітвязьняў, каб яны «не транжырылі дзяржаўныя грошы ў турме» і не «праядалі хлеб».

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі і былы палітзьняволены ў справе падзеяў 19 сьнежня Анатоль Лябедзька новыя прысуды да розных тэрмінаў зьняволеньня назваў працягам палітычнага гандлю людзьмі:

«Зараз ідзе слаба прыкрыты гандаль людзьмі. Зразумела, калі б не „хвароба“ судзьдзі і калі б рашэньне выносілася, як і плянавалася напачатку, то Статкевіч, Вус і Класкоўскі атрымалі б блізка да максымальнай плянкі, якую прасіў пракурор. Зараз, пасьля гэтай заявы, палітычнае рашэньне пайшло на зьмякчэньне і крыху адрозьніваецца ад таго, што прасіў пракурор — гэта ідзе гульня. У кожным разе трэба падкрэсьліваць, што прысуды маюць выключна палітычны зьмест. І дзе гэтыя людзі будуць празь месяц, праз паўгода — зараз залежыць ад эканамічнай сытуацыі, ад салідарнасьці ўнутры краіны і ад цьвёрдасьці Брусэлю і Вашынгтону».

Той жа думкі — што працягваецца гандаль палітвязьнямі — трымаецца і асуджаны за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня, адзін заснавальнікаў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец:

«Самі па сабе гэтыя прысуды — суцэльнае беззаконьне. Калі іх разглядаць у кантэксьце заяваў Лукашэнкі пра тое, што пара адпускаць усіх палітвязьняў, то гэта вельмі нагадвае гандаль. Учора паведамілі, што гандаль пачынаецца, сёньня — выставілі цэтлікі на людзей, якімі гандлююць: гэтаму — 5,5 гадоў, гэтаму 6 і гэтак далей».

Юрыст і праваабаронца Ўладзімер Лабковіч называе новыя прысуды працягам палітычнай расправы над апанэнтамі цяперашняй улады:

«Мы атрымалі абсалютна стандартны прысуд палітычным вязьням у агульным кантэксьце палітычнай расправы, якую праводзіць сёньняшні рэжым.
Увогуле не паддаецца аніякаму аналізу тое, што адбылося са спадаром Вусам, бо прысуд яму проста абсалютна беспрынцыпны і не грунтуецца ні на чым.

Асабліва — увогуле не паддаецца аніякаму аналізу тое, што адбылося са спадаром Вусам, бо прысуд яму проста абсалютна беспрынцыпны і не грунтуецца ні на чым, хоць тое ж можна сказаць і пра ўсе прысуды. Таму пакуль што бачна, што дзяржаўная машына працягвае палітычныя рэпрэсіі, а далей будзе адбывацца палітычны гандаль, лінію на які вымушаны быў абвясьціць учора Аляксандар Лукашэнка».

Старшыня партыі Беларускага народнага фронту Аляксей Янукевіч заяўляе, што новыя прысуды не адмяняюць заявы Лукашэнкі аб вызваленьні палітвязьняў:

«Сёньняшнія прысуды, якія, безумоўна, абуральныя і працягваюць лінію вельмі жорсткіх палітычных рэпрэсій супраць апазыцыі і кандыдатаў на прэзыдэнта, — на маю думку, гэтыя прысуды не абавязкова сьведчаць пра тое, што ўчорашнія заявы былі пустымі словамі. Відавочна, што калі давядзецца выпускаць палітычных вязьняў, то імідж — тое, як будзе выглядаць сёньняшняя ўлада — вельмі турбуе Лукашэнку, і ён не хацеў бы, каб выглядала, што ён ідзе на саступкі і выяўляе слабасьць. І ў гэтым кантэксьце я лічу, што сёньня варта было чакаць таго, што прысуды застануцца высокімі і жорсткімі. Ну, а пазьней будуць вызваляць гэтых людзей, але яны ўжо будуць асуджанымі. Тут відавочная розьніца — адна справа, калі чалавек не пакараны і не прызнаны судом вінаватым, а іншая — калі ў дачыненьні да яго ўжываецца нейкая асаблівая ласка і ён вызваляецца».

Чарговыя прысуды палітычным лідэрам і ўдзельнікам Плошчы на тле заяваў Аляксандра Лукашэнкі камэнтуе яшчэ адзін удзельнік прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, былы палітвязень, асуджаны за ўдзел у падзеях 19 сьнежня, Сяргей Вазьняк:

«Зразумела, што гэтыя судовыя рашэньні ня маюць ніякага дачыненьня да правасудзьдзя.
Нікуды ён ня дзенецца — будуць людзі памілаваныя, вызваленыя.

У прававой дзяржаве такога ня можа быць. Бо ўсе кандыдаты на прэзыдэнта і ўсе давераныя асобы — мы ўсе аднолькава рабілі адну і тую ж справу: мы клікалі людзей на Кастрычніцкую плошчу. Але нехта вырашыў, што групу Саньнікава-Статкевіча трэба вельмі жорстка пакараць па артыкуле „масавыя беспарадкі“, паводле якога прысуджаецца пяць і больш гадоў. Групу Рымашэўскага і Някляева — больш мякка, і нам далі артыкул № 342 — „грубае парушэньне грамадзкага парадку“. А групу Кастусёва і Раманчука — не караць ніяк, хоць яны таксама клікалі людзей на плошчу. У прававой дзяржаве такога быць ня можа — альбо ніхто не вінаваты, альбо вінаватыя ўсе. Зразумела, што гэта палітычныя рашэньні. Калі ўсё гэта ўвязаць з заявамі Лукашэнкі ў Астане, што, маўляў, выпусьці і гэтак далей, то, канечне, выпусьцяць. Выпусьцяць незалежна ад таго, хто якія тэрміны атрымаў, і бліжэйшым часам усе будуць на свабодзе. Пра гэта кажа палітычная сытуацыя, а таксама акцыі салідарнасьці ў Беларусі і за яе межамі. Нікуды ён ня дзенецца — будуць людзі памілаваныя, вызваленыя. А ў будучыні — рэабілітаваныя, незалежна ад артыкулу і тэрміну».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG