Віталь Рымашэўскі: Абраць шлях жыцьця



Апошняе слова Віталя Рымашэўскага

Your browser doesn’t support HTML5

Апошняе слова Віталя Рымашэўскага



Я дзякую суду за магчымасьць сказаць апошняе слова, але спадзяюся, што апошнім яно будзе толькі ў гэтым працэсе, і я яшчэ здолею ў гэтым горадзе, у гэтым сьвеце і ў гэтым жыцьці выказаць сваю думку.

Перадусім зьвяртаю ўвагу на матэрыялы справы, на прагледжаныя тут відэаматэрыялы. Сьледчы не далучыў відэаматэрыялы з Плошчы Незалежнасьці, бо мяне зь Севярынцам не абвінавачвалі ў гэтым эпізодзе, а толькі ў закліку ісьці на Кастрычніцкую плошчу і выхадзе на праезную частку. Але суд глядзеў матэрыялы з плошчы Незалежнасьці на іншых судах. Тады чаму мне перакваліфікавалі справу? Я не бачу прычынаў.

Мне сорамна за нашу судовую сыстэму. Сорамна і агідна ад яе. Прашу прабачэньня ў судзьдзі і пракурора, калі я іх асабіста пакрыўдзіў. Але прабачце, мне вельмі цяжка аддзяліць пагардуда той судовай сыстэмы, якая ў нас ёсьць, ад стаўленьня да чалавека, які вымушаны ў ёй працаваць і вымушаны рабіць тое, што ён робіць.

Праглядзеўшы ўсе відэаматэрыялы, азнаёміўшыся з судовай справай,хачу некалькі істотных момантаў адзначыць.

Мне сорамна за нашу судовую сыстэму. Сорамна і агідна ад яе. Прашу прабачэньня ў судзьдзі і пракурора, калі я іх асабіста пакрыўдзіў. Але прабачце, мне вельмі цяжка аддзяліць пагардуда той судовай сыстэмы, якая ў нас ёсьць, ад стаўленьня да чалавека, які вымушаны ў ёй працаваць і вымушаны рабіць тое, што ён робіць

Першае. Нават у прагледжаных відэаматэрыялах мы мелі магчымасьць назіраць галаву калёны, якая рухалася па праспэкце Незалежнасьці. І ў гэтых відэаматэрыялах не было ані мяне на чале калёны, ані іншых людзей, якім сёньня інкрымінуецца, што мы ўзначальвалі рух калёны. Хаця ў абвінавачаньня гэта засталося па-ранейшаму. Таксама хачу заўважыць, што абвінавачваньне праігнаравала сьведчаньні шматлікіх сьведак з боку абароны, якія казалі, што мы рабілі ўсё магчымае для забесьпячэньня грамадзкага парадку.

Наадварот, абвінавачаньне спасылаецца на маю размову з Карзюком. Яшчэ раз прашу зьвярнуць увагу, што я там казаў, гэта відаць на матэрыялах. Я прасіў Карзюка забясьпечыць ня толькі бясьпечны рух людзей, але і рух транспарту. А вось спадар Карзюк, які загадаў выставіць ачапленьне, як раз перакрыў увесь праспэкт. Перакананы, што дэманстранты маглі абысьціся часткай праезднай часткі.

Сьледзтва доўга шукала людзей, якія быццам бы арганізоўвалі людзей выйсьці на праезную частку. Ёсьць чалавек, які сам пра сябе сьведчыў, што ішоў на чале калёны і перакрываў рух транспарту - гэта Д.М. Карзюк. Ён даваў загадзя хлусьлівыя паказаньні, бо толькі ён сьведчыць, што мы ішлі на чале калёны. Ён ня толькі даў хлусьлівыя паказаньні, але і не зьявіўся ў суд. Магчыма, ён зараз па-за межамі Беларусі якраз і атрымлівае зараз ад заходніх спонсараў ганарар за арганізацыю Плошчы. Прашу прыцягнуць яго да адказнасьці і устанавіць яго месца знаходжаньня.

Пра абставіны затрыманьня. Мяне вялі так, што я ўвогуле ня ведаў, дзе я знаходзіўся. Мяне завялі, паклалі тварам на стол. Я сказаў, калі я ў СІЗА КДБ, гэта для мяне гонар, бо ў 30-я гады там сядзела і было закатавана вельмі шмат годных беларусаў, якіх я ня варты ні на кропку.
Я меў гонар далучыцца хаця б да тых умоваў, у якіх трымалі іх.

Я ня ведаю, што горш: пазбавіць жыцьця, ці забіць у чалавека веру ў правасудзьдзе, веру ў чалавека, у праўду. Калісьці гэтая вера будзе вернутая

Я спачуваю судзьдзі і пракурору, бо вельмі б не хацеў знаходзіцца на вашым месцы. Я ганаруся, што знаходжуся на лаве падсудных зь вядомым паэтам і іншымі годнымі людзьмі. А вы маеце няшчасьце іх судзіць. Я асабіста разумею, у якіх абставінах вы знаходзіцеся, і я асабіста дарую любы прысуд. Але ведайце, што несправядлівы суд адзін з самых цяжкіх грахоў на гэтым сьвеце.

Я ня ведаю, што горш: пазбавіць жыцьця, ці забіць у чалавека веру ў правасудзьдзе, веру ў чалавека, у праўду. Калісьці гэтая вера будзе вернутая.

Я меў гонар запрашаць людзей на Плошчу.

