Уладзімер Халіп: «Разам з Ірынай дадому пераехала турма»

Чатырох абвінавачаных паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня ў Менску на розных умовах выпусьцілі з турмы. Цягам мінулай пятніцы і суботы з «амэрыканкі» выйшлі Натальля Радзіна, Ірына Халіп, Сяргей Вазьняк і Ўладзімер Някляеў. Як яны адаптуюцца да новых умоваў?

Уладзімер Халіп
Журналістку Ірыну Халіп супрацоўнікі спэцслужбаў даставілі дадому суботнім вечарам. Ад гэтага моманту яна ўвесь свой час прысьвячае 3-гадоваму Даніку. Акрамя сына, ёй дазволена кантактаваць толькі з бацькамі. За выкананьнем гэтай умовы пільна сочаць двое КДБістаў, якія круглыя суткі дзяжураць у кватэры. «Турма пераехала да нас дадому» — гэтак пракамэнтаваў хатні арышт дачкі бацька Іры Ўладзімер Халіп:

«Амаль два месяцы яна ня бачыла свайго сына, і зараз яна займаецца толькі ім, кожную хвіліну. Побач зь ёй два чалавекі, якія адсочваюць кожны яе крок: нельга падыходзіць да вокнаў, нельга падыходзіць да тэлефона. Яны праверылі, ці ёсьць у нас радыёкропка нават, ці можна з вакна куды пералезьці — на дах ці яшчэ куды — і гэта агледзелі. І ключы ад дзьвярэй нашай хаты — у іх, а ня ў нас. І мы, пры ўваходзе-выхадзе, павінны прасіць у іх дазволу. Мы таксама павінны з пашпартамі хадзіць, бо зьмены мяняюцца і нас могуць ня ведаць. Так што гэта — звычайная рэжымная турэмная камэра — разам з Ірынай прыйшла турма».

На аналягічных умовах — поўнага выключэньня ўсіх кантактаў са зьнешнім сьветам — зьмешчаны пад хатні арышт і кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў. Жонка Вольга кажа, што яна — адзіная, хто ліквідуе інфармацыйны вакуўм, у якім пісьменьнік і палітык заставаўся падчас усяго тэрміну турэмнага зьняволеньня. Абмежаваньне ў кантактах Уладзімер Някляеў кампэнсуе яшчэ і тым, што піша, кажа Вольга Някляева:

Вольга Някляева
«Ён зусім нічога ня ведаў, і я за гэтыя дні толькі ўвесь час яму распавядаю, што было і як, бо яны проста ў вакуўме былі інфармацыйным. Ад мяне яму ніводнага ліста не было, бо я там апісвала падзеі, а даходзяць тыя лісты, дзе нічога няма, бо там цэнзар сядзіць. Той ліст, які Ўладзімер Пракопавіч даслаў, ён двойчы перапісваў. Першую ноч ён паспаў і зараз стаў спакайнейшы, бо прыехаў вельмі ўзбуджаны і нэрвовы. А калі я дзесьці чымсьці занятая, то ён піша, але што — ня ведаю».

Яшчэ аднаго абвінавачанага вызвалілі з «амэрыканкі» пад падпіску аб нявыезьдзе: гэта актывіст кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазьняк. Гэтымі днямі ён актыўна кантактуе з сваякамі, паплечнікамі і сябрамі, бо абмежаваны ў сваіх дзеяньнях толькі трыма ўмовамі:

Сяргей Вазьняк
«Тры абмежаваньні ў мяне: падпіска аб нявыезьдзе, аб належных паводзінах і аб неразгалошваньні зьместу крымінальнай справы. Ведаеце, у турме часу багата, і была магчымасьць паразважаць. Я для сябе вызначыў такую формулу, што трэба цаніць свабоду, сяброў, быць дабрэйшым. І я гэтымі днямі сустракаюся зь сябрамі, дзякую ўсім за падтрымку. Нават напярэдадні арышту я паспрачаўся з адным чалавекам, дык я зь ім адмыслова сустрэўся, папрасіў у яго прабачэньня, і мы па-сяброўску абняліся. Я думаю, што я павінен падзякаваць КДБ, бо я выйшаў з турмы 29 студзеня нашмат лепшым чалавекам, чым трапіў туды 20 сьнежня».

Журналістка Натальля Радзіна ад вечара нядзелі павінна знаходзіцца ў бацькоўскім доме ў Кобрыне — гэта адна з умоваў яе вызваленьня з «амэрыканкі». Яна таксама павінна заставацца пад сталым наглядам участковага міліцыянта. Гэтыя ўмовы Натальля называе хоць і значна лепшымі, чым у Ірыны Халіп і Ўладзімера Някляева, але не свабодай:

Натальля Радзіна
«Сёньня я спрабавала хоць крыху адпачыць, бо было гэтулькі сустрэч зь сябрамі, калегамі, прыходзіла шмат сваякоў, многія людзі зьбіраюцца прыяжджаць сюды мяне адведваць. Але зараз я ўжо вяртаюся ў вашыя журналісцкія шэрагі. Мяне турбуе толькі лёс астатніх палітвязьняў, якія зараз знаходзяцца за кратамі. Мне вельмі хочацца, каб яны былі на свабодзе, а не пад хатнім арыштам, як Ірына Халіп і Ўладзімер Някляеў, бо гэта не свабода. Альбо як я — бяз пашпарту і ў фактычнай ссылцы. Хочацца, каб гэтыя абсурдныя абвінавачаньні былі зьнятыя з усіх непавінных людзей і мы ўсе былі на свабодзе».

На розных умовах вызваленыя з турмы яшчэ некалькі абвінавачаных паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 сьнежня. Аднаго зь іх, лідэра моладзевага крыла АГП Алега Корбана, супрацоўнікі КДБ затрымалі паўторна.