Палітвязьня Паўла Вінаградава адправяць у «Ваўчыныя норы»

Палітвязьню Паўлу Вінаградаву вызначылі калёнію для адбыцьця пакараньня, але пакуль трымаюць на «Валадарцы». Прысуд былым кандыдатам на прэзыдэнта Мікалаю Статкевічу, Дзьмітрыю Вусу й яшчэ пяці ўдзельнікам падзей 19 сьнежня абвесьцяць 26 траўня. Палітвязень Дзьмітры Новік у Шклоўскай калёніі шые абутак. Маці абвінавачанага Дзьмітрыя Буланава, якому пагражае 4 гады зьняволеньня, ганарыцца сынам.

Сваякі ўсіх палітвязьняў, каму ўдалося дазваніцца ўвечары 25 траўня, ведалі пра заяву Аляксандра Лукашэнкі, што ён не выключае вызваленьня палітвязьняў. Рэакцыя на заяву была стрыманая: мае суразмоўцы хацелі б верыць у лепшае, але ўсе не выключалі і падману з боку аўтара заявы.

Жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч гэтак пракамэнтавала заяву Аляксандра Лукашэнкі:

«Мяркую, гэта проста сыгнал пра гатоўнасьць пачынаць гандаль, але, канечне, надзея памірае апошняй і я спадзяюся на лепшае».

26 траўня ў Ленінскім судзе прагучаць прысуды былым кандыдатам на прэзыдэнта Мікалаю Статкевічу і Дзьмітрыю Вусу, а таксама ўдзельнікам Плошчы Аляксандру Класкоўскаму, Аляксандру Квяткевічу, Арцёму Грыбкову, Андрэю Пазьняку і Дзьмітрыю Буланаву.

Маці Буланава Клаўдзія Якаўлеўна паведаміла «Свабодзе», што атрымала ад сына ліст. Вось што Дзьмітры паведаміў адносна прычыны, з-за якой абвяшчэньне прысуду 20 траўня адклалі.

«Напісаў, што калі іх ужо прывезьлі ў суд, там сказалі, што ў судзьдзі падняўся ціск, і таму адклалі».
Калі іх ужо прывезьлі ў суд, там сказалі, што ў судзьдзі падняўся ціск.

Таксама Буланаў паведаміў, што ўжо пагаліў галаву і «рыхтуецца да этапу». Клаўдзія Якаўлеўна Буланава кажа, што ганарыцца сынам, бо ён не скарыўся, не падпісаў ніводнай паперы, якія ад яго патрабавалі.

Пракурор папрасіў для Буланава, Квяткевіча, Грыбкова і Пазьняка па 4 гады зьняволеньня, для Статкевіча — 8, для Вуса — 7, для былога міліцыянта Класкоўскага 8,5 году турмы.

24 траўня Сьвятлана Гарохавік, дзяўчына асуджанага на 4 гады актывіста «Гавары праўду» Паўла Вінаградава, бачылася зь ім у ізалятары на вуліцы Валадарскага. Сьвятлана паведаміла, што паводле зьвестак Паўла, яму ўжо прызначылі калёнію — «Ваўчыныя норы» пад Івацэвічамі.

«Яшчэ сказаў, што ў жодзінскі ізалятар зьбіраліся адпраўляць усіх палітычных і ня толькі, бо на „Валадарцы“ месцаў не хапае, камэры перанаселеныя.
На „Валадарцы“ месцаў не хапае, камэры перанаселеныя.

У панядзелак сабралі рэчы, пачалі выходзіць з камэр, а потым вярнулі назад палітычных. А астатніх паступова пераводзяць».

За некалькі месяцаў знаходжаньня на «Валадарцы» Павал Вінаградаў нарэшце атрымаў у камэры спальнае месца.

Маці асуджанага за падзеі 19 сьнежня Дзьмітрыя Новіка Натальля Міхайлаўна мела кароткае спатканьне з сынам у шклоўскай калёніі: «Сын на ўмовы ўтрыманьня і на стаўленьне да сябе адміністрацыі ня скардзіцца, яму далі працу — шые абутак». Адносна заявы Лукашэнкі пра магчымае вызваленьне палітвязьняў Натальля Новік сказала:

«Так хочацца, каб ён хутчэй выйшаў, каб усё выйшлі. За што яны, гаротныя, столькі сядзелі, за што іх столькі прыніжалі?!»