Наіўныя вы, наіўны чалавек, які думае, што на Плошчу прывялі людзей чыйсьці заклікі, іх прывяла туды прага да праўды. Яны выйшлі туды за нашу і вашу свабоду, спадар судзьдзя і спадар пракурор, свабоду для усіх людзей ў гэтай краіне. Выйшлі, каб змагацца са страхам, хлусьнёй і беззаконьнем.

Так, туды прыйшлі розныя людзі. Я дапускаю, што нехта быў у стане алькагольнага апьяненьня. Мы ня ведаем, ці гэта былі простыя дэманстранты, ці хтосьці прыйшоў туды на працу, каб выканаць загады.

Жорсткія прысуды накіраваныя на тое, каб людзі больш не прыйшлі на Плошчу. Але яны ўсё адно будуць выходзіць на Плошчу і пакуль у нашай краіне пануе страх і беззаконьне, і пасьля, ужо тады, калі ў нашай краіне будуць свабодныя і справядлівыя выбары, яны ўсё адно будуць выходзіць на Плошчу, у памяць пра гэтыя жорсткія разгоны і ахвяры ў змаганьні за праўду.
Яны будуць выходзіць на Плошчу да тых часоў, пакуль выбары ня стануць свабоднымі.
За нашу і вашу свабоду змагаемся мы і змагаліся тыя людзі, якія выйшлі на Плошчу 19 сьнежня. І пра гэта кажа гісторыя.

Засьценкі КДБ у 1936, 1937, 1938 памятаюць ня толькі тых нявінных людзей, якіх расстрэльвалі, але і тых энкавэдзістаў, якія расстрэльвалі раней, а пасьля іншыя расстралялі іх саміх.

Я адчуваю сваю віну за тое, што зараз у калёніі ўзмоцненага рэжыму будуць сядзець маладыя хлопцы, я буду змагацца за іх вызваленьне.

Іх тэрміны -- гэта таксама і мае тэрміны

Я думаю, нам трэба вывучыць гэтую гісторыю і ніколі яе не паўтараць. Я чуў ад маіх калег, што трэба ствараць міты пра Плошчу. Ня трэба ствараць міты пра Плошчу. Беларусы вартыя таго,каб ведаць праўду пра Плошчу. Ім ёсьць чым ганарыцца і няма чаго хаваць.

Мне просяць умоўнае пакараньне, але выйшаўшы з засьценкаў СІЗА, я адчуў на сабе, што такое ўмоўнае пакараньне. Ня будзе свабоды ні для мяне, ні для маёй сям'і, пакуль ня будзе свабоды ў краіне.

Я адчуваю сваю віну за тое, што зараз у калёніі ўзмоцненага рэжыму будуць сядзець маладыя хлопцы, я буду змагацца за іх вызваленьне.

Іх тэрміны -- гэта таксама і мае тэрміны. Ні лічу пакараньне справядлівым і буду рабіць усё магчымае, калі, канечне, застануся на свабодзе, каб гэтыя людзі выйшлі з-за кратаў. Таму што гэта патрэбна для свабоды. Варта вызваліцца ад ўлады хлусьні і страху. Бо той хто пужае, як вядома, сам найбольш і баіцца.

Калі 19-га сьнежня мы ішлі на Плошчу, прыйшла інфармацыя, што зьбіты ці забіты Някляеў. І мяне запыталіся журналісты, што мы будзем рабіць далей. І я адказаў, што калі мы сёньня спужаемся шумавых гранатаў, заўтра нас будуць страляць з рэвальвэраў.

Я дзякую тым, хто не спужаліся, тым сотням тысяч веруючых, якія зараз моляцца па ўсёй Беларусі за ўсіх зьняволеных, я хацеў бы хоць колькі быць годным гэтых малітваў.

Улада сама ня верыць у афіцыйныя лічбы выбараў.

Беларусы толькі тады змогуць жыць шчасьліва, калі мы адмовімся ад усялякіх ідалаў, у якіх мы верым, якім мы самі сабе ствараем

Свабодныя і справядлівыя выбары - гэта вельмі важна. Выбары сапраўды ў нас былі сфальсыфікаваныя, пра гэта сьведчаць і шматлікія вынікі назіраньняў, і вынікі незалежных дасьледаваньняў. Але гэта не адзінае, што патрэбна. На свабодных выбарах у Нямеччыне быў абраны Гітлер. Трэба, каб беларускае грамадзтва выбрала тыя каштоўнасьці, якія змаглі б прывесьці да свабоды.

Я не лічу сябе больш годным ці вартым за іншых ,у тым ліку за спадарыню судзьдзю і пракурора. Дзьверы цэркваў адчыненыя, і судзьдзя, пакаяўшыся за свае ўчынкі, перакананы, што зможа стаць у будучыні кіраўніком аргкамітэту БХД, як і кожны чалавек, і можа быць больш годным за мяне.

Беларусы толькі тады змогуць жыць шчасьліва, калі мы адмовімся ад усялякіх ідалаў, у якіх мы верым, якім мы самі сабе ствараем.

Несумяшчальнае ўшанаваньне забітых у Курапатах з помнікамі Дзяржынскаму, Леніну, якія стаяць на нашых вуліцах.

Ідзе сутнасная барацьба за каштоўнасьці.

У Бібліі ёсьць два шляхі: шлях сьмерці і шлях жыцьця. Я заклікаю ўсіх тут прысутных, па абодва бакі лаваў падсудных добра падумаць, які шлях выбраць. Наша краіна Беларусі павінна ўшанаваць сваіх пакутнікаў і абраць шлях жыцьця.